Настойчивым ты можешь быть…

Асноўная задача старшага следчага райаддзела ўнутраных спраў Сяргея Шуха – барацьба са злачыннасцю, поўнае і якаснае расследаванне крымінальных спраў, выяўленне асоб, што ўчынілі злачынства, збор доказаў і да т.п. Чытайце інтэрв’ю з ім.
— Сяргей Віктаравіч, з якімі цяжкасцямі вы сутыкаецеся, калі расследуеце крымінальную справу?
— Цяжкасці фактычна не ўзнікаюць. Бываюць аб’ектыўныя, але яны заўжды пераадольваюцца.
— Ці былі ў вашай практыцы крымінальныя справы, якія асабліва зацікавілі вас?
— За 5 гадоў сваёй работы мне даводзілася расследаваць рэдкія крымінальныя справы, якія патрабуюць асобага падыходу. Гэта справы па факту гандлю людзьмі, махлярства ў адносінах замежных грамадзян з Туніса. Людзі з гэтай краіны выступалі ў ролі пацярпелых. У ходзе расследавання высветлілася, што на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь яны знаходзіліся нелегальна. Прыбылі ў нашу краіну ў якасці турыстаў. Іх падманулі – за пэўную плату паабяцалі правесці ў краіны Заходняй Еўропы. Грошы ўзялі, а “турыстаў” пакінулі тут, у Маларыце, на перакрыжаванні дарог. Тады ў нас з Тунісам не было прававых адносін, іншаземцаў дэпарціравалі на іх радзіму. А мне давялося рыхтаваць даручэнне аб прававой дапамозе. Як толькі быў атрыманы адказ з Туніса з допытамі пацярпелых, вінаватага знайшлі і прыцягнулі да крымінальнай адказнасці.
— Якія справы лягчэй і хутчэй за ўсё расследуюцца?
— Лягчэй за ўсё расследаваць такія злачынствы, як ухіленне асоб ад адбыцця назначанага судом пакарання ў выглядзе папраўчых работ і абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Растлумачваецца гэта тым, што склад злачынства ўтвараецца з парушэнняў, учыненых самой жа асуджанай асобай.
— А з якімі крымінальнымі справамі вам даводзілася часцей за ўсё працаваць?
— Сустракаліся розныя. Напрыклад, неяк мне давялося расследаваць дачу хабару. Падазраваемы – асоба нярускай нацыянальнасці. Яго інтарэсы прадстаўляў мінскі адвакат. Абвінавачваннем у якасці рэчавага доказу віны падсуднага былі прадстаўлены аўдыёзапісы. Дык вось, гэты адвакат настойваў на тым, што аўдыёзапіс зманціраваны. Сапраўднасць спрэчных аўдыёзапісаў не выклікала ніякіх сумненняў дзякуючы акцэнту падазраваемага, яго голасу, запісанага на плёнку. Віну падсуднага даказалі, яго асудзілі. Асноўная частка злачынстваў – крадзяжы.
— Напэўна, у вас ёсць нейкі свой уласны падыход да раскрыцця спраў?
— Так. Любы матэрыял раскладаю і вывучаю пункт за пунктам.
— У вас юрыдычная адукацыя?
— Пасля праходжання тэрміновай службы ў пагранічных войсках вырашыў стаць супрацоўнікам унутраных спраў. У 2000 годзе паступіў у Мінскую спецыяльную сярэднюю школу міліцыі, на базе якой быў адкрыты вышэйшы юрыдычны каледж. Так склаліся абставіны, што ў 2003 годзе перавёўся ў акадэмію МУС на следча-экспертны факультэт. Закончыў яе ў 2004 годзе і маю юрыдычную адукацыю.
— Вы маларытчанін?
— Нарадзіўся я на Віцебшчыне. Бацькі – ваеннаслужачыя. Былі пераведзены ў Маларыту для далейшага праходжання службы.
— Ці ёсць у вас хобі?
— Люблю спорт і рыбалку.
— І пра кар’еру… Ці працавалі следчым да Маларыцкага РАУС?
— Не. Пасля заканчэння вучобы быў накіраваны на службу ў Маларыцкі РАУС і першыя паўгода працаваў оперупаўнаважаным групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Потым мяне перавялі ў групу дазнання папярэдняга расследавання. Маім настаўнікам тады стаў Эдуард Васільевіч Паўлаў, які працаваў у той час старшым дазнавальнікам. Гэты чалавек і навучыў мяне працаваць. У 2005 г. мяне назначылі на пасаду следчага, а з 2007 г. – я старшы следчы.
— Сяргей Віктаравіч, на ваш погляд, ці толькі ад работы праваахоўных органаў залежыць узровень злачыннасці?
— Не толькі. Часта злачынствы ўчыняюцца па прычыне таго, што пацярпелыя не забяспечваюць захаванне сваёй маёмасці.
— Уявіце сітуацыю: у школе з’явіўся новы прадмет – права, што выкладаецца на даступнай для дзяцей мове. Ваша меркаванне? Наколькі важна прававое выхаванне, адукацыя ў падлеткавым асяродку?
— Гэта добра. Такая адукацыя не перашкодзіць. Грань паміж злачынствамі розных кваліфікацый падчас ледзь распазнавальная. І не толькі падлеткі, але і многія дарослыя не бачаць адрозненняў.
— Самая моцная рыса вашага характару?
— Настойлівасць. Якой бы складанай ні была крымінальная справа, яе трэба расследаваць.
З моманту работы Сяргея Віктаравіча ў следчай службе ў суд накіравана 140 крымінальных спраў. Цяпер у вытворчасці налічваецца 11 спраў, 6 з якіх расследуе Сяргей Шух. Сярод іх — 2 дарожна-транспартныя аварыі, у якіх адзін пацярпелы, веласіпедыст, загінуў. Другі, таксама веласіпедыст, пэўны час знаходзіўся ў рэанімацыйным аддзяленні бальніцы і памёр. Дзве аварыі былі ўчынены на аўтадарозе ля в. Замшаны. Сёлета, адзначыў Сяргей Віктаравіч, 47- і 48-мы кіламетры аўтадарогі Брэст-граніца Украіны (Олтуш) найбольш аварыйныя.
Таму настойлівасць Сяргею Шуху яшчэ спатрэбіцца.
Хрысціна АЛЕСІК.
НА ЗДЫМКУ: старшы следчы Маларыцкага РАУС Сяргей ШУХ.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.