Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся

Напярэдадні прафесійнага свята — Дня работнікаў лесу – Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі ўзнагароджаны Сяргей Луцык, вадзіцель на вывазцы лесу Маларыцкага лясгаса, Грамату Міністэрства атрымаў Андрэй Кардзялюк, трактарыст па падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу. Нагрудным знакам Міністэрства лясной гаспадаркі “10 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь” узнагароджаны леснікі Віктар Міхальчук і Вячаслаў Ярмашук. Нагрудныя знакі “20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь” атрымалі ляснік Анатоль Бялько і памочнік ляснічага Вера Сушый. Граматамі Брэсцкага ДзВЛГА адзначаны памочнік ляснічага Іван Пракапук, начальнік вытворчага аддзела Анатоль Клебановіч і ляснік Мікалай Мішчук. Пісьмамі падзякі Маларыцкага райвыканкама ўзнагароджаны вальшчык лесу Андрэй Федарук, ляснік Уладзімір Дамброўскі і трактарыст Мікалай Качанка. Граматамі Маларыцкага лясгаса ўзнагароджаны 24 работнікі прадпрыемства, граматамі прафсаюзнага камітэта – 10… У ліку тых, хто сёлета адзначаны за добрасумленную працу, вялікі асабісты ўклад у выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця галіны, — і Анатоль Абрамчук, ляснік Хаціслаўскага лясніцтва.
– Да пахвалы не імкнуся, проста добрасумленна працую, – заўважае Анатоль Аляксеевіч на маё віншаванне з Пісьмовай падзякай ад Міністра лясной гаспадаркі. – Вядома, любую ўзнагароду заўсёды прыемна атрымліваць. Але за ёю стаіць нялёгкая штодзённая праца. Перакананы, што ляснік — галоўны гаспадар у лесе. Гэта ад яго клопату залежыць, ці вырасце з маленькага кволага гадаванца магутнае дрэва, ці абміне бокам лясныя ўгоддзі браканьер або бязлітасны агонь у засушлівыя і гарачыя летнія дні.
У абходзе Анатоля Абрамчука 694 гектары зямель, пакрытых лесам. І ў кожнай яго частцы штодзень трэба пабываць. Анатоль Аляксеевіч інакш не можа: карціць. І калі ў нейкім месцы па пэўных прычынах не пабывае за дзень, трывожыцца. Лес – жывы арганізм і патрабуе пастаяннага клопату, догляду. Неабходна на свае вочы ўпэўніцца, што ў ім усюды парадак. Сваю лясную гаспадарку Анатоль Абрамчук ведае так, як і ўласную. Таму і турбуецца за яе.
— Тэрыторыю абходу штодзень аб’язджаю на матацыкле, — гаворыць Анатоль Абрамчук. – Кожны куток лесу цяпер, здаецца, ведаю, як свае пяць пальцаў.
Анатоль Аляксеевіч “праблемныя” месцы лесу навучыўся вызначаць не адразу. Такое ўнутранае адчуванне паступова набывалася на працягу 15 гадоў. Спрыяла гэтаму і тое, што ён працуе там, дзе прайшло маленства. Калі пункцірна вызначаць жыццёвы шлях Анатоля Абрамчука, то ён будзе выглядаць так: в. Лазіца – Олтушская СШ – Пружанскі саўгас-тэхнікум – служба ў арміі — Маларыцкая райаграпрамтэхніка – калгас “Перамога” — Олтушскае лясніцтва – Хаціслаўскае лясніцтва.
— Упэўнены, што Хаціслаўскае лясніцтва – апошняе месца маёй працы. Служыць лесу буду яшчэ не адзін год (усміхаецца). Гэта маё. Чым больш часу працую, тым больш пераконваюся ў гэтым.
— Анатоль Аляксеевіч, напэўна, няма такіх мясцін лесу, якія б вы не ведалі? Дзе грыбныя, ягадныя, дзе арэхавыя — для вас сакрэтаў цяпер не існуе?
— Напэўна, так. Нейкую частку свайго абходу я добра вывучыў яшчэ ў дзяцінстве, ведаў, дзе растуць елкі-прыгажуні, магутныя дубы, дзе можна поўныя кошыкі назбіраць белых грыбоў, падбярозавікаў, падасінавікаў, махавікоў, маслякоў, а таксама хутка набраць слоік чарніц, суніц, журавін, брусніц. Хаціслаўскае лясніцтва на такія мясціны багата… Астатнюю тэрыторыю абходу стаў “асвойваць” паступова тады, як уладкаваўся на працу лесніком.
— Ці праўда, што ў вашым абходзе ёсць абсталяванае месца для адпачынку?
— Ёсць, яно знаходзіцца ў 38-м квартале. Пра яго многія ведаюць. Гэта маляўнічая мясціна. Месца абсталявана для таго, каб людзі змаглі адпачыць, палюбавацца чароўным наваколлем. Там лёгка думаецца, а вясной вока радуе безліч першых кветак…
* * *
— Анатоль Абрамчук – выдатны спецыяліст, у любой справе надзейны памочнік, — кажа Наталля Касянюк, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Маларыцкага лясгаса. – Ён — адказны, тактоўны, добрасумленны чалавек, сапраўдны гаспадар лесу. На такіх людзях і трымаецца наша прадпрыемства.
— Анатоль Аляксеевіч – наш гонар, майстар сваёй справы, — гаворыць Аляксандр Зелянко, дырэктар Маларыцкага лясгаса. – Хочацца яго, а таксама ўсіх цяперашніх работнікаў прадпрыемства і ветэранаў працы шчыра павіншаваць з прафесійным святам. Прыміце сардэчную падзяку, калегі, за нялёгкую і адказную працу, якую вы выконваеце, не зважаючы на любое надвор’е. Упэўнены, што ваша дзейнасць, накіраваная на захаванне і памнажэнне лясных багаццяў роднага краю, дазволіць і надалей вырашаць любыя задачы, якія стаяць перад лясной гаспадаркай раёна.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Анатоль Абрамчук, ляснік Хаціслаўскага лясніцтва.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 19.09.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


farkopi.com

contact us www.viagraon.com

http://www.best-cooler.reviews/