Прощай, кормительница?

Калі чую слова “вёска”, адразу ўяўляю доўгую, з зялёнымі бярозкамі і таполямі ўздоўж двух бакоў, вулачку,  драўляныя  веснічкі, за якімі сцежка, што вядзе да невялікага, у два пакоі, доміка з акенцамі ў сад, хлеўчык, дзе кудахча, рохкае і мыкае розная жыўнасць, і пах сырадою. Гэта было ў далёкім дзяцінстве, калі зрэдку прыязджала ў госці да дзядулі… Тады ў вёсцы нават не ўяўляў ніхто  жыцця без «рагулі». Пакуль яшчэ, дзякуй Богу, нельга сказаць,  што карова ў вёсцы – гэта рэдкасць. Але ўсё часцей вяскоўцы аддаюць перавагу гарадскому ўкладу жыцця і, развітаўшыся за пэўныя сродкі з карміцелькай,  за пакецікам малака ідуць у магазін,  куды апошняе ў дастатковай колькасці дастаўляецца амаль штодня.
850 гаспадарак налічвалася на пачатак года на тэрыторыі Велікарыцкага сельсавета. Але больш за 450 з іх, што складае 48%, не ўтрымліваюць ніякай жыўнасці, прычым больш за 660 гаспадарак не трымаюць кароў. За апошнія 4 гады пагалоўе апошніх, якое складае зараз 213 галоў, у асабістых падсобных гаспадарках зменшылася на 40 %. Няўжо трымаць карову ў вёсцы цяпер зусім не выгадна? З гэтым пытаннем і прыйшла да старшыні Велікарыцкага сельвыканкама Віктара Кірычуна.
— Насельніцтва вёсак з кожным годам старэе. 46% жыхароў сельсавета – пенсіянеры, якія б можа і хацелі трымаць карову, але па стану здароўя не здольны ўжо даглядаць за жывёлай. Гэта і ёсць адна з галоўных прычын таго, што статак у вёсках з кожным годам усё змяншаецца,  —  тлумачыў Віктар Мікалаевіч Кірычун.
Другая прычына, лічыць Віктар Мікалаевіч, у занятасці жывёлаводаў і механізатараў. На ферме, у полі яны заняты амаль увесь светлавы дзень, у выніку зусім не застаецца часу на сваю падсобную гаспадарку, тым больш, што ёсць магчымасць набыць усё неабходнае ў сельскіх магазінах. Дарэчы, старшыня сельвыканкама прывёў цікавы факт: 18 новых жылых дамоў пабудавана ў СВК “Рыта” за апошнія 4 гады. Іх атрымалі ў асноўным маладыя сем’і, якія зусім не спяшаюцца заводзіць вялікую гаспадарку. Толькі на падворку адной з гэтых сем’яў з’явілася карміцелька.
Змяншаецца колькасць кароў, безумоўна, зніжаецца і колькасць закупленага ў насельніцтва малака. За першае паўгоддзе г.г. у Велікарыцкім сельсавеце малака закуплена на 12 тон менш, чым за такі ж  перыяд летась. Лішкамі малака дзеляцца 117 гаспадарак, у якіх утрымліваецца 130 кароў.
Амаль 5 тон малака прадалі дзяржаве дбайныя гаспадары з Масевічаў Аляксандр Васільевіч і Аляксандра Фёдараўна Кардзелюкі. У гаспадарцы Аляксандра і Аляксандры дзве каровы. Раней, калі было больш сіл і аптымізму, як адзначаюць Кардзелюкі, трымалі нават тры каровы. Малако заўжды было дадатковым даходам сям’і. Яно і сёння – добрая падтрымка. Але і немалы цяжар.
— Можна сказаць, мы людзі не выязныя, — і з жартам, і ўсур’ёз заўважае Аляксандр Васільевіч. — Дзве каровы – гэта немалы фронт работы: хто за яго возьмецца? А без догляду жывёлу не пакінеш. Вось і атрымліваецца, што ра­зам паехаць куды-небудзь хоць на некалькі дзён мы не можам.
І ўсё ж  жыць у вёсцы і не тры­маць сваю гаспадарку, лічаць Кардзелюкі,  проста нельга. І вельмі рады, што дзяржава ў апошні час звярнула ўвагу на селяніна з яго асабістай падсобнай гаспадаркай.
— Калі пачуў пра Указ Прэзідэнта, у якім гаварылася пра падтрымку асабістых падсобных гаспадарак, — дзеліцца Аляксандр Васільевіч, —  падумаў, што гэта проста чарговая кампанія. Але вельмі хутка адчулі змяненні ў адносінах да вяскоўцаў. Пашу нам выдзелілі сёлета вельмі добрую і зусім побач. З закупам малака праблем няма.  Атрымалі мы сена і салому, якія даў  сельсавет, сена таксама выдзеліў СВК “Рыта”, куды здалі двое цялят. Камбікорм, і расійскай, і беларускай вытворчасці, машына дастаўляе ў вёску.
Між  іншым, як і многія вяскоў­цы, перавагу аддаюць Кардзелюкі камбікармам беларускай вытвор­часці, якія прывозяць з Жабінкі. Яны, упэўнены Аляксандр Васільевіч, хоць па цане крыху даражэйшыя за расійскія, але па якасці лепшыя.
Дарэчы, Аляксандр Васільевіч не проста гаспадар. Яго першая спецыяльнасць была звязана з сельскай гаспадаркай, пэўны час працаваў ён ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве. У жыцці многае змянілася. І па прафесіі ўжо шмат гадоў ён педагог. Але цяга да зямлі засталася.
На тое, чаму цяпер склалася ў вёсцы такая сітуацыя, што многія вяскоўцы не жадаюць трымаць на падворку жывёлу, у Аляксандра Васільевіча сваё меркаванне. Шмат гадоў, лічыць ён, да гэтага пытання ставіліся раўнадушна. Гаспадар з яго асабістай падсобнай гаспадаркай быў амаль нікому не патрэбны. Такія адносіны наклалі сваю пячатку.І за кароткі час гэтую сітуацыю не зменіш, тым больш, што змяніўся сам уклад жыцця чалавека.
  Вядома,людзі хочуць жыць лягчэй. Лічаць: чым падымацца на досвітку, бегчы з вядром у хлеў, лепш купіць малако ці іншыя малочныя прадукты ў мясцовай краме. Але ж   кароўка здаўна лічы­лася карміцелькай для вяскоўца.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Аляксандр і Аляксандра Кардзелюкі – лепшыя малаказдатчыкі ў Велікарыцкім сельсавеце.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


velotime.com.ua

www.ford.niko.ua

Битумная черепица Shinglas Кадриль