“Бiзонаўскiя” напрацоўкi

Вось ужо больш чым 20 гадоў СП “Бізон” таварыства з абмежаванай адказнасцю займаецца вырошчваннем хмелю. І сёлета пад яго адвялі немалую плошчу. Цяпер на прадпрыемстве поўным ходам ідзе ўборка хмелю.

І хоць сёлета не зусім парадаваў ураджай “хмельнай” прадукцыі, дырэктар “Бізона” Валерый Мікалаевіч Антановіч усё ж спа­дзяецца, што ў пройгрышы не застануцца. Бо факт заканамерны: меншы ўраджай – вышэйшая цана на прадукцыю. Тым больш, што канкурэнтаў у нас у краіне ў “Бізона”, акрамя “Белхмельагра”, няма. Да ўсяго, маларыцкім хмеляводам ўдалося пашырыць кола дзелавых партнёраў, выйсці на замежны рынак, пастаўляць прадукцыю ў Расію, у прыватнасці, на прадпрыемства “Бранскае піва”. Таму ёсць надзея, што праблем са збытам піўной сыравіны не будзе. Хаця Валерыя Мікалаевіча па-ранейшаму непакоіць той факт, што некалі надзейныя іх партнёры ААТ “Брэсцкае піва” і “Крыніца”, а яны былі асноўнымі спажыўцамі хмелю і нямала зрабілі для развіцця і мадэрнізацыі “Бізона”, з прыходам новых кіраўнікоў знізілі аб’ёмы закупак, знайшлі сабе новых партнёраў, хаця якасць маларыцкага хмелю дазваляе канкурыраваць з замежнымі вытворцамі яго. Бо гатункі маларыцкага хмелю “Нордэн брэвер”, “Шпальтэр селект”, “Магнум”, якія прадпрыемства ў свой час закупіла ў Германіі, — элітныя.
Валерый Мікалаевіч не раз бываў за мяжой, дзе вывучаў вопыт вырошчвання хмелю. І заўсёды рабіў вывады, што маларыцкія хмеляводы амаль ні ў чым не адстаюць ад замежных.
А сёлета Валерый Мікалаевіч і яго намеснік Андрэй Валер’евіч з сусветнага кангрэсу хмеляводаў, што праходзіў у ліпені ў Баварыі і ў якім яны бралі ўдзел, прыехалі не толькі з новымі ведамі, уражаннямі, але і прывезлі дзве адзінкі дасканалай хмелеўборачнай тэхнікі.
— Уборка “хмельнай” прадукцыі – працэс доўгі, — заўважае Валерый Мікалаевіч. – Тэрміны ўборкі надзвычай жорсткія, максімум тры тыдні, і за гэты час неабходна цалкам выканаць усе аперацыі пярвічнай апрацоўкі. Таму набытыя намі ў Германіі хмелязрэзы — палачка-выручалачка. Гэта тэхніка сённяшняга дня хмеляводаў. Яна дазваляе ўбіраць хмель практычна кругласутачна, прычым цалкам выключае ручную працу.
Калі заехалі на плантацыі, дзе хмель убіралі ручным спосабам і механізаваным, пераканаліся, наколькі другі больш эфектыўны і прагрэсіўны.
— Пра такую тэхніку я марыў 20 гадоў, — прызнаецца Валерый Мікалаевіч.
Між іншым, Віталь Каламіец, які працуе ў “Бізоне” даўно і якому даручылі нямецкі хмелязрэз, хутка асвоіў гэты від тэхнікі, бо ў свой час прайшоў стажыроўку ў Германіі.
Мы самі бачылі, як ён умела манеўруе тэхнікай, як слухаецца яго дасканалая машына, і як хутка, адна за адной кладуцца ў кузаў “хмельныя” ліяны, якія затым гэтак жа хутка вопытны механізатар даставіць у цэх перапрацоўкі.
Дарэчы, на прадпрыемстве цяпер ужо мала дзе выкарыстоўваецца ручная праца. Пакуль яшчэ не можа абысціся без рабочых рук, якія павінны падаць хмель, скажам, хмелекамбайн, дзе ідзе працэс абчэсвання зрэзаных ліян. На гэтай аперацыі ў той дзень былі заняты Надзея Буц і Алена Волчык (на другім здымку).
Паветраная і граві­тацыйная сепарацыя атрыманай сыравіны, у выніку чаго хмелевая шышка аддзяляецца ад прымесяў, — зноў жа механізаваная. Хмелекамбайн, што выкарыстоўваецца для выканання гэтых аперацый, — высокаэфектыў­ны, чэшскай вытворчасці. І, па словах Валерыя Мікалаевіча, адзіны на постсавецкай прасторы.
Наогул 80% работ па вытворчасці хмелю механізавана. Але Валерый Мікалаевіч пераканаў, што, нягледзячы на гэта, у “Бізоне” не спяшаюцца развітвацца са сваімі работнікамі.
Ініцыятыўны, няўрымслівы, прадпрымаль­ны, рызыкоўны і ў той жа час вельмі чалавечны дырэктар з кожным годам удасканальвае і пашырае сваю гаспадарку, ствараючы тым самым магчымасці для таго, каб дадаткова папоўніць казну “Бізона”, забяспечыць лю­дзей работай. Не атрымліваецца вырошчваць буякі, вырошчваюць моркву, сталовыя буракі, зерневыя культуры, як было сёлета. І як бы ні складвалася фінансавая сітуацыя, работнікі “Бізона” стабільна атрымліваюць заработную плату. Акрамя таго, кіраўніцтва таварыства з абмежаванай адказнасцю знаходзіць магчымасць дадаткова матэрыяльна падтрымліваць сваіх работнікаў. У “Бізоне” трывала прыжылася практыка перад пачаткам новага навучальнага года выплачваць пэўныя сумы бацькам, у якіх ёсць дзеці-школьнікі. Альбо парадаваць чалавека пэўнай сумай, калі ён ідзе на заслужаны адпачынак. Не бяруць у “Бізоне” грошай са сваіх работнікаў і за апрацоўку сотак. Штогод прадпрыемства аказвае і іншыя віды дапамогі. Словам, вытворчасць і чалавек у аднолькавай меры на першым плане.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: дырэктар СП “Бізон” ТАА Валерый Мікалаевіч АНТАНОВІЧ; хмелязрэз, на якім умела і старанна працуе вопытны механізатар Віталь КАЛАМІЕЦ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 23.09.2015 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!