Грузіце веды ў новы аўтобус

Олтушскай сярэдняй школе выдзелены новы камфартабельны аўтобус. Цяпер дарога ў школу і сад для 108 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія наведваюць іх і жывуць у аддаленых вёсках, будзе і хуткай, і камфортнай.

Вучні Олтушскай сярэдняй школы, якія ў той дзень сабраліся на ўрачыстую лінейку, не ўтойвалі сваёй радасці. Яно і зразумела! Школе выдзелены новы аўтобус. Цяпер у хлопчыкаў і дзяўчынак будзе магчымасць бяспечна і камфортна дабірацца ў навучальныя ўстановы, ездзіць на экскурсіі, рабіць розныя іншыя паездкі.
А ўручыць ключы ад новага аўтобуса прыехаў разам з іншымі ганаровымі гасцямі і старшыня райвыканкама Казімір Віктаравіч Лапіч.
Выступаючы, ён адзна­чыў:
— З такой добрай і прыемнай нагоды я ў вашай школе ўжо ў трэці раз. А гэта лішні раз пацвярджае, што ў нашай краіне праяўляюць вялікі клопат аб дзецях, маладым пакаленні — будучай змене. У адказ на такі клопат вы павінны добра вучыцца. Любіце спорт, фізкультуру. Гэта дапаможа вам быць заўсёды ў добрай форме, умацоўваць сваё здароўе. Будзьце ва ўсім і заўсёды самымі лепшымі!
Кіраўнік раёна ўручыў ключы ад новага аўтобуса яго вадзіцелю Віктару Сіпліваму. Апошні нам удакладніў, што цяперашні аўтобус — павышанай камфортнасці. Вытворцы яго падумалі і пра бяспеку дзяцей (для кожнага з іх ёсць у наяўнасці рамяні бяспекі, асобныя мяккія сядзенні). У аўтобусе ўсталяваны таксама спецыяльныя паліцы для партфеляў і ранцаў.
Дырэктар школы Наталля Пятроўна Зезюкова падзякавала і кіраўніцтву раёна, і кіраўніцтву райаддзела адукацыі, спорту і турызму, якія своечасова адчулі яе хваляванні (адзін з двух аўтобусаў, што былі да гэтага часу ў школе, можна сказаць, ужо адслужыў сваё і выклікаў нямала праблем) і пастараліся аператыўна вырашыць надзённае пытанне.
Наталля Пятроўна пад­крэсліла, што 108 вучняў і дашкольнікаў дабіраюцца штодзённа на заняткі і ў дзіцячы садок на школьных аўтобусах, таму важна, каб дарога для іх была бяспечнай і камфортнай.
А вучаніцы Аляксанд­ра Карабейка і Анастасія Ківачук, якія жывуць у Лазіцы і Дворышчы, выказалі словы прызнання кіраўніцтву раёна за такі цудоўны падарунак не толькі ад імя сябе, іншых хлопчыкаў і дзяўчынак з аддаленых населеных пунктаў, але і ад імя “дзядзькі Віці”, якога, як і саміх дзяцей, вельмі часта падводзіў стары аўтобус.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: у час урачыстай лінейкі ў Олтушскай сярэдняй школе.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 23.09.2015 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!