Восень Шыгалёвых

Многія з нас, хто мае дачныя і прысядзібныя ўчасткі і вырошчвае гародніну, сёлетні год лічаць неўраджайным. І сапраўды, халодная вясна і неймаверная летняя спякота не спрыялі таму, каб апраўдаліся нашы надзеі на добры ўраджай.

А вось на ўчастках Шыгалёвых з Арэхава вырас зайздросны ўраджай усіх без выключэння культур. Садзілі ж яны многае: ад кукурузы да кавуноў. Дарэчы, у параўнанні з той, што даводзілася бачыць сёлета на палях сельгаспрадпрыемстваў раёна і вобласці, “шыгалёўская” кукуруза вымахала больш чым на 2 метры. І пачаткі не пустыя. Праўда, не ўсюды аднолькавая. Ёсць участкі, дзе кукуруза крыху горшая. Але сам гаспадар на ўмовы надвор’я гэта не спісвае. Як чалавек рызыкоўны, прадпрымальны і рашучы і сёлета Леанід Мікалаевіч не абышоўся без эксперыментаў. На адзін участак поля, адведзенага пад кукурузу, унёс вялікую колькасць арганікі. А на другім – да чэрвеня расло пустазелле. Што атрымалася? На гнойным полі, дзе была пасаджана кукуруза, ураджай вырас меншы, чым там, дзе перад пасадкай гэтай культуры поле з пустазеллем пракультывавалі і пасеялі яе (дарэчы, уручную). Удакладнім, што пасеялі не ў красавіку-маі, а 15 чэрвеня, калі зямля была цёплая. Па прагнозах гаспадара, на гэтых участках кукуруза можа даць па 600 цэнтнераў з гектара.
За 24 гады, на працягу якіх Шыгалёвы працуюць з зямлёй, ні разу не разупэўніліся ў тым, што няправільна робяць, калі ў сваёй практыцы выкарыстоўваюць безадвальную апрацоўку глебы. Менавіта з гэтага працэсу і закладваецца добры ўраджай.
— Усе пажыўныя рэчывы ў глебе знаходзяцца зверху. І калі мы яе арэм, ды яшчэ і глыбока, гэтыя рэчывы аказваюцца далёка ад культуры, якую садзім. Яна не можа імі сілкавацца, — перакананы Леанід Мікалаевіч. — Безадвальная апрацоўка глебы дае магчымасць эканоміць угнаенні, якія цяпер не танна каштуюць.
І сёлета, прызнаўся Леанід Міка­лаевіч, усе гароднінныя культуры, а гэта гарбузы, кабачкі, агуркі, таматы, бульба, капуста, морква, сталовыя буракі і кавуны, на яго землях раслі без “хіміі”. А значыць – яны экалагічна чыстыя, што цяпер найбольш адпавядае нашым пакупніцкім патрабаванням.
Ураджай позніх гароднінных культур гаспадар пакуль не вызначае. Многія з іх, скажам, морква, сталовыя буракі і капуста, яшчэ растуць, набраўшыся новай сілы пасля дажджоў. Але, як мы пераканаліся самі, і гэтая гародніна вырасла вельмі зайздроснай. Вось толькі ці не будзе праблем з рэалізацыяй яе, перажывае Леанід Мікалаевіч. На агуркі, да прыкладу, і кабачкі асаблівага попыту не было. Апошнія ідуць на корм жывёле. Не надта запатрабаванымі аказваюцца і кавуны, хаця прадаюць іх Шыгалёвы па самай нізкай цане – 2900 руб. за кілаграм. Леанід Мікалаевіч прапанаваў нам самім паспрабаваць на смак гэтую бахчавую культуру, вырашчаную “шыгалёўскім спосабам”. Сма-ка-та! Кавуны сакавітыя, салодкія і водарныя.
Падзяліўся з намі Леанід Мікалаевіч і не зусім прыемнай навіной. Сёлета збіраецца збываць дзвюх каровак, пакіне толькі адну. Ён падлічыў, што ўтрымліваць іх нявыгадна.
А вось ад зямлі Леанід Мікалаевіч Шыгалёў пакуль не адмаўляецца. Як і яго дзеці, што таксама ўжо ўцягнуліся ў земляробства. Наадварот, выношвае новыя планы, мае намер памяняць некаторыя ўчасткі, асабліва тыя, што далёка ад Арэхава. І спадзяецца, што чарговай вясною Шыгалёвы зноў выйдуць у поле, каб аддаць зямлі сваю любоў і працавітасць.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: вось такі ўраджай кукурузы і гародніны вырас сёлета, у “неспрыяльны” год, на палях ШЫГАЛЁВЫХ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 26.09.2015 г.

Добавить комментарий


www.iwashka.com.ua

velotime.com.ua/category/shosseynye-velosipedy/

Наш авторитетный интернет-сайт на тематику велосипед Comanche Niagara Fs Disk velotime.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!