Хозяева лесного царства

Чым мы сапраўды можам ганарыцца, дык гэта багатымі і разнастайнымі лясамі. Але як жа часта мы забываем пра гэта, калі справа даходзіць да адпачынку ў лесе. Любая прыгажосць не застрахавана ад знішчэння, пакуль мы не пачнем адказваць за свае ўчынкі і думаць не толькі пра сябе. Але ж пакуль, на жаль, разлічваць на сумленне  людзей не даводзіцца, таму адказнасць за парадак у лесе кладзецца на плечы работнікаў лясной гаспадаркі. Іх праца не такая простая, як бы магло паказацца на першы погляд. Круглы год працуюць леснікі ды ляснічыя для таго, каб мы маглі нацешыцца чыстым паветрам, якое ёсць толькі ў лесе. А лясоў у Маларыцкім лясніцтве аж 10559 гектараў. Таму працы нямала. Вясной пасадкі трэба правесці. У гэтым годзе новыя дрэвы, сярод якіх карэльскія бярозы і елкі,  былі пасаджаны на 65 гектарах. Елкі, напрыклад,  напярэдадні любімага свята дарослых і дзяцей — Новага года — карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Летам і восенню неабходна праводзіць санітарную рубку, каб даць лесу дыхаць. Заставацца павінны толькі здаровыя дрэвы. А яны падзяляюцца на чатыры групы. Гэта сярэднеўзроставыя, такіх большасць – 38 працэнтаў. Услед за імі ідуць маладнякі, іх амаль34 працэнты. Есць яшчэ тыя, якія даспяваюць і катэгорыя спелых і пераспелых, але іх менш. Яшчэ адзін вельмі важны этап працы лясніцтва – гэта нарыхтоўка. Есць планка, якую абавязкова трэба дасягнуць.
— 10,3 тыс. кубоў драўніны будзе нарыхтавана сёлета. Ужо цяпер ёсць 5,2 тыс., — распавёў у гутарцы ляснічы Маларыцкага лясніцтва  Валерый Кашаль.
Між іншым, Валерый Антонавіч у лясной гаспадарцы працуе ужо 32 гады. Пачынаў з простага лесніка, потым стаў майстрам, а цяпер займае пасаду ляснічага. Пад яго “крылом” знаходзяцца 3 майстры (за кожным з іх замацаваны свой участак), 15 леснікоў, памочнік ляснічага і бухгалтар. Раней усім даводзілася туліцца ў двух невялікіх кабінетах у старым будынку лясніцтва, якое ніколі не рамантавалася. Але сёлета пачалася глабальная рэканструкцыя. Зараз такому будынку кожны  пазайздросціць. Пяць новых рабочых кабінетаў і два пакоі адпачынку для гасцей стануць добрым падарункам для калектыву.  Такі вынік, вядома ж, патрабаваў значных фінансавых сродкаў, працы ўсіх лясніцтваў, а іх, акрамя Маларыцкага, 7. На наступныя гады дырэктарам лясгаса Уладзімірам Афанасенкам прынята рашэнне аб рэканструкцыі і добраўпарадкаванні астатніх лясніцтваў, і ўжо калектыў Маларыцкага лясніцтва сваёй дружнай працай будзе дапамагаць у гэтым калегам.
Работнікі лясніцтва імкнуцца дапамагаць не толькі прыродзе, але і людзям. Выпісаць дровы і даставіць іх да месца пражывання — калі ласка. Дарэчы,  лясніцтва забяспечвае дровамі не толькі жыхароў Маларыцкага сельсавета, але  і некаторых іншых, а  таксама прыватны сектар горада.
Каб добра спраўляцца са сваёй работай, работнікам лесу трэба шмат працаваць. У некаторых гэта атрымліваецца лепш, а хтосьці яшчэ толькі вучыцца. Тут, як і ў любой справе, нельга без захаплення. Вось у Алега Аляксандравіча Сіжука яго хоць адбаўляй. Калі прыйшоў ён майстрам у лясніцтва, участак, які знаходзіцца пад яго кіраўніцтвам, змяніўся да непазнавальнасці, вядома ж, у лепшы бок.
— Добра і адказна працуюць леснікі Пётр Паўлавіч Бурда, Пётр Іва­навіч Сакалюк, Аляксандр Аляксандравіч Анішчук і Уладзімір Васільевіч Бурштын,  — пералічваў Валерый Антонавіч.
Для кожнага з іх лес – гэта маленькае царства, дзе адпачывае душа і прыбаўляюцца сілы. Вельмі важна, каб кожны з нас навучыўся бачыць у лесе тое, што адчуваюць яны сваім сэрцам.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: ляснічы Маларыцкага лясніцтва Валерый КАШАЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


ссылка majbutne.com.ua

np.com.ua/complex-equipment.html

http://13.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!