Успомніць і параўнаць —

на такой ноце праходзіла сустрэча дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Пузырэўскага з жыхарамі аграгарадка “Лукаўскі”.

Гаварылі пра выбары, пра сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, успомнілі, што перажыла маладая беларуская дзяржава пасля распаду Савецкага Саюза, акцэнтавалі ўвагу на асноўных напрамках дзяржаўнай палітыкі, параўноўвалі мінулае з цяперашнім. Разважаць ёсць пра што. Навядзенне парадку на зямлі карэнным чынам змяніла аблічча беларускай глыбінкі. Узяты курс на сацыяльную абарону. Мацярынскі капітал, папулярызацыя спорту, даступнасць медыцыны, адрасная дапамога, дэбюракратызацыя апарата, уступленне краіны ў Балонскі працэс, забяспечанасць абароназдольнасці, узважаная міралюбівая знешняя палітыка, адсутнасць вострых сацыяльных канфліктаў – гэта рэаліі, дасягнутыя дзякуючы мудрай палітыцы цяперашняга Прэзідэнта, таму, што ўлада заўжды раілася з народам.
— І ў далейшым палітыка будзе накіравана на якаснае развіццё чалавечага патэнцыялу, — адзначыў у час сустрэчы Уладзімір Пузырэўскі. – Трэба толькі адзінства народа і ўлады.
Парламенцкі дэпутат, не абыходзячы эканамічныя праблемы, з якімі ў апошнія два гады давялося сутыкнуцца і Беларусі, якую таксама закрануў сусветны крызіс (любая дзяржава не можа існаваць у поўнай ізаляцыі), гаварыў пра здабыткі, якімі мы можам па праву ганарыцца. Так, кожны дзясяты халадзільнік, трактар, кожны трэці самазвал, вырабленыя ў свеце, — беларускія. 1 мільён 30 тысяч кватэр пабудавана ў бытнасць цяперашняга Прэзідэнта, і амаль палова жыхароў краіны жывуць у новых кватэрах. Улада забяспечвае жыллём дзяцей-сірот.
А ўклад Прэзідэнта ў падтрымку сельскай гаспадаркі наогул нельга пераацаніць. Бо аграрная галіна для любой дзяржавы – вызначальная, таму што ў першую чаргу трэба накарміць краіну. І сёння, як падкрэсліваў Уладзімір Іванавіч, сельскагаспадарчая галіна адзіная, дзе выкананы ўсе паказчыкі за 8 месяцаў. Валавая вытворчасць прадукцыі ў цэлым па краіне склала 102%, у нашым раёне – 103%. Дэпутат данёс аўдыторыі і такую прыемную інфармацыю: па комплекснаму развіццю сельскай гаспадаркі Маларыцкі раён уваходзіць у дваццатку мацнейшых раёнаў Беларусі. У цэлым па краіне хлеба атрымана на кожнага жыхара па 1 тоне, у нашым раёне – па 2 тоны. Беларусь – пяты ў свеце экспарцёр малака, трэці – сметанковага масла. Прыкметны і такі факт: у СВК “Чырвоны партызан” у дзень атрымліваюць па 16 кілаграмаў малака на 1 жыхара аграгарадка. І старшыні яго Сяргею Сцепанюку не сорамна за сваіх працаўнікоў, якія ўмеюць і любяць працаваць на зямлі і ганарацца, што жывуць у адным з лепшых аграгарадкоў раёна.
— І мне прыемна сустрэцца з такім цудоўным калектывам і шчыра падзякаваць за той уклад, які вы ўносіце ў агульныя здабыткі, за парадак у вёсцы, — сказаў Уладзімір Іванавіч.
Усё дасягнутае, несумненна, дорага каштуе. А колькі каштуюць мір, спакой, упэўненасць у заўтрашнім дні? Менавіта гэтыя самыя дарагія каштоўнасці, якія мы маем сёння, павінны рухаць кожным, каб прыйсці на выбарчыя ўчасткі 11 кастрычніка і прагаласаваць правільна. Менавіта яны не павінны пакінуць абыякавым кожнага, каб не падпарадкавацца прынцыпу “Мая хата з краю…”, а выкарыстаць сваё права і паўдзельнічаць у лёсе краіны.
* * *
Уладзімір Пузырэўскі правёў сустрэчу і з калектывам ААТ «Маларыцкі кан­сервавагароднінасу­шыльны камбінат» і прыём грамадзян па асабістых пытаннях у райвыканкаме.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКАХ: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэс­публікі Беларусь Ула­дзімір ПУЗЫРЭЎСКІ разам са старшынёй райвыканкама Казімірам ЛАПІЧАМ на сустрэчы ў СВК “Чырвоны партызан”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 26.09.2015 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!