Удзел Прэзідэнта Беларусі ў 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26-29 верасня знаходзіўся з рабочым візітам у Злучаных Штатах Амерыкі (г.Нью-Ёрк). Прэзідэнт прыняў удзел у мерапрыемствах саміту ААН па ўстойлівым развіцці, па выніках якога прыняты міжнародны парадак дня ў галіне развіцця на перыяд пасля 2015 года. Новы парадак дня ААН у галіне развіцця прадугледжвае дасягненне 17 мэт устойлівага развіцця — глабальных арыенціраў, а таксама 169 задач, якія выяўлены ў канкрэтных колькасных параметрах. Аляксандр Лукашэнка выступіў на пленарным пасяджэнні саміту з выкладаннем нацыянальнай пазіцыі Беларусі ў гэтай сферы.

Прэзідэнт Беларусі 28 верасня выступіў у агульнай дыскусіі на юбілейнай, 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН. Кіраўнік беларускай дзяржавы прадставіў падыходы Беларусі да вырашэння найбольш актуальных і вострых міжнародных праблем сучаснасці.

Аляксандр Лукашэнка ў будынку Генеральнай асамблеі ААН падпісаў Канвенцыю аб правах інвалідаў, а таксама правёў шэраг двухбаковых сустрэч з лідарамі іншых дзяржаў, кіраўніцтвам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Лукашэнка: Беларусь надае асаблівае значэнне прадухіленню ваенных канфліктаў і пагрозы жыццю людзей

Аб гэтым заявіў 27 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на пленарным пасяджэнні Саміту ААН па ўстойлівым развіцці.

На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, устойлівае развіццё любой краіны немагчыма без міру і бяспекі. «Гэту бясспрэчную ісціну беларускі народ спаўна пазнаў на сваім лёсе. У мінулым стагоддзі Беларусь стала месцам самых кровапралітных бітваў дзвюх сусветных войнаў», — нагадаў Прэзідэнт.

«Страціўшы ў вайне з фашызмам трэць насельніцтва, Беларусь адрадзілася з попелу і свята шануе мір і згоду ў грамадстве, імкнецца забяспечыць дабрабыт народа і стабільнае развіццё дзяржавы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што за гады суверэннага існавання Беларусь з гонарам выканала тыя мэты тысячагоддзя, якія звязаны з ліквідацыяй голаду і беднасці, з дасягненнем стапрацэнтнай пісьменнасці насельніцтва, роўнасці мужчын і жанчын, сацыяльна-палітычнай стабільнасці, з недапушчэннем дыскрымінацыі па нацыянальных і рэлігійных прыкметах.

«У нас няма мацярынскай смяротнасці, дзіцячая смяротнасць — самая нізкая ў свеце. Менавіта гэта і ёсць дэмакратыя, а не тое, што спрабуюць насадзіць нам нашы заходнія настаўнікі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: свет прыйшоў да Саміту ААН раз’яднаным і падзеленым як ніколі раней

«Планету ўскалыхваюць шматлікія ўзброеныя канфлікты, тэрарыстычныя акты. Сумна тое, што рост глабальных пагроз не знаходзіць адэкватнага адказу», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што да гэтага часу не ўдалося аднавіць той баланс сіл, які быў страчаны з распадам Савецкага Саюза. «Няма балансу сіл — няма міру і няма стабільнасці. Гэта сістэмны крызіс. У любой сістэме сіла дзейнічае бескантрольна, калі яна з’яўляецца адзінай, імкнецца толькі да свайго працвітання і вырашэння праблем за кошт іншых», — лічыць Прэзідэнт Беларусі.

«Палітыка гегеманізму і нацыянальнага эгаізму прыводзіць да шырокага выкарыстання націску, санкцый, абмежаванняў і ваенных акцый. «Як вынік — мы страчваем давер адзін да аднаго», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён адзначыў, што ўзаемнае адчужэнне характэрна не толькі для буйных краін. «У многіх нават няма жадання зразумець традыцыі, культуру, перакананні іншых народаў», — сказаў Прэзідэнт.

«Відавочна, што аднаўленне балансу — гэта доўгі шлях да шматпалярнага свету. Мы наблізімся да гэтай мэты, калі будзем дзейнічаць, а не пасіўна чакаць», — лічыць беларускі лідар.

«Неабходна на справе прызнаць, што мы ўсе розныя і што кожны народ, кожная краіна мае права на выбар свайго шляху развіцця. Менавіта ў нашай разнастайнасці — залог агульнага прагрэсу і поспеху кожнага, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Такі падыход дасць магчымасць аднавіць давер у нашым міжнародным жыцці».

На думку Прэзідэнта Беларусі, для гэтага неабходна сустракацца і весці дыялог, дамаўляцца, знаходзіць магчымасць канструктыўнага ўзаемадзеяння, а дамовіўшыся, дзейнічаць. «Гісторыя вучыць таму, што любая дзяржава, якая прэтэндуе на аднаасобнае лідарства без аглядкі на інтарэсы іншых, у канчатковым выніку асуджана сама на правал і гібель. Кожная перавага за кошт некага недаўгавечная і непаўнацэнная. Нездарма народная мудрасць гаворыць: шчасце на чужой бядзе не пабудуеш», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Лукашэнка: ААН не павінна выкарыстоўвацца для дэманстрацыі чыёй-небудзь сілы

«Знаходзячыся ў ААН, не магу не закрануць крызіс міжнародных структур, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У цэлым узнікае адчуванне, што іх роля апошнім часам зводзіцца да таго, каб быць месцам спрэчак паміж дзяржавамі, а часта і сродкам націску на асобныя краіны, якія нечым не дагадзілі ўладным людзям».

«Паглядзіце на вялікую колькасць рэзалюцый, што прымаюцца ў ААН. Але хіба галасаванне па іх уплывае на вырашэнне канфліктаў? Хіба яно служыць кансалідацыі сусветнай супольнасці? Хіба гэтыя рэзалюцыі паляпшаюць жыццё народаў? — працягнуў беларускі лідар. — Давайце сумленна скажам: «Не паляпшаюць!» Прагаласавалі і раздзяліліся на нашых і вашых. У выніку яшчэ больш недаверу і раз’яднанасці».

«Глыбока перакананы, што ААН не павінна выкарыстоўвацца для дэманстрацыі чыёй-небудзь сілы. Гэта аслабляе Арганізацыю і разбурае давер да яе, супярэчыць самой яе прыродзе і прызначэнню», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, нядзіўна, што традыцыйныя міжнародныя структуры адыгрываюць недастатковую ролю як у прадухіленні, так і ва ўрэгуляванні канфліктаў.

«Трэба пакласці канец гэтай заганнай практыцы. ААН павінна быць форумам супрацоўніцтва, а не канфрантацыі дзяржаў», — заявіў беларускі лідар.

Лукашэнка з трыбуны Генасамблеі ААН заклікаў уладных людзей да адказу за дзеянні на Арабскім Усходзе

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прыклад адкрытага палітычнага хамства, хлусні і злачынстваў супраць чалавечнасці — на паверхні.

Прэзідэнт Беларусі прапанаваў успомніць нядаўнія факты. «Пад выглядам наяўнасці хімічнай зброі ў Іраку вядомыя дзяржавы вырашылі дэмакратызаваць Ірак. І дзе гэта хімічная зброя? Дзе дэмакратыя ў Іраку? Навошта забілі прэзідэнта Ірака? Дзе наогул гэта краіна і якая будучыня ў іракскага народа? На тэрыторыі гэтай дзяржавы людзям стала жыць лепш? Не», — сказаў беларускі лідар.

«Вы — вінаватыя — скажаце, што памыліліся, трэба спыніцца б, але зноў жа — не, пайшлі далей. Пачалі з Туніса і скончылі Лівіяй. Сцэнарый той жа. Распялі прэзідэнта Кадафі, знішчыўшы дзяржаву. У Лівіі стала лепш? Не. І дзе гэта Лівія наогул як цэласная дзяржава?» — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

«Спадары, можа хопіць? Не, ірванулі ў Сірыю. Паўстае пытанне, навошта? Навошта забіваеце людзей, навошта звяргаеце дзеючага прэзідэнта, чым ён вам не дагадзіў? Больш таго, бойняй у гэтай краіне вы сціраеце першыя сляды нашай з вамі цывілізацыі», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Скажыце сусветнай супольнасці, чаго вы хочаце і да чаго вы імкняцеся, якраз з гэтай трыбуны Генеральнай асамблеі ААН», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: калі не спынім кровапраліцце ў Еўропе, «горача» будзе ўсяму цывілізаванаму свету

Аляксандр Лукашэнка згадаў пра ўкраінскі крызіс. «Калі не спынім кровапраліцце ў Еўропе, братазабойчую бойню, дапусцім эскалацыю гэтага канфлікту, «горача» будзе ўсяму цывілізаванаму свету. Прабачце мне, зробім яшчэ адзін крок да глабальнага канфлікту, а магчыма, да новай сусветнай вайны, ужо ў цэнтры цывілізаванага свету», — сказаў беларускі лідар.

«Няўжо, уступіўшы ў новае тысячагоддзе, мы так і не зразумелі, які крохкі мір і чалавечая цывілізацыя?» — звярнуўся Прэзідэнт да прысутных у зале.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы сваімі словамі падвесці ўладных людзей да адной думкі. «Зразумела, сёння няма той сілы, якая вас спыніла б. Але ж кіраўнікі дзяржаў, якія ўчыняюць кашчунства, усе вернікі, нават многія публічна моляцца. Але ж гасподзь бачыць усё, і ён справядлівы. А калі раззлуецца і пакарае вінаватых? Вас, вашы народы, якія пацерпяць бязвінна за вашы авантуры», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

«Думаю, трэба спыніцца. Трэба дапамагчы людзям бедных краін апрануцца, вылечыцца, атрымаць адукацыю. Накарміце галодных, выратуйце ад гібелі дзяцей, і вам адплаціцца», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: свету патрэбны адказныя палітыкі, гатовыя прымаць рашэнні ў інтарэсах усёй сусветнай супольнасці

«Сёння патрэбны адказныя палітыкі, здольныя дзейнічаць глабальна, стратэгічна, гатовыя прымаць рашэнні ў інтарэсах усёй сусветнай супольнасці, ісці на кампраміс дзеля агульнага дабрабыту», — лічыць беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, эгаістычныя інтарэсы і скарацечныя выгады вяршэнствуюць пры прыняцці многіх рашэнняў у сучасным свеце. Ён адзначыў, што дзеянні шэрага дзяржаў на міжнароднай арэне часта не ўлічваюць канкрэтную рэальнасць і асаблівасці іншых дзяржаў і грамадстваў.

«Упэўнены, калі б было па-іншаму — не было б соцень тысяч людскіх ахвяр у Іраку, Лівіі, Сірыі і іншых краінах, адкуль рынулі патокі бежанцаў, якія ратуюцца ад вайны. Не дапусцілі б з’яўлення «Ісламскай дзяржавы». Не было б успышак тэрарызму ў Еўропе і грамадзянскай вайны ва Украіне. Спіс гэтых «не было б» можна прадаўжаць доўга, — сказаў Прэзідэнт Беларусі. — І важна сёння аб гэтым гаварыць, таму што ў такіх дзяржавах народы не зразумеюць нас, калі мы гаворым аб развіцці, а мільёнам, мільярдам людзей сёння не да развіцця, ім бы з раніцы да вечара дажыць».

«Толькі ўзаемаразуменне і адказнасць, усведамленне разнастайнасці сусветнай супольнасці, аднаўленне даверу дапамогуць усім нам аб’яднацца, забяспечыць мір і бяспеку. Знайсці эфектыўныя адказы на глабальныя выклікі і пагрозы», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, практычным вынікам такіх намаганняў стане ўстойлівае развіццё ўсіх дзяржаў і павышэнне ролі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у сусветнай палітыцы.

Лукашэнка са шкадаваннем канстатуе, што свет не стаў больш стабільным і камфортным для большасці жыхароў планеты

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы ў агульнай дыскусіі 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН, са шкадаваннем канстатаваў, што свет не стаў больш стабільным, прадказальным і камфортным для большасці жыхароў планеты, нягледзячы на вялікую работу і каласальныя намаганні па рэалізацыі маштабных планаў ААН.

«70 гадоў таму, пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, у чалавецтва з’явілася надзея на ўстанаўленне справядлівага светапарадку, заснаванага на ўсеагульным узаемаразуменні і супрацоўніцтве», — адзначыў беларускі лідар.

«Аднак перыяд халоднай вайны, які настаў потым, зноў раскалоў свет на процістаячыя блокі. Пасля распаду Савецкага Саюза і сацыялістычнага лагера многім здавалася, што нарэшце знікнуць падставы для канфрантацыі дзяржаў і ваенных канфліктаў. На жаль, пакуль гэтыя надзеі не збываюцца», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што напярэдадні на саміце быў зацверджаны амбіцыйны парадак дня работы ААН на бліжэйшыя 15 гадоў.

У фокусе падагульняючага дакумента пяць стратэгічных напрамкаў, якія маюць жыццёва важнае значэнне: людзі, планета, працвітанне, мір і партнёрства. Яны нарадзіліся не на пустым месцы, а сталі лагічным працягам намаганняў па рэалізацыі Мэт развіцця тысячагоддзя, заўважыў беларускі лідар.

Тым не менш, паводле яго слоў, гэтыя намаганні выклікаюць супярэчлівыя пачуцці.

«Так, ёсць пэўныя зрухі ў змяншэнні глабальнага ўзроўню беднасці, павышэнні абароненасці і ўмацаванні здароўя маці і дзяцей, пашырэнні доступу да адукацыі. Але, гаворачы аб дасягненнях, мы вымушаны прызнаць, што якаснага прарыву ў жыцці чалавечай цывілізацыі так і не адбылося», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Больш таго, мы бачым, як сучасны свет захлістваюць усё новыя выклікі і абвастраюцца старыя праблемы. Прычым яны датычацца не адной сферы, а ўсіх важнейшых напрамкаў жыццядзейнасці чалавецтва», — дадаў ён.

Лукашэнка заклікае правесці новую шырокую дыскусію ААН для наладжвання дыялогу паміж глабальнымі ігракамі

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што сёння свет сутыкнуўся з зусім новымі геапалітычнымі рэаліямі і ваеннымі канфліктамі. «Назіраецца беспрэцэдэнтная напружанасць у міжнародных адносінах. Усё выразней праяўляюцца пагрозы, на якія пакуль няма адказу. Канцэнтруючыся на спрэчках па другарадных пытаннях, супольнасць выпусціла з-пад увагі з’яўленне агрэсіўных тэрарыстычных глабальных груповак», — канстатаваў беларускі лідар.

«Уся сістэма міжнароднай бяспекі перажывае сур’ёзны крызіс. Страта ўзаемнага даверу паміж глабальнымі ігракамі, адсутнасць гатоўнасці да кампрамісаў, вяртанне да элементаў блокавага процістаяння, па сутнасці, паставілі свет на мяжу новай вайны», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не спыняюцца спробы навязаць пэўную мадэль развіцця іншым дзяржавам. «Да чаго гэта прыводзіць? У выніку знешняга ўмяшання, экспарту «каляровых» рэвалюцый і штучнай змены рэжымаў стабільныя раней краіны акунуліся ў хаос і анархію. Гэта ўсё прыкрываецца дэмакратыяй», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Замест абяцанай дэмакратыі і працвітання людзі ў гэтых краінах перажываюць жудасныя пакуты і вымушаны ратавацца ўцёкамі. Натоўпы мігрантаў штурмуюць сёння Еўропу. І гэта таксама стала вострай міжнароднай праблемай», — сказаў беларускі лідар.

«Сёння мы ўсё ў большай ступені залежым адзін ад аднаго. Дзеянні адной дзяржавы закранаюць непасрэдна інтарэсы многіх іншых. Абароненых краін больш не існуе», — лічыць Прэзідэнт Беларусі.

«Мы павінны сумленна прызнаць — цяпер няма эфектыўнай сістэмы стрымліванняў і проціваг. Дзяржавы, якія прэтэндуюць на сусветнае лідарства, на жаль, не могуць пазбегнуць спакусы задзейнічаць сілу і эканамічны шантаж для забеспячэння сваіх уласных інтарэсаў. Свет небяспечна блізка падышоў да фактычнай адмовы ад замацаваных у Статуце ААН прынцыпаў міжнароднага права», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Таму глыбока перакананы, што ў ААН вельмі неабходна новая шырокая дыскусія аб прынцыпах будучага суіснавання дзяржаў і народаў. Аб гэтым я ўжо гаварыў, але хачу яшчэ раз падкрэсліць: Арганізацыя не павінна ператварацца ў месца для ўзаемных абвінавачанняў і канфрантацыі дзяржаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Дыялогу няма альтэрнатывы! Нам не адысці ад калектыўнага вырашэння праблем. Вядома, можна зноў набудаваць новых сцен і раздзяляльных ліній, але ад гэтага праблемы нікуды не знікнуць», — перакананы кіраўнік беларускай дзяржавы.

Лукашэнка прапануе ажыццявіць ідэю інтэграцыі інтэграцый у сусветнай эканоміцы для процістаяння глабальным пагрозам

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што глабальныя эканамічныя пагрозы ўяўляюць сур’ёзную небяспеку для стабільнасці свету.

«Валютныя войны, санкцыі, перадзел сыравінных рынкаў, нядобрасумленная канкурэнцыя і іншыя негатыўныя з’явы абвастраюць сусветны крызіс. А спробы з боку шэрага вядучых дзяржаў вырашаць свае праблемы за кошт іншых краін таксама з’яўляюцца асновай для канфрантацыі і раз’яднанасці», — адзначыў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, выхад з гэтага тупіка бачыцца адзін — усебаковае ўзаемадзеянне эканомік розных краін, пошук аптымальных шляхоў устойлівага развіцця для ўсёй сусветнай супольнасці, а не асобных краін. І вельмі важна пры гэтым падтрымка бедных і бяднейшых дзяржаў.

«Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам вывесці новую формулу ўсеагульнага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Беларускі бок прапануе, каб яго асновай стала ідэя інтэграцыі інтэграцый як найбольш актуальная тэндэнцыя сучаснага свету», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу на з’яўленне за апошнія гады шэрага новых інтэграцыйных аб’яднанняў. «Сёння мы вядзём размову аб перспектывах узаемадзеяння Еўрапейскага і Еўразійскага эканамічнага саюзаў, маштабным праекце Вялікага шаўковага шляху, стварэнні Трансціхаакіянскага партнёрства і Трансатлантычнай зоны свабоднага гандлю і дзясятках іншых», — сказаў беларускі лідар.

«Калі нам удасца пазбегнуць непатрэбнага і небяспечнага проціборства інтэграцыйных мадэлей, дабіцца іх сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці, то ў ідэале мы здольны стварыць сусветную інтэграцыйную структуру, якая ахоплівала б усю нашу планету, трывала злучала розныя рэгіёны і цэлыя кантыненты. У такой парадыгме маглі б мірна суіснаваць розныя нацыі і дзяржавы, аб’яднаныя агульнай мэтай прагрэсу і працвітання», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Каштоўнасць інтэграцыйнага працэсу — у яго дэмакратычнасці. Ён у вядомым сэнсе ўраўноўвае шанцы ўсіх удзельнікаў, дае магчымасць невялікім і сярэднім дзяржавам раскрыць свой патэнцыял, стаць важным сувязным звяном гэтага працэсу», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

На яго думку, галоўная ўмова інтэграцыі — узаемная выгада. «Імкненне ж атрымаць скарацечныя аднабаковыя перавагі — вось у чым корань зла», — лічыць беларускі лідар.

«Трэба ўсвядоміць адказнасць перад будучыняй, думаць аб тым, што мы пакінем пасля сябе. Нельга забываць, што крайняя беднасць у асобных рэгіёнах планеты, сацыяльнае расслаенне ўнутры грамадства і дыспрапорцыі паміж дзяржавамі, адсутнасць перспектыў, перш за ўсё ў моладзі, — гэта пажыўнае асяроддзе для міжнароднага тэрарызму і арганізаванай злачыннасці», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка выказвае заклапочанасць разбурэннем маральных устояў і каштоўнасцей чалавецтва

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што трывогу выклікаюць глабальныя пагрозы ў сацыяльнай, гуманітарнай і экалагічнай сферах.

«Апошнім часам пад гучныя заклікі да максімальнай свабоды ў шэрагу краін выпрабоўваюцца на трываласць асноўныя ўстоі чалавечага грамадства: сям’я і маральнасць», — сказаў беларускі лідар.

«Скажу сумленна: нас вельмі хвалююць працэсы разбурэння традыцыйнай сям’і, што адбываюцца ў шэрагу краін. Асабліва не падабаецца, калі нам прапануюць прызнаць пэўныя адступленні ад норм маралі і розныя сацыяльныя «навацыі» ў якасці натуральных. Не хачу паглыбляцца ў гэту праблему, баюся ўвязнуць і быць залішне раскрытыкаваным, але так і хочацца пры гэтым спытаць: а дзяцей хто нараджаць будзе?» — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Безадказныя сацыяльныя ідэі могуць прывесці да новага расколу паміж рознымі культурамі, выклікаць жорсткае рэлігійнае непрыманне, міжнацыянальныя канфлікты. Ці задумваюцца аб наступствах сваіх слоў і дзеянняў «сацыяльныя наватары»?» — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

«Мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб нашы ўнукі, праўнукі і іх нашчадкі захавалі прынятыя народам маральныя каштоўнасці, добрыя традыцыі духоўнасці і культуры», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, такія ж эгаістычныя падыходы характэрны і адносна навакольнага асяроддзя. «Ужо шмат гадоў міжнародная супольнасць не можа знайсці адказу на выклікі змянення клімату. Многія перакладаюць адказнасць на іншых, на наступныя пакаленні», — канстатаваў беларускі лідар.

«Задумваючыся над такімі праблемамі, нельга не прыйсці да адной думкі. Відаць, што глыбінная крыніца гэтых крызісаў і пагроз адна: штучны культ індывідуальных правоў і свабод чалавека на шкоду грамадскім інтарэсам», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Прыкрываючыся лозунгам правоў чалавека, апраўдваюцца звяржэнне ўрадаў, разбурэнне дзяржаў і войны за рэсурсы. Насаджаюцца метады хаосу і анархіі. Культывуюцца драпежніцкае стаўленне да прыроды і імкненне да нажывы. Гэта прыводзіць да дэградацыі свядомасці людзей, калі нечыя прыхамаці ўзводзяцца ў норму, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. — Такія падыходы даюць «зялёнае святло» разлажэнню грамадства, разбурэнню маральных устояў і каштоўнасцей чалавецтва. Знікае мяжа паміж дабром і злом».

Лукашэнка: анархіі, беззаконню і насіллю ніколі не будзе месца на беларускай зямлі

«Магу запэўніць усіх, што анархіі, беззаконню і насіллю ніколі не будзе месца на беларускай зямлі, ні пад якімі лозунгамі, у тым ліку дэмакратыі! Мы даволі моцныя і ўпэўненыя ў сабе, каб не дапусціць іх прыходу да нас звонку!» — падкрэсліў беларускі лідар.

«Парадаксальна, але ў XXI стагоддзе чалавецтва ўступіла з вялікай колькасцю слабых і малаэфектыўных дзяржаў. Што такое слабая дзяржава? Гэта адсутнасць законнасці і стабільнасці, страшэнная няроўнасць і крайняя беднасць, адсутнасць матывацыі і здаровай маралі ў моладзі», — канстатаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі гэта вельмі добра разумеюць.

«На працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў мы мэтанакіравана будуем суверэнную дзяржаву з сацыяльна арыентаванай эканомікай. Удзялялі і прадаўжаем удзяляць самую пільную ўвагу ўмацаванню сям’і і самарэалізацыі моладзі», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Лукашэнка: стабільная Беларусь па-ранейшаму будзе заставацца донарам рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі

«Мы маем намер будаваць роўныя, узаемавыгадныя і паважлівыя адносіны з усімі краінамі свету, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Для нас уяўляе асаблівую каштоўнасць добрасуседства і ўзаемадапамога. Таму мы імкнёмся сёння да мірнага ўрэгулявання крызісу ў нашай брацкай Украіне і ў іншых гарачых кропках планеты».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь прадоўжыць актыўную работу па процідзеянні агульным глабальным праблемам, перш за ўсё ў рамках міжнародных арганізацый. Паводле яго слоў, такія арганізацыі маюць вялікі вопыт і магчымасці.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь можа прапанаваць міжнароднай супольнасці свой вопыт, няхай невялікі, вырашэння шэрага праблем. Напрыклад, па такіх напрамках, як пераадоленне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС або выкараненне гандлю людзьмі.

«Беларусь заўсёды будзе падтрымліваць любыя намаганні і ініцыятывы па ўмацаванні міжнароднага права. Гэта найважнейшы прыярытэт нашай знешняй палітыкі», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аднак, на думку Прэзідэнта Беларусі, аднаго міжнароднага права для забеспячэння міру і бяспекі на планеце недастаткова. «Неабходна на нацыянальным узроўні стварыць дастойныя ўмовы жыцця для кожнай канкрэтнай асобы. Глыбока перакананы, што адэкватна справіцца з гэтай задачай можа толькі моцная дзяржава», — сказаў ён.

Лукашэнка: прытрымліванне норм міжнароднага права з’яўляецца адзінай альтэрнатывай «закону джунгляў»

«Войны не павінны быць інструментам высвятлення адносін паміж дзяржавамі. Мір нельга ўтрымаць сілай, міру можна дабіцца толькі праз разуменне, казаў мудры Эйнштэйн. З гэтым цяжка паспрачацца», — адзначыў беларускі лідар.

«Толькі праз самаабмежаванні можна забяспечыць дабрабыт і абарону для ўсіх: і моцных, і слабых. Гэта і ёсць сутнасць міжнароднага права, якое з’яўляецца адзінай альтэрнатывай «закону джунгляў», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Асэнсоўваючы нацыянальны вопыт развіцця, хочацца зрабіць наступны вывад: толькі саюз моцных, адказных і эфектыўных дзяржаў, аб’яднаных сістэмай міжнароднага права, здольны адэкватна процістаяць сучасным глабальным выклікам і пагрозам», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

На яго думку, тут вельмі важная роля Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. «Мы шчыра верым, што адказ ляжыць у плоскасці тых ідэй, якія былі прапанаваны свету заснавальнікамі ААН 70 гадоў таму. У першую чаргу размова павінна ісці пра безумоўнае асуджэнне насілля», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу, што ў гэтыя дні даводзіцца чуць нямала крытыкі ў адрас ААН. «Беларусь, безумоўна, падзяляе галоўны пасыл аб тым, што Арганізацыя не можа быць застылай, яна павінна ісці ў нагу з часам. Але самае важнае — рэфармуючы любую структуру, не выкінуць бы галоўнае, у гэтым выпадку забяспечыць непарушнасць мэт і прынцыпаў Статута ААН. Разам з тым важна разумець, што ААН, як я ўжо неаднаразова гаварыў, — гэта ўсе мы, і ад таго, наколькі ўзгоднена і канструктыўна мы будзем дзейнічаць, залежыць дабрабыт сусветнай супольнасці», — падкрэсліў беларускі лідар.

Лукашэнка заклікае сусветных лідараў пакончыць з войнамі і канфліктамі на планеце

«Менш за ўсё я хачу, каб мае словы з гэтай трыбуны ў другі дзень яшчэ раз прагучалі па-прарочы, але сёння нельга пазбавіцца ад адчування, што ў свеце маячыць прывід чарговага вялікага канфлікту, калі не вайны, — сказаў беларускі лідар. — Нам нельга дапускаць, каб гэты злавесны прывід стаў явай!»

«Вось мы сабраліся сёння. Учора абмяркоўвалі вельмі важную праблему, намецілі праграму развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Я ўжо гаварыў: для вельмі многіх, для мільёнаў жыхароў нашай планеты «ўстойлівае развіццё» гучыць па-кашчунску, таму што яны паміраюць кожны дзень, паміраюць дзеці, старыя. І нам сёння сабрацца б і прыняць толькі адно рашэнне — пакончыць з войнамі і канфліктамі, хаця б з тымі, якія сёння разгарэліся і бушуюць на нашай планеце», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На заканчэнне свайго выступлення Прэзідэнт Беларусі прывёў цытату Нэльсана Мандэлы. «Гэты нязломны змагар за справядлівасць у свеце, звяртаючыся да сучаснікаў, сказаў: «Часам на пакаленне выпадае доля стаць вялікім. Вы можаце стаць гэтым пакаленнем». Вельмі спадзяюся, што такая доля выпадзе менавіта нашаму пакаленню. Я веру, што мы знойдзем у сабе сілы і разважлівасць зрабіць усё, каб змяніць свет да лепшага. Іншага не дадзена», — сказаў беларускі лідар.

Лукашэнка правёў шэраг поўнафарматных сустрэч з калегамі на пляцоўцы ААН і некалькі кароткіх гутарак

У прыватнасці, адбыліся сустрэчы кіраўніка беларускай дзяржавы з прэзідэнтамі Аўстрыі, Эквадора, Егіпта, Кубы, з кіраўніцтвам ААН: Генеральным сакратаром Арганізацыі і Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека.

«На двухбаковых сустрэчах абмяркоўваліся пытанні развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі. Гэта датычыцца і Егіпта, і Эквадора, і Кубы, і з кіраўніцтвам Венесуэлы была размова на гэту тэму», — сказаў Уладзімір Макей.

«Усе краіны гавораць аб тым, што фінансава-эканамічная сітуацыя сёння ў свеце такая, што ўсе дзяржавы зведваюць пэўныя праблемы. Але наша задача якраз у тым, каб нягледзячы на гэту праблемную сітуацыю, паспрабаваць знайсці тыя напрамкі супрацоўніцтва, якія дадуць магчымасць пераадолець гэтыя цяжкасці. Прэзідэнт менавіта на гэтым і засяроджваў сваю ўвагу ў час двухбаковых сустрэч», — адзначыў кіраўнік МЗС.

Паводле яго слоў, добрыя дамоўленасці вырысоўваюцца з Егіптам. Бакі дамовіліся аб абмене візітамі на вышэйшым узроўні, аб правядзенні пасяджэння міжурадавай камісіі і нарошчванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

«Добрая размова была і з Прэзідэнтам Эквадора. Напэўна, у наступным годзе адбудзецца візіт Прэзідэнта Беларусі ў краіны Лацінскай Амерыкі, у тым ліку плануецца наведванне Эквадора, дзе ў нас ужо рэалізуюцца некаторыя праекты і дасягнута дамоўленасць аб распрацоўцы і рэалізацыі новых праектаў у розных сферах супрацоўніцтва. Такія ж плённыя размовы былі і з Кубай, і з шэрагам іншых краін», — сказаў Уладзімір Макей.

Добавить комментарий


etalon.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!