Маладыя сваім духам

“Паклон вам нізкі ад родных і блізкіх” — акцыю пад такой назвай на працягу верасня праводзяць спецыялісты тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Прымеркавана яна да Дня пажылых людзей і разлічана на тое, каб не адзін дзень, а з дня ў дзень звяртаць увагу на праблемы пажылых людзей, імкнуцца дапамагчы ім быць у цэнтры падзей, каб дзяліцца сваім вопытам і мудрасцю. У рамках акцыі прайшла сустрэча ў клубе зносін для пажылых людзей “Незгасальны агеньчык”. На яе прыйшлі самыя актыўныя прадстаўнікі мудрага ўзросту.

Паколькі пажылыя людзі не прывыклі здаваць свае пазіцыі і застаюцца даволі актыўнамі і ў той жа час разважлівымі прадстаўнікамі грамадства, размова на сустрэчы пачалася з сур’ёзнай тэмы – будучых выбараў Прэзідэнта краіны, абмеркаваць якую было прапанавана за “круглым сталом”. Удзельнікам сустрэчы прапанавалі пазнаёміцца з праграмамі кандыдатаў у Прэзідэнты. Старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бойка напомніў актывістам ветэранскіх пярвічак аб тым, што вельмі важна гутарыць з людзьмі ў тых арганізацыях, дзе яны працавалі, з аднавяскоўцамі, каб кожны разумеў, што будучыня краіны павінна вырашацца і з яго голасам. Гаварыў ён і пра важную ролю наглядальнай камісіі, у якую ўвайшлі многія актыўныя пажылыя жыхары раёна. Сваю думку аб тых падзеях, што набліжаюцца, мог выказаць кожны ўдзель­нік сустрэчы. Людзі старэйшага пакалення, як адзначаў, далучыўшыся да размовы, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Андрэй Гарбацэвіч, маюць багаты вопыт і лепш за іншых ведаюць, як важна для ўсіх захаваць спакой у краіне. Гэта моладзі ўласціва імкнуцца да перамен, спадзявацца на тое, што апошнія прынясуць лепшае жыццё. А людзям, якія многае бачылі, шмат чаго перажылі, добра вядома, якую цану мае мір. Дзяліцца сваімі думкамі, сваім жыццёвым вопытам, сваёй удумлівай мудрасцю ў вырашэнні важных пытанняў з маладымі людзьмі, сваімі дзецьмі, унукамі і праўнукамі заклікаў ён удзельнікаў “круглага стала”.
Другая частка сустрэчы была лірычнай віншаваль­най паштоўкай да дня пажылых па ўзросту, але маладых душою людзей. Вядучая Таццяна Сацюк шчырымі словамі вітала гасцей сустрэчы, запрашала кожнага падзяліцца сваімі думкамі, ўражаннямі, захапленнямі, сакрэтамі захавання на доўгія гады душэўнай маладосці. З запрашэннем быць актыў­нымі ўдзельнікамі ўсіх мерапрыемстваў тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, падтрымліваць цікавыя ідэі, выказваць свае пажаданні ў рабоце з пажылымі людзьмі выступіла дырэктар Цэнтра Людміла Алесік. Мерапрыемства стала працягам цыклу сустрэч з цікавымі людзьмі. На гэты раз са сваім агульным хобі знаёміў усіх хор ветэранаў гарадскога Дома культуры. Песні аб летуценнай маладосці і пражытых гадах, надзейным плячы побач, каханні і веры ўзнімалі настрой, а чароўныя галасы ўбеленых сівізной, але бадзёрых настроем і маладых сваім духам салістаў краналі самыя патаемныя струны душы. Між іншым, такія ж сустрэчы з удзельнікамі хору ветэранаў прайшлі ў вёсках Заазёрная і Дрочава. Для вяскоўцаў гэта было маленькае свята сярод працоўных будняў.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 30.09.2015 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!