И продавец, и консультант, и психолог

Што, здаецца, незвычайнага можа быць у рабоце паштальёна? Бяры газеты, часопісы, пісьмы, складай у сумку і адпраўляйся па сваім маршруце… І толькі той, хто хоць некалькі гадзін правядзе побач з паштальёнам, зразумее, якая гэта мнагагранная і няпростая прафесія. А той, хто, як Вольга Сцяпанаўна Валынчук з Масевічаў, ужо больш за 40 гадоў сам непасрэдна звязаны з гэтай прафесіяй, можа расказаць нямала цікавага пра сваю складаную, але не пазбаўленую рамантыкі працу.
Паштальён сёння – гэта не толькі пісьманосец і пастаўшчык свежай прэсы. Па сутнасці, асабліва ў вёсцы,  ён – мабільнае аддзяленне сувязі. Практычна ўсё, за чым мы прыходзім на пошту, паштальён можа прынесці ў ваш дом.
— Для вяскоўца, асабліва пажылога, гэта вельмі зручна, — заўважае Вольга Сцяпанаўна. — За кожнай дробяззю не трэба ў магазін адпраўляцца. А нам з газетамі, пенсіяй усё роўна з хаты ў хату ісці даводзіцца, спадарожна і тавар прапаноўваем, заказы выконваем.
Сваю працоўную біяграфію, закончыўшы школу, Вольга Валынчук пачала ў Брэсце, на галоўпаштамце. 16 гадоў працавала яна паштальёнам у горадзе. А калі з’явілася магчымасць перайсці ў паштовае аддзяленне вёскі Масевічы, не ўпусціла яе. З таго часу прайшло ўжо 26 гадоў,  і жанчына ніколькі не пашкадавала, што зрабіла такі выбар. Ды і што казаць, настолькі прыкіпела яна да сваёй работы, што пяты год ужо на пенсіі, а па-ранейшаму працуе.
Участак, які абслугоўвае Вольга Сцяпанаўна,  немалы, у сярэднім кіламетраў дзесяць. Трэба ёй аб’ехаць Масевічы, Стругу і станцыю Закруцін. Кожнага жыхара гэтых вёсак яна ведае ў твар, як і ведае, каму што прапанаваць можна. Адзін пачытаць любіць, ён і выпіша газеты, часопісы, ды яшчэ і ў паштальёна купіць ( у вялікай паштовай сумцы заўжды ёсць газеты на продаж),  другі толькі праграмай цікавіцца, яму не кожнае выданне прапануеш, трэці чакае паштальёна, каб нейкія прысмакі набыць ці неабходную бытавую дробязь, чацвёрты пісьмо падрыхтаваў ужо, канверт трэба, пяты, атрымліваючы пенсію,  яшчэ і паразмаўляць не супраць.  Кім толькі не даводзіцца быць Вользе Сцяпанаўне – і прадаўцом, і кансультантам, і псіхолагам. Шчырая па характары, гаваркая і вельмі камунікабельная, яна добра ведае,  каму трэба удзяліць хвілінку-другую,  каб, паразмаўляўшы пра жыццё,  развеяць сум адзіноты, і не шкадуе часу, хоць яго зусім у абрэз, бо, праехаўшы на веласіпедзе адну вёску, трэба адпраўляцца ў другую. І так з дня ў дзень, бо свежыя навіны, як і свайго добрага паштальёна Сцяпанаўну, вяскоўцы чакаюць штодня.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: паштальён паштовага аддзялення в. Масевічы Вольга ВАЛЫНЧУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


exstraeconom.kiev.ua

onlyyou.od.ua

yarema.ua