Дарагі сямейны капітал

Мікалай Міхайлавіч і Надзея Васільеўна Капанькі зранку сабраліся ў царкву. Трэба ж было на Яблычны Спас асвяціць дары свайго саду. А вярнуўшыся дамоў, за хатнія справы брацца не спяшаліся — свята ўсё ж. Забавіліся ў двары з праўнучкамі Уладам і Максімкам, якіх прывезлі да бабулі з дзядулем з Брэста ўнук Міша з жонкай Таццянай. Якраз у гэты час і прыехалі мы ў ціхую вёсачку Зеляніца, што ў Арэхаўскім сельсавеце. Арыенцірам у пошуках дома Капанькаў быў лясок, у які менавіта іх апошнім на вуліцы дваром ўпіраецца вёска.

Для Мікалая Капанькі Зеляніца – не проста роднае месца, дзе нарадзіўся, вырас, адкуль у армію пайшоў, куды вярнуўся праз тры гады і дзе моцна ўраслі ў зямлю яго карані. Гэтая вёска, як прызнаецца Мікалай Міхайлавіч, — часцінка яго сэрца, без якой яно не можа біцца роўна. Па лесу, што ўсяго ў двух кроках ад парога, па квецені садоў, якая, быццам бялюткія, сплеценыя чарадзейнай рукою прыроды карункі, ахутвае вясной кожны двор, сумаваў ён, калі салдатам служыў у Германіі. Цягнула дамоў, таму што вакол было ўсё чужое, далёкае для беларускай душы. А яшчэ таму, што рана ён адчуў сябе ў бацькоўскім доме гаспадаром. Бацька Мікалая ад цяжкага ранення, што атрымаў на фронце, памёр у шпіталі якраз у ноч на пераможнае 9 мая 1945 года. Хлопчыку, які быў старэйшы з траіх дзяцей, давялося замяніць ва ўсіх сялянскіх справах бацьку. Вось і прыкіпеў ён да Зеляніцы ўсім сэрцам. І калі сустрэў сваю палавінку і справа дайшла да вяселля, адразу настаяў, што сваю Надзею Васільеўну забярэ з Олтуша, дзе жыла яна, ў сваю невялікую, але ўтульную і прыгожую вёсачку.
Надзея да знаёмства з Мікалаем працавала на сепаратарным пункце лабарантам. Сюды малады вадзіцель штодня прывозіў малако. Прыгожая дзяўчына кінулася ў вочы хлопцу адразу. Але ён яшчэ некалькі дзён прыглядаўся, набіраўся смеласці, каб пачаць размову. А, між тым, ёй Мікалай таксама спадабаўся. Але сціплая была Надзея. Першай нізашто б не загаварыла з хлопцам. А калі той адважыўся задаць пытанне, падтрымала размову. Так, здаецца, зусім проста, але для іх абаіх вельмі хвалююча зарадзілася пачуццё, якое спадарожнічае Мікалаю Міхайлавічу і Надзеі Васільеўне ўжо 55 гадоў.
Пасля вяселля маладую жонку забраў Мікалай Міхайлавіч у Зеляніцу.
— Цяпер я б, напэўна, задумалася, ці згадзіцца з вялікага сяла перабрацца ў маленькую вёсачку, — з усмешкай на вуснах разважае Надзея Васільеўна.
А тады ёй, дзевятнаццацігадовай дзяўчыне, з мілым рай быў, як кажуць, і ў шалашы. Мікалай прывёў маладую жонку ў бацькоўскі дом і адразу ўзяўся за будаўніцтва свайго, месца для якога выбралі Капанькі на ўскрайку вёскі. Праз некалькі гадоў сям’я ўжо засялілася ў невялікі, усяго ў два пакоі, домік, які і яму, і ёй хацелася клапатліва абуладкоўваць. Але зрабіць гэта было няпроста, бо Надзеі Васільеўне і Мікалаю Міхайлавічу, як і іншым дзецям вайны, разлічваць даводзілася толькі на свае сілы. Чым маглі дапамагчы ім іх маці-удовы, якім у адзіночку даводзілася падымаць дзяцей? Сям’я Надзеі ў гады вайны сама пазбавілася даху над галавой. Якраз у іх дом патрапіў нямецкі снарад і пад завалам загінуў бацька. Пасля вайны сям’і, дзе гадавалася чацвёра дзяцей, нялёгка было стаць на ногі. Паўсіратою, без бацькі, выгадаваўся і Мікалай. Таму і стараліся яны самастойна спраўляцца з усімі цяжкасцямі: сумленна працавалі з ранку да вечара ў калгасе, а потым, пакуль не зайшло сонца, – на сваім полі. Прыкметнікам “цяжкая” не перадаць, якой сапраўды выпрабавальнай была праца ў паляводчай брыгадзе. Спрытныя рукі Надзеі Васільеўны ведалі і ўмелі ўсё. Але напрацаваныя, з мазалямі, для траіх дзяцей – дачкі Алены, сыноў Леаніда і Анатоля — яны заўжды былі самымі цёплымі, ласкавымі і пяшчотнымі. А бацькаў прыклад адданасці вадзіцельскай справе выклікаў гонар.
Вадзіцелем у мясцовую гаспадарку Мікалай Міхайлавіч прыйшоў пасля армейскай службы. З першага працоўнага дня да апошняга ў біяграфіі Мікалая Капанькі адрэзак у 41 год. Тысячы кіламетраў праехаў ён на сваім грузавіку і па мясцовых дарогах, і далёка за межамі раёна і ўвогуле Беларусі. Накіроўвалі адказнага вадзіцеля ў розныя гарады Расіі, Украіны,
— Іншы ехаць адмаўляўся, бо дарога далёкая, камандзіроўка можа зацягнуцца. А мне сорамна было падвесці гаспадарку, разумеў, што камусьці ўсё роўна ехаць давядзецца. – успамінае Мікалай Міхайлавіч.
Адпраўляючы Мікалая Капаньку ў рэйс, і ў калгасе, і ў раённых службах добра ведалі, што паражняком ён ніколі не вернецца, бо ўмее цаніць і час, і грошы, хоць яны не са сваёй кішэні, дзяржаўныя. І сёння памятае Мікалай Міхайлавіч той выпадак, калі прыехаў у Бабруйск за прыстасаваннямі да тэхнікі, а ў арганізацыі, якая іх пастаўляла, толькі рукамі развялі, маўляў, вяртайцеся дамоў і прыязджайце не раней, як праз паўмесяца. Не мог змірыцца працавіты вадзіцель з тым, што дарэмна колы яго машыны пракруцілі столькі кіламетраў, што згублены час, зрасходавана шмат паліва. Пачаў ён сам хадзіць па кабінетах, прасіць падпісаць патрэбныя паперы, каб усё ж забраць свой груз. І ўпартаму шафёру, які за калгаснае прасіў, як за сваё, пайшлі насустрач. А ў гаспадарцы, калі вярнуўся, шчыра падзякавалі. І гэтага вадзіцелю было дастаткова, бо не для славы працаваў ён, а таму, што шчыра любіў сваю справу. І гэтую любоў да прафесіі вадзіцеля перадаў ён у спадчыну сыну Леаніду.
Калі гартаеш старонкі календара, заглядаючы наперад, здаецца, і год, і два, а тым больш пяць, – гэта час вельмі доўгі. А калі азіраешся ў мінулае – дык і сем дзесяцігоддзяў – зусім дробязь, бо дні жыцця ляцяць вельмі хутка. У памяці Мікалая Міхайлавіча і Надзеі Васільеўны захавалася шмат розных падзей, імгненняў, уражанняў. Было нямала момантаў шчасця, але былі і невыносна доўгія два гады чакання сына з афганскай вайны.
— Не было дня, каб я не плакала, бо і днём, і ўначы думала: ці жывы сынок, ці ўсё ў яго добра, — успамінае Надзея Васільеўна.
Штодня яна слухала навіны, лавіла кожнае слова пра далёкі невядомы ёй Афганістан. А калі выдалася магчымасць пабачыцца, паляцела ў Ташкент. Сэрцы бацькоў шмат вытрымалі, у валасах з’явілася сівізна, але ні з чым не параўнаць радасць, калі дачакаліся свайго Анатоля, жывога і здаровага, дамоў. Гэтую сустрэчу яны чакалі, здавалася, вечнасць.
А былі ў Капанькаў і нечаканыя сустрэчы. Так, паехаўшы неяк у Батумі, Мікалай Міхайлавіч выпадкова пазнаёміўся з чалавекам, які добра ведаў яго родную Зеляніцу, бо ў гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў у партызанскім атрадзе ў арэхаўскіх лясах. Мікалай Міхайлавіч успомніў, што і ў іх бацькоўскім доме ў ваенны час жылі партызаны. З новым знаёмым было аб чым пагутарыць. А ўсю дарогу дамоў Мікалай Міхайлавіч думаў аб тым, што нічога ў жыцці не бывае выпадковым. І кожная падзея, кожная сустрэча даецца лёсам, каб нешта ўспомніць, нешта зразумець, нешта асэнсаваць.
Не адзін год ужо Мікалай Міхайлавіч і Надзея Васільеўна на заслужаным адпачынку. Цешацца, як жартуюць, ціхім жыццём у вёсачцы, якая, на жаль, разам з нешматлікімі жыхарамі-пенсіянерамі дажывае свой век. Сюды, каб адпачыць на вясковых прасторах, падыхаць чыстым паветрам, пачаставацца ягадамі, садавінай, часцяком наведваюцца шасцёра ўнукаў з праўнукамі. Яны — прадаўжальнікі роду. А гэта самы дарагі сямейны капітал.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: радасць Мікалая і Надзеі Капанькаў – унукі і праўнукі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 30.09.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.