ОДНА МЕЧТА НА ДВОИХ

Куды схавацца чалавеку ад штодзённай мітусні, гарадскога шуму, загазаванага паветра мегаполісаў? Вядома ж,  у вёску, туды, дзе лес пад бокам, птушкі спяваюць ды грыбы растуць. А паветра якое цудоўнае! Адным словам,  куды ні глянь,  усюды патэнцыяльнае месца для адпачынку.
У Сяргея Кандрацюка і яго сябра Андрэя Лаўрэнюка, жыхароў горада Брэста, мара пра домік у вёсцы з’явілася даўно. Прычым сябры і запланавалі пакупку адразу трох дамоў у адной вёсцы (каб было дзе фантазіі разгуляцца). Праўда, здзейсніць мару атрымалася не адразу. Аб’ездзіўшы з дзясятак вёсак у Брэсцкай вобласці, яны так і не знайшлі таго, што хацелі: каб дамы былі размешчаны побач і знаходзіліся ў куточку амаль што не кранутай чалавекам прыроды.
Неяк выпадкова, у чарговы раз вывучаючы карту вобласці, Андрэй і Сяргей спыніліся на велікарыцкіх мясцінах, вядомых сваімі багатымі лясамі. Напэўна, сёмым пачуццём адчулі, што менавіта тут ім пашчасціць і звярнуліся за падказкай да мясцовай улады. У Велікарыцкім сельвыканкаме ім ахвотна дапамаглі, прапанаваўшы набыць пустуючыя дамы ў вёсцы Антанова. Так яны і зрабілі. У мінулым працэдура афармлення і вось ужо тры вялікія ўчасткі па 25 сотак на ўлонні прыроды ў руках маладых, энергічных і поўных ідэй гаспадароў. Яны чакаць не сталі і адразу пасля пакупкі ўчасткаў,  нягледзячы на тое, што на двары зіма,  прыняліся за іх добраўпарадкаванне. У першую чаргу выкапалі вялікі вадаём, каб можна было пасядзець на беразе з вудай, адпачыць, а потым са свайго ўлову наварыць смачнай юшкі. Бліжэй да вясны закупілі неабходную сельскагаспадарчую тэхніку, каб поле апрацаваць. Зараз ужо і на полі, і ў цяпліцы з агуркамі, перцамі і памідорамі першы ўраджай збіраюць, які, на радасць гаспадарам,  выдаўся добрым.
Заняліся сябры і пераабсталяваннем домікаў. Адразу вырашылі, што дамы, у якіх яны будуць жыць, павінны захаваць вясковы каларыт і дух старажытнасці, але ў той жа час мець усе неабходныя чалавеку выгоды. Трэба сказаць, што за адносна невялікі прамежак часу – усяго паўгода, Андрэю і Сяргею разам з іх сем’ямі (жонкі, якія працуюць у Брэсце, і дзеці прыязджаюць у вёску на выхадныя) удалося зрабіць многае, асабліва ў плане добраўпарадка­вання двара. Ля вадаёма пабудавалі яны  для дзяцей арэлі,  зроблены гаспадарчы дворык, дзе размяшчаецца жыўнасць: куры, качкі, парасяты.

Усёй гэтай вялікай гаспадаркай кіруе дачка Андрэя, спрытная і гаспадарлівая Мая.
— У нас ёсць 20 белых курачак і аж 58 маленькіх куранят. А яшчэ 7 качак і 20 качанят, — хутка выдае лічбы адзінаццацігадовая дзяўчынка.
— А вось гэтых колькі? —  заўважыўшы чырвоных нясушак пытаюся ў юнай гаспадыні.
— Куранят, гавораць, па восені лічаць  — з сур’ёзным выглядам заўважае дзяўчынка. А потым, усміхнуўшыся, дадае: — Напэўна, 36 будзе. Яны, між іншым, кожны дзень даюць нам больш за 20 яек.
Усё лета правяла Мая разам з татам у вёсцы. Дзяўчынка запэўнівае, што нават на паездку да мора не прамяняла б адпачынак у вёсцы. Тут і свой аквапарк самаробны, і рыбалка. Гаспадары запусцілі ў вадаём рыбу, цяпер у ім  водзяцца і шчупакі, і карасі, і таўсталобікі. Адразу кінуўся ў вочы ліхтар, які вісіць над вадаёмам. Заўважыўшы нашу цікавасць, Сяргей, які праводзіў невялікую экскурсію па сваіх уладаннях, удакладніў:
— Гэта наша  хітрасць. Ноччу на свет злятаюцца розныя насякомыя, што з’яўляецца бясплатным кормам для рыбы.
Калі вы думаеце, што ў вёсцы жыццё сумнае, памыляецеся. Можна зрабіць яго цікавым. Трэба толькі захацець. Новыя антаноўскія жыхары, каб даставіць радасць дзецям, прыстасавалі над вадой тарзанку. Мая з задавальненнем  прадэманстравала нам яе ў дзеянні — хоць невялікі, але ж экстрым.
Ад спякоты ці наадварот ад дажджу выратоўвае гаспадароў  плеценая альтанка. Тут і гасцей сустракаюць, а з горада ў вёску, каб адпачыць, з задавальненнем прыязджаюць сябры Андрэя і Сяргея. Каб зрабіць вялікі ўчастак абжытым і ўтульным, гаспадары выкарыстоўваюць усе пад­ручныя матэрыялы. Нават дуб, які давялося зрэзаць, бо рос ён пасярод участка, замяніў дбайным гаспадарам тратуарную плітку: пасля распілоўкі з яго атрымаліся прыгожыя сцежкі.
Сябры прызналіся, што ў іх ўжо склалася свая  традыцыя: кожныя выхадныя абедз­ве сям’і збіраюцца ў вёсцы, каб разам папра­цаваць,а потым адпачыць — парыбачыць, а потым прыгатаваць святочную вячэру. Хоць сем’і Сяргея і Андрэя яшчэ не перабраліся ў вёску (праца не адпускае), але ж прыгожыя мясціны прыцягваюць усіх. Пакуль не рэалізавана яшчэ і палова задумак сяброў. А наперадзе яшчэ планаў шмат. Плануюць яны пабудаваць лазню і невялікі тэнісны корт.
— Гэта зробім, а там, магчыма, і новыя ідэі з’явяцца, —  у задуменні (напэўна, новая думка прыйшла) заўважаў Андрэй.
Раскрыю сакрэт: у будучым гаспадары задумваюцца над тым, каб заняцца арганізацыяй адпачынку для турыстаў.  Няма сумненняў у тым, што жадаючых наведацца ў такое цудоўнае месца знойдзецца нямала. Але каб здзейсніць усе задумкі, Сяргею і Андрэю давядзецца шмат працаваць.
Па вачах, якія проста гарэлі энтузіязмам, я зразумела, што ніякія цяжкасці сяброў не пужаюць, таму ёсць надзея, што іх агульная на дваіх мара здзейсніцца.  
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Сяргей КАНДРАЦЮК ніколькі не шкадуе, што памяняў горад на вёску; юная гаспадыня Мая.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


renesans-centr.kiev.ua

kls-agency.com.ua

http://oncesearch.com