Шчасце вучыць і вучыцца

Утаропіўшыся, 18 пар вачэй, нават не маргаючы, глядзяць на настаўніка і ўважліва слухаюць яго, ловячы кожнае слова. Хвіліну, тры, пяць… Пасля тлумачэння новага матэрыялу Сяргей Смаль на некаторы момант змаўкае і таксама пільна глядзіць на сваіх вучняў. Калі позіркі іх сустракаюцца, усе твары ўмомант расквечваюцца шчаслівай усмешкай.

Гучыць залівісты званок. Другакласнікі хуценька рыхтуюцца да наступнага ўрока. Сяргей Ігнатавіч яшчэ раз далікатна напамінае ім, як трэба сябе паводзіць на рухомым перапынку. Кіўнуўшы ў знак згоды галавою, вучні дружнай гурбою выбягаюць з кабінета. Адзін з хлопчыкаў вярнуўся назад. Выглядаючы з-за дзвярэй, ён гучна пацікавіўся: “Сяргей Ігнатавіч, а Вы – з намі?” Не дачакаўшыся адказу, галава знікае. “А як жа!” – ляціць услед адказ настаўніка. Узяўшы футбольны мяч, хутка накіроўваецца на рухомы перапынак і Сяргей Смаль.
Сяргей Ігнатавіч — педагог Хаціслаўскай сярэдняй школы. Адзіны на сённяшні дзень мужчына, які на Маларытчыне працуе настаўнікам пачатковых класаў. Педагагічнай дзейнасці ён ужо аддаў 26 гадоў свайго жыцця. Настаўнікам стаў выпадкова. У юнака была мара зусім іншая, са школай аніяк не звязаная.
Сяргей Смаль нарадзіўся і вырас у в. Сушытніца. З маленства бацькі прывучалі хлопца да нялёгкай сялянскай працы. Яго маці, Марыя Якаўлеўна, была перадавой даяркай калгаса. Яе партрэт не адзін год змяшчаўся на раённай Дошцы гонару. А бацька, Ігнат Міканоравіч, працаваў дзяжурным на чыгуначнай станцыі і меў шмат узнагарод. Юнак і браў з іх прыклад, усюды і ва ўсім стараўся быць на добрым рахунку. Сяргея Ігнатавіча з дзяцінства цягнула тэхніка. Таму пасля заканчэння Хаціслаўскай СШ падаў дакументы ў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, каб набыць спецыяльнасць інжынера-механіка. Аднак не прайшоў па конкурсе. Давялося вярнуцца ў родную вёску і ўладкавацца на год трактарыстам у мясцовы калгас.
— У час вучобы ў старэйшых класах я яшчэ наведваў заняткі ў вучэбна-вытворчым камбінаце, — кажа Сяргей Смаль. – Пасля яго заканчэння атрымаў правы катэгорыі “С”. А калі ўладкаваўся на працу ў калгас, то атрымаў і правы трактарыста.
У школу Сяргей Ігнатавіч пайшоў на год раней, чым трэба. Вучыўся добра. Пасля заняткаў з дазволу бацькі часта на двары круціў-рамантаваў спачатку веласіпед, а калі падрос – матацыкл. Хацелася сваімі рукамі памацаць, перабраць усе дэталі і механізмы.
У 10 класе Сяргей Ігна­тавіч прымаў удзел у аблас­ным конкурсе юных аўтамабілістаў, дзе заняў першае месца. У Віцебску на аналагічных рэспубліканскіх спаборніцтвах таксама стаў самым лепшым. Юнака ўключылі ў склад каманды БССР на Усесаюзныя спаборніцтвы, якія павінны былі прайсці ў Цалінаградзе.
— Я адмовіўся, бо добра ведаў, што чакала сур’ёзная штодзённая падрыхтоўка, — гаворыць Сяргей Смаль. – У мяне ж былі зусім іншыя планы. Я заканчваў сярэднюю школу і збіраўся паступаць у ВНУ. Трэба было “падцягваць” некаторыя прадметы. Цяпер разумею, што прынятае тады рашэнне было памылковым. У спаборніцтвах не паўдзельнічаў, у ВНУ не паступіў. Але ў Казахстан усё ж такі на 2 гады трапіў. Тэрміновую службу праходзіў у пагранічных войсках у Алма-Аце.
У снежні 1985 г. Сяргей Ігнатавіч дэмабілізаваўся. Неабходна было нечым зай­мацца. Неяк ён праглядаў абласную газету “Зара”. Юнак сваю ўвагу засяродзіў на адной аб’яве.
— Падрыхтоўчае аддзяленне Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна аб’яўляла дадатковы набор, — успамінае Сяргей Смаль. – Вакансія была на педагагічным факультэце. Думка пра вышэйшую адукацыю за час службы ў арміі не знікла. Аднак настаўнікам пачатковых класаў сябе не бачыў і не ўяўляў нават. Паўгода ж трэба было нечым займацца. Таму рашэнне пайсці вучыцца на гэтае падрыхтоўчае аддзяленне прыняў не адразу. Быў упэўнены, што за некалькі месяцаў добра змагу пад­рыхтавацца і паступіць вучыцца на нейкую іншую спецыяльнасць, напрыклад, у сталічную ВНУ. Гэтай думкай сябе і цешыў. Аднак усё атрымалася не так.
…Сяргей Ігнатавіч вырашае перавесціся вучыцца на фізіка-матэматычны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Аднак дэкан педагагічнага факультэта адгаварыла юнака ад гэтага. Яна сказала: “Тваё месца – даваць веды вучням пачатковых класаў. З цябе, Сяргей, атрымаецца цудоўны настаўнік менавіта пачатковых класаў. Узваж яшчэ раз усё і не збочвай з ужо выбранага шляху”.
Гэтыя словы, сказаныя так шчыра і пранікнёна, назаўжды запалі ў душу Сяргея Смаля. І ён паступае на педагагічны факультэт.
Юнака хутка там заўва­жаюць. Стараннасць, мэтана­кіраванасць у дасягненні мэты, сур’ёзнае стаўленне да любой даручанай справы паспрыялі таму, што Сяргея Ігнатавіча выбіраюць старастам курса.
— На 4 курсе ў мяне бы­ло вольнае наведванне заняткаў, — гаворыць Сяргей Смаль. – Таму з 1 верасня 1989г. я стаў настаў­нікам пачатковых класаў Хаціслаўскай СШ. З таго часу так і працую на адным месцы. У выбары прафесіі не разачараваўся. Гэта пацвярджаюць і 26 гадоў, якія ўжо аддадзены педагагічнай ніве. Усё светлае і добрае звязана са школай.
— Сяргей Ігнатавіч, а якая яна, Ваша галоўная мэта як настаўніка пачатковых класаў?
— Сябе як настаўніка бачу ў тым, каб дарогу да сэрца кожнага вучня знайсці, каб быць патрэбным ім у жыцці, а таксама, каб даць неабходныя веды, уменні, навыкі, каб вучні былі прыстасаванымі да розных жыццёвых умоў. А яшчэ маіх хлопчыкаў і дзяўчынак хочацца бачыць добрымі людзьмі ў будучым, якія будуць шчыра любіць сваю Радзіму, шанаваць і паважаць традыцыі і звычаі роднага краю.
Каб нечага дасягнуць, неабходна прыкласці на­ма­ганні. Гэта павінна быць не разавым дзеяннем, а штодзённым, пастаянным. Перакананы, што ў працы з дзецьмі без педагагічных хітрасцей не абысціся, таму на ўроках заўсёды выкарыстоўваю розныя методыкі. Да таго ж настаўніку неабходна, як кажуць, быць на ўзроўні, пастаянна абнаўляць свае веды, займацца самаўдас­канальваннем.
— А з чаго складаецца настаўніцкае шчасце?
— Задавальненне ад сваёй работы атрымліваю тады, калі бачу яе вынік, калі вочы маіх другакласнікаў свецяцца радасцю.
Мне заўсёды неабходна іх бачыць. Па вачах чытаю ўсё, бо вочы – люстэрка чалавека. Прашу дзяцей заўсёды і ва ўсім гаварыць толькі праўду і ўмець адказваць за свае ўчынкі. Калі сорамна за тое, што зрабіў, старайся ў далейшым больш так ніколі не рабіць. Тады і чырванець не давядзецца перад іншымі.
Для мяне асабіста шчасце — вучыць маіх другакласнікаў і адначасова вучыцца ў іх. Вучні — штодзённае адкрыццё і задавальненне. Каб зразумець сваіх другакласнікаў, імкнуся глядзець на свет іх вачыма. У дзяцей усё як на далоні.
— Наш Сяргей Ігнатавіч самы лепшы на свеце! — у адзін голас гучна адка­залі вучні 2 класа, калі я пацікавіўся, хто з’яўляецца іх любімым настаўнікам. А потым наперабой яны сталі дапаўняць, абавязкова дадаючы слова самы: “Мужны, смелы, старанны, справядлівы, працавіты…” Я назіраў за вучнямі Сяргея Смаля. Кожнаму з іх хацелася першаму пра свайго настаўніка сказаць абавязкова нешта добрае і прыемнае. Здавалася, што ўжо і слоў больш такіх няма, але дзеці знаходзілі ўсё новыя і новыя: “Уважлівы, ветлівы, спагадлівы, чулы, клапатлівы…”
Ці многія настаўнікі могуць сказаць, што яны заваявалі сэрцы сваіх вучняў? А вось Сяргей Смаль з упэўненасцю можа. У чым такі сакрэт непадробнай любві? Магчыма, у высокім майстэрстве педагога, у незвычайнай шчырасці, паўсядзённай прастаце, разумнай прынцыповасці. Уся дзейнасць Сяргея Ігнатавіча – сведчанне вялікага працалюбства, гарэння ў імя дзяцей і для іх. Напэўна, якраз гэта і выклікае пачуццё асаблівай павагі і захаплення.
Сяргей Смаль даўно пераканаўся, што настаўнік – гэта не прафесія, а лад жыцця.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: Сяргей Смаль, настаўнік пачатковых класаў Хаціслаўскай СШ, праводзіць урок у 2 класе.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.