Турыстычны ўік-энд

Часта даводзіцца чуць ад дарослых, што, маўляў, нельга ада­рваць падлеткаў ад камп’ютараў, планшэтаў, тэлефонаў. А ці так гэта на самой справе? Ці ёсць у дзяцей альтэрнатыва, такая ж цікавая і захапляльная? Мы паспрабавалі даказаць, што ёсць. 

…Раніца аўторка. Нечаканым быў тэлефонны званок ад Вячаслава Мікалаевіча Зезюкова, метадыста станцыі дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, з прапановай правесці выхадныя ў в. Олтуш. Шчыра кажучы, хвалявалася, калі аб’яўляла дзецям пра паход (гэта ж не жарты – прайсці пешшу амаль 16 кіламетраў!). Думала, што не будзе жадаючых. Але не, вучні-сямікласнікі хутка сабралі вялікую каманду.
Cубота. Выхад назначаны на 12 гадзін. Нават надвор’е нам спадарожнічала – свяціла сонейка. У гэты ж час са Збуража выходзіла яшчэ адна група турыстаў пад кіраўніцтвам Сяргея Анатольевіча Ліхвана. Ісці было лёгка — асфальт чысты, надвор’е добрае, і, самае галоўнае, побач сябры. Нездарма гавораць, што, каб праверыць чалавека, неабходна пераадолець з ім, няхай невялікае, але выпрабаванне. Мне было цікава назіраць, як хлопчыкі без напаміну настаўніка дапамагалі несці рукзакі дзяўчаткам (на той час мы ўжо прайшлі 8 кіламетраў), вучылі іх, як правільна рухацца, каб менш стамляцца. Па дарозе мы спявалі, рабілі прыпынкі. Былі і першыя дзесяць кіламетраў, і першы мазоль. Ля Кургана Славы нашы юныя экскурсаводы расказалі іншым дзецям пра баі на гэтым месцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
5 гадзін вечара. Ура! Нарэшце, дайшлі. Усе чакалі толькі нас. Як ні крыўдна, але прыйшла маларыцкая група апошняй. Суцяшалі сябе тым, што гэта быў наш першы турыстычны вопыт. Сустрэў нас Мікалай Пятровіч Ялоў, дырэктар станцыі дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, і дапамог размясціцца ў доміках. Пад вечар усе сабраліся ля кастра. Бывалыя турысты (гэта вучні Олтушскай школы пад кіраўніцтвам Аляксандры Вячаславаўны Дземідзюк, Івана Іванавіча Барташука, Вячаслава Мікалаевіча Зезюкова і Анатоля Анатольевіча Морскага) паказалі нам, як правільна ставіць палатку. Уразіла тое, з якой хуткасцю далікатныя дзяўчаты ўмацоўвалі гэты домік на зямлі. Потым была вячэра, прыгатаваная на вогнішчы. Ах, якімі ж смачнымі аказаліся печаная бульба з салам, водар якіх разносіўся па ўсім нашым невялікім лагеры! Нават магазінныя пельмені, звараныя на вогнішчы, як адзначылі дзеці, мелі зусім іншы смак. І сакрэт у тым, што прыгатаваны яны былі сваімі рукамі.
Ішоў час, і вось да кастра паклікала ўсіх гітара. Спачатку нясмела, толькі першымі акордамі, а потым ужо сапраўдным турыстычным гімнам, які падхапілі звонкія дзіцячыя галасы. Колькі адкрытых твараў, цёплых усмешак, бліскучых вачэй я бачыла ў той вечар у водсветах агню! Тут, на станцыі дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства ў вёсцы Олтуш, зусім недалёка ад выгод цывілізацыі, адчуваўся своеасаблівы дух турыстычнага братэрства. Ён быў ва ўсім: у пералівах гітары, у сплеценых руках дзяцей, у радках песень, у адчуванні моцнага пляча суседа. Здавалася, што і агонь, і сяброўская атмасфера маюць незвычайную ачышчальную сілу, якая знішчае ўсе дрэнныя чалавечыя якасці.
На наступны дзень мы развітваліся з гасціннай турыстычнай станцыяй. Мае сямікласнікі яшчэ не паспелі сабраць свае рэчы, як ужо настойліва дапытваліся ў Вячаслава Мікалаевіча, ці возьме ён іх у свой наступны паход. А пакуль ішлі дамоў, усю дарогу ўспаміналіся словы вядомай, любімай усімі турыстамі песні Алега Міцяева: “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались!”
Людміла ЯРМАШУК, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДзУА “Маларыцкая сярэдняя школа № 2”.
НА ЗДЫМКУ: юныя турысты на станцыі дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 7.10.2015 г.

Добавить комментарий


посмотреть kapli.kiev.ua

renesans-centr.kiev.ua/

https://www.farm-pump-ua.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!