Інвестыцыі — у здароўе

Сфера медыцынскага абслугоўвання — адна з тых, застой у развіцці якой сапраўды можа каштаваць жыцця многіх людзей. А таму пастаянна робіцца стаўка на забеспячэнне медустаноў кваліфікаванымі кадрамі, удасканаленне дыягнастычнага абсталявання, пашырэнне кола медыцынскіх паслуг, аснашчэнне аддзяленняў сучаснай тэхнікай.
Штогод новым абсталяваннем папаўняецца і цэнтральная раённая бальніца. Вось і сёлета на інфарматызацыю, закупку новай стаматалагічнай устаноўкі і іншага абсталявання затрачана ўжо больш за 400 мільёнаў рублёў. Да канца года ў райбальніцы плануюць набыць яшчэ два дыфібрылятары, сухажаравыя шафы, апарат “Холтэр” і лабараторнае абсталяванне. Ствараюцца ўсё новыя і новыя камфортныя умовы для лячэння хворых. Работы па абнаўленні будынкаў сёлета былі праведзены ў Хаціслаўскай амбулаторыі і фельчарска-акушэрскіх пунктах у Чарнянах і Масевічах. А ў раённай бальніцы пасля таго, як прыйшоў сюды малады спецыяліст – урач-псіхатэрапеўт, абсталяваны спецыяльны кабінет, што дало магчымасць пашырыць пералік медыцынскіх паслуг.

На тое, што да яе на прыём натоўпам з першага дня будуць ісці пацыенты, малады доктар Ірына Станіславаўна Харунжая нават і не разлічвала. Яна разумела, што моцным бар’ерам у свядомасці людзей выступае частка “псіха”, якая дапаўняе слова “тэрапеўт”. І многія баяцца, што візіт да такога спецыяліста кіне на іх цень “ненармальнага” чалавека. Але была ўпэўнена, што важна развеяць памылковыя ўяўленні, а таму на новым месцы з аптымізмам і рашучасцю ўзялася за справу. Кіраўніцтва райбальніцы ахвотна пайшло насустрач і, затраціўшы немалыя сродкі, абуладкавала псіхатэрапеўтычны кабінет, які размясціўся ў будынку дзённага стацыянара. Першыя пацыенты прыйшлі па рэкамендацыі іншых спецыялістаў. Уражаннямі ад зносін з псіхатэрапеўтам яны падзяліліся са сваімі знаёмымі, параілі сваякам. І цяпер штодня ў доктара Харунжай нямала пацыентаў і на кансультацыях, і на індывідуальных занятках, і на калектыўнай рэлаксацыі.
Калі ў нас праблемы са зрокам, мы ідзем да акуліста, калі павышаецца тэмпература, просім талон да тэрапеўта, калі паранім руку, спяшаемся ў кабінет хірурга. А хто дапаможа, калі паранена душа? Падтрымаць, дапамагчы разабрацца ў сабе і паверыць у свае сілы, навучыць правільна адпачываць і расслабляцца, каб зберагчы рэсурс арганізма – задача псіхатэрапеўта. У кабінет да гэтага спецыяліста ідуць з дэпрэсіямі, маніямі, пачуццём трывогі, расстройствам сну. Прычынамі такога душэўнага стану становяцца стрэсавыя сітуацыі. Нялёгка перажыць смерць блізкага чалавека, справіцца з эмоцыямі пры скасаванні шлюбу, захаваць раўнавагу пасля канфліктаў у сям’і, адапціравацца на новай рабоце. Самому выбрацца з лабірынта негатыву даволі складана. А вось з дапамогай псіхолага з адукацыяй урача, а менавіта так яшчэ можна назваць псіхатэрапеўта, гэта ўдаецца за кароткі час, прычым нярэдка без медыкаментознага лячэння. Вельмі важна, лічыць доктар Ірына Харунжая, звяртацца за дапамогай, калі ў падлетка не складваюцца ўзаемаадносіны з аднакласнікамі, калі чалавек канфліктуе з блізкімі людзьмі, калі ў дзіцяці ўзнікаюць такія расстройствы, як цік, заіканне, энурэз. Гэтыя расстройствы – праява ўнутраных праблем дзіцяці. Іх правакуюць часцей за ўсё ўзаемаадносіны ў сям’і. Калі знайсці крыніцу праблемы, супакоіць дзіця, тады знікнуць паступова і расстройствы.
Метадаў, якія ў сваёй рабоце выкарыстоўвае псіхатэрапеўт, шмат. Зусім невыпадкова кабінет гэтага ўрача абсталяваны мяккімі канапамі, якія пры­значаны для калектыўных псіхатэрапеўтычных сеансаў. Рэлаксацыя пад ціхую мелодыю і гукі голасу, медытацыя на свечку, нервова-мышачная рэлаксацыя, дыхальная гімнастыка, а разам з тым і індывідуальныя заняткі дапамагаюць скінуць з сябе цяжар трывог, няўпэўненасці, паверыць у свае магчымасці.
Маладыя людзі на прыём да псіхатэрапеўта, расказвае Ірына Станіславаўна, пакуль прыходзяць рэдка. Іншы раз сваіх дзяцей-падлеткаў, заўважыўшы праблемы, прыводзяць бацькі. Асноўная частка наведвальнікаў кабінета – людзі сярэдняга ўзросту, многім з якіх патрэбна падтрымка ў сітуацыі, калі па нейкіх прычынах распадаецца сям’я ці даводзіцца змяніць месца работы і ўліцца ў новы калектыў, і пажылыя, якім няпроста адапціравацца да свайго ўзросту. Уся інфармацыя, якую давяраюць пацыенты псіхатэрапеўту, і сам прыём строга канфідэнцыяльныя. У кабінеце свая картатэка, ні на які ўлік пацыент не ставіцца.
Дапамога псіхатэрапеўта, як упэўнена Ірына Харунжая, не будзе лішняй любому чалавеку, а многім і ўвогуле жыццёва неабходная, бо кожны трэці-чацвёрты з нас жыве з пачуццём неспакою, перажывання.
— У кожнага чалавека, — заўважае Ірына, — ёсць свой адаптацыйны рэсурс. Калі ён вычэрпваецца, арганізм пачынае падаваць сігналы.
Гэтыя сігналы, як добра вядома медыцыне, могуць праяўляцца не толькі дэпрэсіяй, але і такімі захворваннямі, як бранхіяльная астма, артэрыяльная гіпертэнзія, рэўматоідны артрыт, псарыяз, нейрадэрміт і іншыя. Каб вылечыць іх, у першую чаргу трэба наладзіць стан душы. Псіхатэрапеўт не толькі падбярэ патрэбны прэпарат, але і выслухае, дапаможа паглядзець на сітуацыю збоку, падкажа некалькі варыянтаў выхаду з сітуацыі, выбраць адзін з якіх давядзецца самому чалавеку.
Поспех лячэння ў кабінеце псіхатэрапеўта напрамую залежыць ад жадання самога пацыента нешта змяніць у сваім жыцці. Самае важнае, пераканана Ірына Станіславаўна, гэта матывацыя чалавека. Хваробу душы, у адрозненне ад многіх іншых, заўважыць збоку не вельмі проста. І калі пацыент не жадае дзяліцца сваім набалелым, сілком у душу яго ніхто не зазірне, а значыць і не дапаможа. Але, каб не жыць з адчуваннем цяжару, навучыцца любіць сябе, можна адшукаць час і, адкінуўшы ў бок нерашучасць і памылковыя ўяўленні, наведацца да спецыяліста. Тым больш, што паслугі ў кабінеце ўрача-псіхатэрапеўта бяс­платныя.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: урач-псіхатэрапеўт Ірына Харунжая.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 10.10.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


best-products.reviews

www.topobzor.info

узнать больше pofar.com.ua