Выдатныя веды – будучыня мая і маёй краіны

Сапраўдныя веды і творчыя здольнасці чалавека заўсёды высока цаніліся ў нашым грамадстве. Яны спрадвеку з’яўляліся і з’яўляюцца крытэрыем прафесіяналізму і майстэрства, бо ад інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі залежаць сацыяльна-эканамічны дабрабыт, навукова-тэхнічны і духоўны прагрэс краіны. Паводле слоў Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, “сёння наша краіна мае патрэбу ў здольных і энергічных людзях. Грандыёзныя планы могуць быць рэалізаваныя толькі тымі, хто генерыруе новыя ідэі і ўвасабляе іх у жыццё”.
Будучае нашай Беларусі закладваецца, падрастае і ў Маларыцкай раённай гімназіі. Для таго, каб гэта было паспяховым, дзяржава робіць многае. Педагагічны калектыў установы адукацыі імкнецца забяспечыць якасць ведаў вучняў, развіццё іх творчых, інтэлектуальных, спартыўных здольнасцей. Адукацыйныя запыты гімназістаў рэалізоўваюцца праз арганізацыю работы факультатываў розных накірункаў, рэсурсных цэнтраў, міжшкольных факультатываў па падрыхтоўцы да прадметных алімпіяд і цэнтралізаванага тэсціравання, спартыўных секцый, гурткоў, клубаў, праз супрацоўніцтва з кафедрамі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.
Раённая гімназія — своеасаблівы маяк і прыклад у плане працы з адоранымі і таленавітымі вучнямі, якія трапілі ва ўстанову адукацыі на конкурснай аснове праз здачу ўступных экзаменаў.

Паркавая, 10 райцэнтра. Гэты адрас добра знаёмы для 675 вучняў Маларыты, якія вучацца ў раённай гімназіі.
— Нашы вучні разумеюць, што выдатныя веды – будучае іх і Беларусі, краіны, у якой жывуць, — гаворыць Ала Закрутная, дырэктар. – Таму імкнуцца добра вучыцца.
Патрабаванні да ўзроўню ведаў дзяцей у нас дастаткова высокія, паколькі вучыцца ў гімназіі складаней, чым у звычайнай школе, з-за большай нагрузкі і больш напружанага вучэбнага працэсу. Ужо не адзін год калектыў раённай гімназіі ажыццяўляе вучэбна-выхаваўчую дзейнасць пад дэвізам: “Тут працуюць тыя, хто хоча працаваць, вучацца тыя, хто хоча вучыцца”.
Вядуць вучняў па дарозе ведаў 75 педагогаў, з іх – адзін настаўнік-метадыст, 35 (42,6%) — з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, 26 (31,7%) – з першай, 11 (13,4%) – з другой. Акрамя таго, 61 педагог з’яўляецца сертыфікаваным карыстальнікам інфармацыйных тэхналогій у адукацыі.
У раённай гімназіі за апошні час значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база. Для адукацыйнага працэсу цяпер, напрыклад, выкарыстоўваецца 42 прадметныя абсталяваныя кабінеты (з іх 2 – інфарматыкі), 2 спартыўныя і адна трэнажорная залы, таксама ёсць актавая зала, 5 мультымедыяпраектараў, 7 прынтараў, 2 інтэрактыўныя дошкі, 8 сканераў, 35 персанальных камп’ютараў з выхадам у інтэрнэт і аб’яднаных лакальнай сеткай, 22 вадкакрышталічныя тэлевізары, набыты 24 камп’ютарныя крэслы…
У раённай гімназіі зроблены рамонт актавай залы, у якой праводзяцца агульнагімназічныя мерапрыемствы: бацькоўскія сходы, інфармацыйныя гадзіны, святы, фестывалі, конкурсы. Нядаўна ва ўстанове адукацыі з’явіўся новы кабінет фізікі, аснашчаны інтэрактыўнай дошкай і іншым сучасным абсталяваннем. Бібліятэка ўкамплектавана неабходнай колькасцю вучэбнай, метадычнай і мастацкай літаратуры. Устаноўлена праграмнае забеспячэнне “Бібліёграф” для аўтаматызацыі яе работы. Створана лакальная камп’ютарная сетка.
З мэтай арганізацыі вольнага часу вучняў у рамках шостага дня арганізавана работа гурткоў, спартыўных секцый, факультатываў, ладзяцца сустрэчы з цікавымі людзьмі, выставы, конкурсы, інтэлектуальныя турніры, віктарыны, экскурсіі, дні здароўя. Усё гэта згуртоўвае гімназічны калектыў, стымулюе сумесную творчую дзейнасць педагогаў, вучняў і бацькоў.
Цяпер раённая гімназія мае свой твар, свае традыцыі, звычаі, адметнасць. Установа адукацыі ўтрымлівае пазіцыі лідара па многіх паказчыках у раёне. Штогод паступленне ў ВНУ складае 82-93 працэнты. Сярэдні бал паспяховасці вучняў 5-11 класаў за 2014/2015 навучальны год склаў 7,78, у 2013/2014 навучальным годзе быў 7,6. Сярэдні ўзровень навучанасці роўны 79,9%. Колькасць вучняў, якія закончылі навучальны год на высокім узроўні (адзнакі 9-10), у мінулым навучальным годзе значна павялічылася ў параўнанні з папярэднімі гадамі.
Добрыя вынікі штогод вучні раённай гімназіі паказваюць на прадметных алімпіядах розных узроўняў. У ІІ этапе (раённым) рэспубліканскай алімпіяды 2014/2015 навучальнага года прыняў удзе­л 91 вучань 8-11 класаў. Па яе выніках 45 вучняў узнагароджаны дыпломамі: 11 – І ступені, 17 – ІІ ступені, 17 – ІІІ ступені. З узнагародамі вучні раённай гімназіі вярнуліся ў мінулым навучальным годзе і з ІІІ этапу (абласнога) прадметных алімпіяд. Скарбонка дасягненняў папоўнена 6 дыпломамі, з іх 4 – ІІ ступені, 2 – ІІІ ступені. Гэта здолелі зрабіць Ангеліна Ярмашук па рускай мове і літаратуры (10 клас, настаўнік Ала Мікалаеўна Грыцэнка), Пятро Дымарчук і Сцяпан Сланеўскі па інфарматыцы (10 клас, настаўнік Ігар Уладзіміравіч Гардынец), Аляксандра Палешка па грамадазнаўству і прававых ведах (10 клас, настаўнік Ірына Іванаўна Сацюк), Дар’я Цёмкіна па біялогіі (10 клас, настаўнік Нэлі Андрэеўна Шпетная).
Адной з форм работы з адоранымі дзецьмі з’яўляецца даследчая праца. Ва ўстанове ёй удзяляецца значная ўвага. Для гэтага створана і дзейнічае навуковае таварыства гімназістаў “Сузор’е”, работу якога каардынуе Таццяна Аляксееўна Мартынюк. На раённай канферэнцыі ў мінулым навучальным годзе было прадстаўлена 6 навукова-даследчых работ, падрыхтаваных навучэнцамі раённай гімназіі. 5 работ адзначаны дыпломамі І ступені, адна праца — дыпломам ІІІ ступені. За 10 гадоў правядзення раённых навукова-даследчых работ “Дзеці. Творчасць. Інтэлект” для вучняў 5-11 класаў і раённай канферэнцыі “Я – даследчык” для вучняў пачатковай школы было падрыхтавана 82 працы пад кіраўніцтвам 28 педагогаў. На абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню” работа Юліі Русавук (10 клас, кіраўнік Ала Мікалаеўна Грыцэнка) адзначана дыпломам І ступені, даследаванне Андрэя Алесіка (4 клас, кіраўнік Валянціна Мікалаеўна Галюк), — дыпломам ІІ ступені, работа Дзмітрыя Кірычука (11 клас, кіраўнік Алена Віктараўна Ляўковіч) – дыпломам ІІІ ступені. Вучаніца 10 “В” класа Юлія Русавук прымала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыя), секцыя “Лінгвістыка”. За работу “Сінтаксічная роля дзеепрыслоўных зваротаў” (На матэрыяле твораў Мікалая Карамзіна і Аляксандра Пушкіна) яна атрымала дыплом ІІІ ступені.
У раённай гімназіі цяпер навучаецца 20 вучняў з сельскіх устаноў адукацыі Маларытчыны. Што яны думаюць пра ўстанову адукацыі?
Юлія Бурштын, вучаніца 10 “Б” класа:
— У раённай гімназіі вучуся пакуль толькі месяц. Чаму вырашыла паступіць сюды? Кожны, хто вучыцца ў школе, задумваецца аб сваім далейшым жыцці. Так было і са мной, калі заканчвала дзявяты клас Макранскай школы. Я адчувала сябе ўжо дарослай, і мяне турбавалі пытанні: што рабіць далей, якую выбраць прафесію? У будучым планую паступаць у ВНУ, а для гэтага неабходны глыбокія і трывалыя веды. Іх я магла б набыць і ў сваёй роднай школе, але ў раённай гімназіі, мне здаецца, зусім іншая атмасфера, узаемаадносіны, асяроддзе, якое станоўча ўплывае на вучобу. Упэўнена, што за 2 гады ў раённай гімназіі атрымаю неабходныя веды, каб ажыццявіць сваю мару. Для нас, вясковых дзяцей, тут створаны спрыяльныя ўмовы для жыцця і вучобы, таксама арганізавана чатырохразовае харчаванне. Настаўнікі клапоцяцца, каб мы адчувалі сябе як дома.
Наталля Сядляр, 11 “Б” клас:
— Дружную гімназічную сям’ю я папоўніла пасля заканчэння 9 класаў Мельніцкай базавай школы на конкурснай аснове, здаўшы экзамены. Званне гімназіста не толькі самадысцыплінуе, але і да многага абавязвае. Напачатку я не зусім была ўпэўнена ў сабе, у сваіх сілах. Але настаўнікі дапамаглі, як кажуць, пазнаць сябе, ацаніць і развіць уласны інтэлектуальны і крэатыўны патэнцыял. Пераканана, што раённая гімназія – месца ведаў, культуры, развіцця, зносін, творчасці, традыцый, здаровага ладу жыцця.
Мая Атаханава, 7 “А” клас:
— Я з бацькамі жыву ў в. Замшаны, але шосты год кожны дзень езджу на заняткі ў раённую гімназію. Раённая гімназія, на маю думку, — гэта атмасфера цеплыні, дабрыні і разумення, цікавыя адкрыцці, сапраўдныя сябры і мора пазітыву. Колькі незабыўных падзей, сведкам якіх я стала, ужо адбылося тут! Жыву сустрэчамі з цікавымі людзьмі. Вучыцца ў раённай гімназіі вельмі падабаецца. Тут кожны дзень цікавы і насычаны.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 10.10.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


здесь

http://poliv.ua

http://teplostroy.biz.ua