«Мама» — два склады і цэлае жыццё

Што значыць для кожнага з нас мама? Якой яна павінна быць? Што неабходна жанчыне з такім сацыяльным гучным статусам, каб выхаваць добрых і чулых дзяцей? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні і давалі ўдзельнікі святочнай вечарыны, што прайшла ў сераду ў гарадскім Доме культуры і была прысвечана Дню маці, разам з вядучай і складальнікам праграмы Вольгай Жыльцовай. Трэба аддаць належнае Вользе Паўлаўне, яна пастаралася выкарыстаць нестандартны сцэнарый падрыхтоўкі вечарыны, разнастаіла яе, што і зрабіла сустрэчу-дыялог шчырай, цікавай, запамінальнай, цёплай.

А галоўнымі сцэнічнымі героямі, з якімі Вольга вяла зацікаўлены дыялог і малявала партрэт сучаснай мамы, былі жанчыны розных узростаў, якія выгадавалі ці гадуюць не аднаго, а некалькіх дзяцей. Умудроным жыццёвым вопытам, ім было чым падзяліцца з прысутнымі ў зале.
А расказвалі і Эва Міга­ле­віч, і Наталля Трафімук, і Вольга Галоўчык, і Зінаіда Бледай, і Таццяна Абрамук аб тым, як яны спраўляюцца з самай галоўнай роляй у жыцці — мацярынскай; раскрывалі сакрэты выхавання сваіх дзяцей; прызнаваліся, што стымулюе іх быць заўсёды на вышыні. Слухаючы шчырыя прызнанні кожнай з іх, робіш вывад: даражаць яны высокім і ганаровым званнем маці, стараюцца быць прыкладам для сваіх дзяцей, а некаторыя, як Эва Уладзіміраўна Мігалевіч, і для ўнукаў, вучаць іх быць чулымі і ўважлівымі ў адносінах да іншых, клапаціцца пра старэйшых.
І калі Наталля Аляксанд­раўна, Зінаіда Мікалаеўна, Вольга Уладзіміраўна, Эва Уладзіміраўна аддаюць цеплыню сваіх сэрцаў родным дзецям і ўнукам, Таццяна Мікалаеўна не абдзяляе ёю і шасцярых прыёмных дзяцей. Яны для яе, як і чацвёра сваіх, такія ж любімыя і дарагія, у чым яна прызналася сама.
І няхай кожная з названых жанчын займае розныя пасады: ад кіраўніка, як Вольга Галоўчык, да супрацоўніка міліцыі, як Наталля Трафімук, няхай знешне яны розныя і зусім не аднагодкі, падобныя ўсе ў адным: шчыра любяць сваіх дзяцей, сям’ю, адданыя ім і шчаслівыя як маці.
А мацярынскае шчасце — на твары кожнай з нас. Яно — у вачах, якія свецяцца радасцю, у шчырай усмешцы, якая так упрыгожвае кожную з нас.
“Мама”… Усяго 2 склады і цэлае жыццё. Мама… Гэтае слова асацыіруецца з самым светлым, дарагім, пяшчотным, самым ласкавым і самым любімым на зямлі чалавекам. І пакуль ён разам з намі, мы абаронены. Мы ўпэўнена адчуваем сябе ў жыцці, бо добра ведаем: яе любоў сагрэе ў сцюжу, засцеражэ ад бяды, падкажа выйсце са складанай сітуацыі. Мама — той чалавек, які ніколі не здрадзіць. Яна носіць нас 9 месяцаў пад сваім сэрцам і ўсё жыццё — у сэрцы. Пра гэта гаварылі, калі выступалі на вечарыне, і намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны, і благачынны цэркваў раёна айцец Віктар, і старшыня райсавета ветэранаў Уладзімір Бойка, і начальнік райаддзела адукацыі, спорту і турызму старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Таццяна Лаўрэенка. Яны заклікалі любіць сваіх родных людзей, берагчы іх, не засмучаць дрэннымі ўчынкамі, цаніць і шанаваць, не забываць прызнавацца ў любві і часцей гаварыць “Дзякуй”, чаму, зрэшты, і вучыць нас адна з запаведзяў Божых.
А самадзейныя артысты гарадскога Дома культуры, сярод якіх была і шматдзетная маці, таленавітая і экстравагантная Вікторыя Ляўчук, у песнях і танцах перадавалі сваю любоў да самага дарагога і любімага чалавека — маці.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымках: шчаслі­выя сваім мацярынствам Вікторыя Ляўчук з дзецьмі; Зінаіда Бледай, Наталля Трафімук, Эва Мігалевіч, Таццяна Абрамук і Вольга Галоўчык.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 17.10.2015 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.chemtest.com.ua/

https://uniti.ua

www.mitsubishi.niko.ua