Майстар хлебнай справы

Сям’я, сябры, знаёмыя, калегі віншавалі Таццяну Адамаўну Назараву з 55-годдзем — датай для любой жанчыны асаблівай. Яна слухала пажаданні, а сама паверыць не магла, што гэта адбываецца з ёю. Што ў мінулым ужо амаль чатыры дзесяцігоддзі яе заводскага жыцця з адзіным запісам у працоўнай кніжцы аб прыёме на работу, у мінулым тысячы змен, насычаных потам гарачага цэху і водарам свежаспечанага хлеба. Ёй успомнілася ўсё з самай маладосці.

…Дзяўчына Таня ехала ў Баранавічы паступаць у тэхнікум на тэхнолага. Але сюжэт яе жыцця закруціўся зусім не так, як чакала. Высветлілася, што з падачай дакументаў яна спазнілася. Адзінае, што прапанавалі дзяўчыне, – паступіць у вучылішча пры тэхнікуме і спачатку набыць прафесію пекара. Навучыцца пячы хлеб ёй было цікава, таму і згадзілася, хоць да таго часу ні разу не бывала на хлебазаводзе і зусім не ўяўляла, якую прафесію выбірае. Праз год малады пекар ужо адправілася па накіраванні ў Маларыту, зусім невядомы ёй горад, дзе толькі адкрылі новы будынак хлебазавода.
У пекарскай справе ра­мантыкі няшмат. Бяссонныя ночы праходзяць не пад зорным небам ля кастра, а ля гарачай печы. Смачнай, свежаспечанай скарынкай можна паласавацца ў любы час, але ж спачатку трэба рукі прыкласці, замешваючы цеста, фармуючы хлеб, пасылаючы яго ў печ. Гэта разумела Таццяна, якая яшчэ на практыцы паспела пазнаёміцца з прафесіяй. І на новым месцы спрытная, працавітая дзяўчына змагла адразу ўключыцца ў складаны механізм работы. Прайшло зусім мала часу, а ёй ужо прапанавалі стаць майстрам у кандытарскім цэху. Закружыліся карагодам працоўныя будні, з’явілася свая сям’я. І для дзяўчыны з Ганцавіцкага раёна Маларытчына стала другой радзімай.
Таццяна Адамаўна добра памятае той дзень, калі ёй, майстру кандытарскага цэха, у падначаленні якога было ўсяго два работнікі, прапанавалі ўзначаліць адну са змен хлебнага цэха. Было страшна не справіцца з работай, не апраўдаць давер, бо задач, якія павінны быць пад пастаяннай увагай майстра, — шмат.
Падлічыўшы ўсё да драбязы, не адступаючы ад рэцэптур, трэба замясіць цеста на розныя вырабы, а асартымент іх за змену, асабліва начную, можа налічваць больш чым 20 – ад батонаў да вітушак, пляцёнак, хал і булачак, пракантраляваць работу кожнага, бо менавіта майстар адказвае за якасць прадукцыі, а калі трэба, і замяніць любога работніка, а значыць мець вопыт работы на кожным участку. Самае складанае з усяго, лічыць Таццяна Адамаўна, умець арганізаваць людзей, знайсці падыход да кожнага, трымаць дысцыпліну. Майстру важна ўважліва прыглядзецца да новага работніка, яго здольнасцей, вывучыць характар. Не кожны можа спраўляцца з цяжкай работай, вытрымліваць гарачыню цэха. У выніку ёсць тыя, хто адразу звальняецца. Ім на змену прыходзяць іншыя. І кожнага зноў трэба навучыць рабіць сваю работу не толькі хутка, але і якасна. Радуе Таццяну Адамаўну тое, што на працягу многіх гадоў у яе змене назіраецца стабільнасць, калектыў падабраўся дружны. Усё гэта толькі на карысць справе.
Сама Таццяна Адамаўна прывыкла працаваць старанна. Гэтаму, як з доляй гумару заўважае яна, навучылі сацыялістычныя спаборніцтвы, якія ў гады яе маладосці праводзі­ліся штогод. Неаднойчы за працавітасць яе ўзнагароджвалі граматамі. Ёсць у майстра нават дыплом “Залатыя рукі”.
Біяграфія Таццяны Ада­маўны цесна пераплялася з гісторыяй хлебазавода. Яна добра памятае, якім было прадпрыемства тры дзесяцігоддзі назад, як мадэрнізавалася яно год за годам. Старыя печы замянілі новыя, сучасныя, аблегчылі работу і ўдасканаленыя машыны. Цестамясільная цяпер патрабуе толькі правільнай закладкі інгрэдыентаў і замешвае цеста без пылу ад мукі і лішніх намаганняў.
— Усё гэта палегчыла работу. Як і камп’ютар, вучыцца працаваць на якім я вельмі не хацела, — з усмешкай расказвае Таццяна Адамаўна.
Як прызнаецца яна, калі яе паставілі перад фактам, што веданне камп’ютара для майстра цяпер абавязковае, нават хацела ўжо напісаць заяву на звальненне.
— Але сорамна неяк стала, бо амаль да пенсіі ўжо дарабіла, а тут звальняцца надумала.
Выратавала сітуацыю, як успамінае Таццяна Адамаўна, тое, што ёй далі час асвоіцца, паказалі, растлумачылі, а потым ужо сама яна паступова асвойвала камп’ютарную праграму. І цяпер не нарадуецца, бо сучасныя тэхналогіі сапраўды многае спрошчваюць.
Але якім бы ўдасканаленым ні было абсталяванне, Таццяна Адамаўна добра ведае, што ў справе выпечкі хлеба самае галоўнае — спрытныя ўмелыя рукі, якія кожную начную змену (прадукцыі ноччу выпякаецца больш, каб зранку на паліцах магазінаў тавар быў свежым), адпраўляюць у экспедытарскую 5 тысяч боханаў хлеба, больш за тысячу батонаў, па некалькі сотняў іншых хлебабулачных вырабаў. І хоць майстар-пекар усю змену мае справу з цестам, але і дома любіць парадаваць сям’ю, унукаў піражкамі, тортам, іншым печывам. Праўда, не заўжды на гэта хапае часу. Вядома, на заслужаным адпачынку яго будзе больш. Але пакуль адпраўляцца адпачываць Таццяна Адамаўна не спяшаецца. Вырашыла яшчэ папрацаваць. Тым больш, што і кіраўніцтва не супраць. Такія адказныя, працавітыя, вопытныя, адданыя справе людзі, як адзначае намеснік старшыні райспажыўтаварыства Міраслава Ляшкевіч, прадпрыемству патрэбны.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: майстар-пекар Таццяна Назарава.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 17.10.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.