Лукашэнка: у Беларусі будзе забяспечана далейшае стабільнае развіццё

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка правёў нараду па актуальных пытаннях развіцця краіны.

Лукашэнка: урад будучага пяцігоддзя сфарміраваны ў асноўным яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, звяртаючыся да членаў урада, што наперадзе чакаецца цяжкая і канкрэтная работа. «Схавацца за нечыя спіны не атрымаецца. Хто не можа і не гатовы — ва ўладу лепш не хадзіце», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён таксама адзначыў, што цяпер шмат дыскусій наконт будучага складу ўрада: «Які будзе ўрад, каго Лукашэнка звольніць, каго назначыць. Проста некаторыя так званыя прафесійныя палітолагі дарэмна ядуць хлеб».

«Урад будучага пяцігоддзя, у асноўным, і ўсе органы ўлады сфарміраваны да прэзідэнцкіх выбараў. Я аб гэтым гаварыў, другія прэзідэнцкія выбары так праходзяць. Людзі павінны ведаць, хто будзе працаваць пасля выбараў, калі гэтага Прэзідэнта выберуць. І наступнае, што мною было сказана, — тыя, хто за гэты перыяд пакажа сваю недзеяздольнасць, з улады пойдуць. Вось таму мне трэба вызначыцца, хто будзе працаваць, а хто пойдзе. Кожны з вас павінен даказаць сваю дзеяздольнасць. Я не хачу, каб людзі гэта зразумелі так, што заўтра мы павыганяем дзяржслужачых. Не дай бог, нехта будзе зыходзіць з крытэрыяў асабістай адданасці «падабаецца — не падабаецца», «дагадзіў — не дагадзіў». Гэта зноў жа пытанне чыстаты нашай улады», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: у новым пяцігоддзі працаваць па-старому будзе немагчыма

Фармулюючы мэту і сэнс нарады, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Паспрабую зрабіць гэта сумленна і шчыра. Кожны з кіраўнікоў галін улады і вышэйшых службовых асоб — тыя, хто хочуць працаваць у новым пяцігоддзі, — пры назначэнні на сваю пасаду павінен даказаць сваю здольнасць кіраваць». Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што з 1 студзеня пачынаецца новы пяцігадовы перыяд, і ён павінен адрознівацца ад іншых сваёй навізной. Менавіта таму патрабаванні да новага ўрада асаблівыя.

«Асабліва гэта датычыцца ўрада, Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Бяспекі, сілавых структур. Аб галінах улады я ўжо сказаў. Па-старому працаваць будзе немагчыма, і не толькі таму, што гэтага ад нас патрабуе час, перш за ўсё, гэтага ад вас буду патрабаваць я», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён сказаў, што асаблівая ўвага разам з членамі ўрада будзе ўдзелена губернатарам. «Таму што самае галоўнае пытанне, ад якога залежыць суверэнітэт і бяспека краіны, — гэта эканоміка. А эканомікай у краіне займаюцца ўрад, губернатары і падпарадкаваныя ім структуры. У сувязі з гэтым вы будзеце абавязаны — усе, нават тыя, хто не назначаецца Прэзідэнтам, — прадставіць канкрэтныя планы сваіх дзеянняў. Вышэйшыя службовыя асобы — да назначэння на пасады, усе астатнія — за канкрэтны перыяд», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: людзі вельмі скардзяцца на чыноўніцкую фанабэрыю

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перасцерагае чыноўнікаў ад фанабэрыі і непаважлівага стаўлення да людзей.

«Людзі вельмі скардзяцца на чыноўніцкую фанабэрыю. Мы развучыліся размаўляць з людзьмі», — выказаў нездаволенасць Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што фанабэрыя і непаважлівае стаўленне да людзей зусім недапушчальны з боку чыноўнікаў. Інтарэсы і праблемы людзей — самае галоўнае для ўсіх органаў улады.

Лукашэнка: у грамадстве назбіралася крытычная маса чаканняў, якія трэба задаволіць

Прэзідэнт падкрэсліў, што не хоча згуляць на папулізме, які павінен быць поўнасцю выключаны з палітыкі. Людзі чакаюць змяненняў да лепшага. «І асаблівасць праведзеных выбараў можна ахарактарызаваць наступным чынам: мы вас падтрымаем і падтрымалі, але патрэбны змяненні да лепшага», — выказаў Аляксандр Лукашэнка пажаданні людзей.

«У грамадстве назбіралася вялікая маса чаканняў, я сказаў бы, крытычная маса чаканняў. І не задаволіць гэтыя чаканні мы не маем права», — перакананы беларускі лідар.

Паводле яго слоў, «галоўнае — жыццёвы ўзровень павінен расці».

Тыя, хто выбіраў Прэзідэнта, разлічваюць на павышэнне свайго жыццёвага ўзроўню. «Я не кажу якім чынам. Усе вы павінны даць людзям работу і запатрабаваць за прадукцыйнасць працы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Урад павінен удзяліць сур’ёзную ўвагу пытанням цэнаўтварэння — Лукашэнка

«Людзі вельмі незадаволены сістэмай цэнаўтварэння, і яны маюць рацыю», — сказаў Прэзідэнт.

«Возьмем адно пытанне, хто ў выніку гэтага цэнаўтварэння, а яно звычайна вядзе да росту цэн (асабліва, калі гэта бескантрольна), кладзе асноўныя даходы і грошы ў кішэнь. Вытворца? Як жа. Тыя, хто вырабляе тавары, атрымліваюць мізэрны прыбытак. А тыя, хто потым працуе з гэтым таварам, атрымліваюць шмат незаробленых грошай», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі патрабуе максімальную ўвагу ўдзяліць экспарту прадукцыі

«Вельмі важным з’яўляецца пытанне росту вытворчасці і ў сувязі з гэтым — экспарту выпускаемай прадукцыі. Патрабую ад вас у гэты крызісны час распісаць літаральна «паштучна», калі хочаце, кожны трактар, аўтамабіль, кілаграм мяса і малака і вызначыць, куды мы іх будзем пастаўляць, хто адказны, — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. — Кантроль — штоквартальны, па некаторых пазіцыях — штомесячны».

Прэзідэнт лічыць, што адказ на праблемы просты: «Трэба вырабіць прадукцыі як мага больш і прадаць яе па максімальнай цане. Грошы вярнуць у краіну».

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што з банкірамі будзе асобная размова: «З такой цяжкасцю заробленая валюта ідзе на розныя непатрэбныя мерапрыемствы і дробязі і вывозіцца за мяжу». Прэзідэнт лічыць гэта недапушчальным.

Ён таксама прадоўжыў: «Мне прапануюць на будучы год некаторыя кабінетныя праекты, разлічаныя па буквары або максімум па падручніку эканомікі, узятым у ВНУ. Пакладзіце гэта для сваіх дзяцей і вывучайце самі ў вольны час, калі вам эта патрэбна».

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што «сёння самы лепшы час для эфектыўнай работы».

«Вы заўсёды гаварылі, што вельмі высокія цэны на энерганосьбіты і сыравіну, якіх у нас няма. Усё астатняе ёсць — тэхналогіі, дасведчаныя падрыхтаваныя людзі. Сёння цэны на сыравіну самыя нізкія. Вырабляйце і прадавайце», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка рэзюмаваў: «Санкцыі зняты. Дзейнічайце».

Лукашэнка: рэформы ў Беларусі будуць накіраваны на ўдасканаленне існуючага, а не яго ломку

Цяпер шмат гаворыцца аб змяненнях і рэформах у краіне. У сувязі з гэтым Прэзідэнт заявіў, што ў Беларусі не будзе рэформ, накіраваных на ломку існуючага парадку.

«Рэфармаваць будзем, удасканальваючы тое, што ёсць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што няма і не будзе грошай на тое, каб дашчэнту ламаць нешта, а потым гераічна аднаўляць.

«Некаторыя гавораць: ёсць крэдыт даверу і трэба правесці непапулярныя меры, прычым вельмі хутка, чытай — трэба хуценька рэзаць па жывым. Калі будзеце прэзідэнтамі, тады будзеце рэзаць. Я нікога і нічога рэзаць не маю намеру. А, калі хочаце разануць, пачнём з тых, хто гэта прапануе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Падманваць людзей я не збіраюся, тым самым падносячы падарунак сваім ворагам і, як мінімум, праціўнікам, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Гэта зусім не значыць, што мы спынімся і застынем. Сістэма толькі тады здольна жыць і выжываць, калі яна пастаянна знаходзіцца ў руху і ўдасканальваецца». Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка дадаў:

«У нас дастаткова сіл і сродкаў, каб не спыняцца, а ўдасканальвацца».

«І ў гэтым сутнасць нашых рэформ», — заявіў ён.

Прэзідэнт таксама адхіліў прапановы па скарачэнні колькасці працуючых на буйных прадпрыемствах. Паводле яго слоў, да гэтых пытанняў трэба падыходзіць вельмі акуратна і абдумана. «Людзей, якія хочуць працаваць, выкідаць на вуліцу ніхто не мае права. Атрымаеце за гэта крымінальную адказнасць», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Пытанне павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі будзе вырашацца толькі з улікам меркавання людзей

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, некаторыя прапануюць цяпер прыняць рашэнне наконт пенсійнага ўзросту. Прэзідэнт лічыць, што людзі самі павінны вызначыцца, ці неабходна ў бліжэйшы час уносіць такія змяненні.

«Я аб гэтым гаварыў яшчэ ў перадвыбарны перыяд, што пенсійны ўзрост давядзецца павышаць. Нам трэба яго павышаць, але людзі гэтага не хочуць. Таму ў нас у краіне невялікія пенсіі. Мы сёння маем той пенсійны фонд, які маем», — падкрэсліў Прэзідэнт.

На яго думку, у любым выпадку пытанне павышэння пенсійнага ўзросту можа «вырашацца праз людзей». «Мы павінны параіцца з імі, будзем іх пераконваць, прасіць іх згоды», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Мы папросім у іх падтрымкі, — сказаў Прэзідэнт. — Пагодзяцца — правядзём змяненні. Не — значыць, не».

«Мы ўсюды пішам — дзяржава для народа. Дык давайце слухаць народ», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: выканальніцкая дысцыпліна застаецца пытаннем нумар адзін

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ніводнае мерапрыемства немагчыма рэалізаваць без высокай выканальніцкай дысцыпліны. Паводле яго слоў, выканальніцкая дысцыпліна — гэта пытанне нумар адзін.

«Кожны з вас (членаў урада. — Заўвага БЕЛТА) у сваёй праграме павінен прапанаваць, калі вы хочаце працаваць, упарадкаванне структуры, якой вы будзеце кіраваць. Тут і ўпарадкаванне залішняй колькасці, перш за ўсё ў дзяржаўных структурах і кіраванні. І за кошт перш за ўсё аптымізацыі колькасці дзяржструктур мы павінны зрабіць павышэнне зарплаты», — заявіў Прэзідэнт. «Такога ўзроўню зарплаты і грашовага забеспячэння, якія цяпер ёсць у краіне, не павінна быць да канца будучага года. Гэта галоўная мэта нашай работы», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка патрабуе ад чыноўнікаў выключыць паператворчасць і бюракратызм

«Паператворчасць павінна быць выключана цалкам, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Не дай бог, мне паскардзяцца, што хтосьці з вышэйстаячых патрабуе лішняй, незразумела якой інфармацыі або запрашэння да размовы на нарады, часам бескарысныя, крыўдуйце на сябе. Дні вашы ва ўладзе будуць злічаны».

Звяртаючыся да членаў урада, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: «Не перашкаджайце людзям працаваць. Гэта датычыцца ўсіх — і ў эканоміцы, і ў дзяржструктурах, і ў праваахоўных органах, а таксама ў арміі. Ніякіх лішніх званкоў, патрабаванняў інфармацыі і лішніх скліканняў у цэнтр для таго, каб правесці нейкія нарады. Наконт гэтага мною прыняты рашэнні і прашу іх выконваць». «Нарады — толькі ў пазарабочы час, — запатрабаваў Прэзідэнт. — Лепш едзьце на вытворчасць і там вырашайце пытанні».

Лукашэнка: трэба забяспечыць не толькі далейшае развіццё, але і захаванне незалежнай Беларусі

Прэзідэнт Беларусі патрабуе вызначыць стратэгічную лінію і дзеянні па далейшым стабільным развіцці краіны.

«Адкрываецца новая старонка ў развіцці нашай дзяржавы, і мы разам павінны адкрыць гэту старонку — сумленна, прынцыпова, адказна, — адзначыў Прэзідэнт. —

Наперадзе нас чакаюць вельмі сур’ёзныя выпрабаванні. Неабходна забяспечыць не толькі далейшае развіццё, але і захаванне гэтай суверэннай незалежнай краіны, якую мы з вамі стварылі».

Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, на разварушванне часу няма. Усе сілы і энергію трэба пераключыць на вырашэнне самых актуальных пытанняў. Менавіта таму на сённяшняй нарадзе былі заслуханы службовыя асобы, якія знаходзяцца на ключавых дзяржаўных пасадах. Галоўным пытаннем абмеркавання быў стан і перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Урад прадставіў сваё бачанне далейшага развіцця рэспублікі.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пачатая размова будзе прадоўжана, у прыватнасці, на ўзроўні Прэзідэнта будуць разгледжаны пытанні бяспекі. Акрамя таго, асобная размова адбудзецца на ўзроўні Прэзідэнта з кіраўнікамі іншых галін улады.

Добавить комментарий


https://seotexts.com

citroen.niko.ua

https://bestseller-sales.com/best-sellers-books/vampire-romances/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!