Сэрца — галаўны боль

Сардэчна-сасудзістыя захворванні прагрэсіруюць. Яны з’яўляюцца галоўнай прычынай смерці (амаль 1 мільён чалавек штогод) і інваліднасці насельніцтва Зямлі. Чэргі ў кабінеты кардыёлагаў з кожным
годам становяцца больш доўгімі, а пацыенты – усё маладзейшымі. Характэрна такая тэндэнцыя, на жаль, і для Маларытчыны.
— Гэта сапраўды так,  — пацвярджае Аксана Леановіч, урач-кардыёлаг цэнтральнай райбальніцы. – Пра гэта яскрава гавораць лічбы.  Прывяду некаторыя толькі. За першае паўгоддзе г.г. зарэгістравана 5028 выпадкаў-прыёмаў па прычыне  хвароб сістэмы кровазвароту ў дарослых, з іх — 499 чалавек звярнулася за дапамогай упершыню. Дыягназ  “Ішэмічная хвароба сэрца” маюць 2444 жыхары раёна, у 112 выпадках ён пастаўлены упершыню. Нас не радуе і тое, што артэрыяльная гіпертэнзія (павышаны ціск) ёсць у 1360 чалавек, з іх — у 157 выяўлена ўпершыню сёлета. Сур’ёзна задумацца прымушае і тое, што за 6 месяцаў у раёне зарэгістравана 9 інфарктаў, а за 8 месяцаў – ужо 70 інсультаў, 19 з іх — у асоб працаздольнага ўзросту. Хваробы сэрца – наш галаўны боль і аб’ект пільнай увагі. Многае, калі не ўсё, залежыць тут і ад самога чалавека, ад яго жадання. Нашаму рухавіку патрэбны пастаянны клопат.
— Аксана Міхайлаўна, што асабліва небяспечна для здароўя сэрца?
— Больш за ўсё на яго стан уплываюць скачкі ціску, стрэсы, цяжкая фізічная праца, няправільна падабраныя фізічныя практыкаванні, незбалансаванае харчаванне і іншыя фактары. Каб прадухіліць хваробу, рэкамендуецца кінуць курыць і травіць сэрца алкаголем, знізіць узровень халестэрыну, падтрымліваць нармальную вагу цела…
— А што падказвае, што сэрца нездаровае?
— Можна выдзеліць наступныя агульныя прыкметы (сімптомы) захворванняў сэрца: болі ў сэрцы, слабы паскораны пульс, дыхавіца пры нязначных фізічных нагрузках,  млявасць, дрэнны настрой і сон, раздражняльнасць, ненармальна хуткая стома…
— Якое ёсць абсталяванне для дыягностыкі паталогій сэрца ў нашай райбальніцы?
— У апошні час набыты апараты для холтэраўскага манітарыравання электракардыяграфіі і артэрыяльнага ціску. Гэта — метад дыягностык, з дапамогаю якіх няспынна адбываецца запіс ЭКГ і АЦ на працягу сутак. Ёсць у нас таксама і велаэргометр, або кардыятрэнажор (від велатрэнажора). Хутка ў паліклініцы з’явіцца і дыягнастычны  мнагамэтавы ўльтрагукавы апарат  фірмы ALOKA “Альфа-5” (Японія). Ён набыты за 290 мільёнаў рублёў. Плануем яго выкарыстаць для даследавання сэрца і сасудаў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Аксана Леановіч вядзе прыём.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!