Гітарны “дыялог” у новым клубе

Ад гукаў гітарных струн ўзрушваецца ваша душа? Тады клуб гітарнай песні, які зусім нядаўна з’явіўся ў нашым горадзе, менавіта тое месца, дзе вы атрымаеце сапраўдную душэўную асалоду. На першую сустрэчу ў клубе сабраліся каля двух дзясяткаў аматараў гітарнай музыкі. У гарманічным коле, за кубкам чаю, перадаючы з рук у рукі гітару, якая глыбокім і салодкім шэптам струн дапамагала знаёмству, удзельнікі сустрэчы правялі цудоўны вечар.

Ідэю стварэння ў горадзе клуба гітарнай песні падказаў маларытчанцы Наталлі Забелінай яе бацька – Валерый Антонавіч Савасціёнак. Яму давялося пабываць на сустрэчы ў клубе гітарнай песні ў горадзе Мінску. Незабыўнымі ўражаннямі ён падзяліўся дома. Са сваёю задумкай Наталля Валер’еўна прыйшла да дырэктара ГДК і атрымала падтрымку. Але нават калі была назначана дата першай сустрэчы ў клубе, на сто працэнтаў упэўненасці ў тым, што адгукнуцца аматары гітарнай песні, у арганізатараў клуба не было. Але былі спадзяванні, што жаданне прыўнесці нешта новае ў жыццё горада ёсць не толькі ў саміх ініцыятараў. І не памыліліся. Гэта стала зразумелым з першых хвілін.
Першая сустрэча ў клубе магла пачацца толькі з песні. Яе пад гітарны перабор заспявалі самі арганізатары, а потым падхапілі іншыя галасы. І пакуль гучала мелодыя, кожны асэнсоўваў, што менавіта гітара, самы “дамашні” музычны інструмент, стварае атмасферу ўзаемнага даверу, дае магчымасць перайсці на новы, шчыры і адкрыты, узровень зносін. Гітарная “размова” ў клубе доўжылася каля дзвюх гадзін. Гітара пераходзіла з рук у рукі: хто ўмеў іграць, радаваў іншых прыемнымі мелодыямі, старымі знаёмымі ўсім песнямі, хто не ўмеў – дзяліўся ўражаннямі, з задавальненнем слухаў, як іграюць іншыя, падпяваў. Цудоўны фільм “Вясна на Зарэчнай вуліцы” ўспомнілі ўсе разам з акордамі мелодыі, якую зайграў Валерый Савасціёнак, са сваімі бардаўскімі творамі пазнаёміў Віктар Ярмалюк, а Андрэй і Алена Міцукі здзівілі аўтарскай песняй, якая была прызнана лепшай песняй года ў хіт-парадзе на радыё Брэст. У цёплай, нефармальнай атмасферы адважыліся падтрымаць гітарную эстафету нават тыя, хто спачатку і не думаў браць у рукі гітару. Проста неяк нечакана кола, якое аб’яднала гітарная песня, стала “сваім”. Песні не выконвалі для слухача, ні ў каго не было жадання дэманстраваць свой талент, проста кожны дзяліўся душэўным, стараўся падтрымаць “гітарны” дыялог.
Як дзяліліся з удзельнікамі сустрэчы арганізатары, у клубе будуць праходзіць сустрэчы з творчымі людзьмі – паэтамі, мастакамі, бардамі, майстар-класы, тэматычныя музычныя вечары. Акрамя таго, клуб гітарнай песні можа стаць месцам сяброўскіх сустрэч, тым астраўком, які дапаможа пазбегнуць суму, адзіноты. Галоўнае толькі, каб было жаданне прыйсці на сустрэчу. А апошнія будуць праводзіцца ў ГДК, як плануецца, кожны другі панядзелак месяца. Чаму ў панядзелак? Бо гэта, як кажуць, дзень цяжкі. І разбавіць яго важна добрымі эмоцыямі, якія дадуць зарад бадзёрасці на цэлы тыдзень.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: гітарны “дыялог” аб’яднаў усіх.
Фота Валерыя Савасціёнка.

Опубликовано в «ГЧ» 24.10.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий