ЖЫЦЬ НА ЗЯМЛІ

У Масевіцкім Доме культуры прайшла нядаўна сустрэча пажылых жыхароў вёсак Пажэжын, Масевічы, Струга. Такія сустрэчы сталі традыцыйнымі ўжо. Не перастаю здзіўляцца, з якой адказнасцю, любоўю, павагай да землякоў работнікі гэтай культустановы Ларыса Голуб, Валянціна Кальніцкіх, Валянціна Суслава і Таццяна Трафімук праводзяць іх, кожны раз мяняючы сцэнарый.

…Гучыць фрагмент песні:

Двести лет кукушечка
Мне жизнь накуковала,
Что меня обрадует,
Знала наперёд.
Но двести лет, кукушечка,
Ах, как же это мало…

Але ці толькі колькасны бок улічваем мы, калі кажам “многа ці мала”? Мабыць, важней усё ж не колькі, а як? Колькі жыць, можа пракукаваць нават птушка, а хто пракукуе нам, як жыць на зямлі?
Жыць на зямлі – гэта будаваць сваё жыццё на аснове чалавекалюбства, практыкуючы ў дабрыні свае душу і сэрца. Як гэта зрабіць, падказвалі людзі, што прыйшлі на сустрэчу, умудроныя жыццёвым вопытам, якія шмат спазналі. Гэта Аляксандр Мартынюк, Таццяна Трафімук, Кацярына Тарноўская, Ганна Лысюк, Кацярына Лысюк, Настасся Раманюк, Міхаіл Тарноўскі, Леаніда Валковіч, Вольга Міхнюк, Лідзія Бурчак, Надзея Мартынюк, Любоў Валынчук, Міхаіл Валынчук, Вольга Лаўрэнюк, Васіль Саўчук, Галіна Трафімук, Таццяна Валынчук і іншыя. Прысутнічалі там 20-, 30- і 40-гадовыя нашы землякі, з якімі аднавяскоўцы дзяліліся жыццёвай мудрасцю.
Каб выказаць сваю любоў да чалавека, не трэба гаварыць гучныя словы, трэба пацвярджаць гэта справай. Як гэта робіць На­дзея Антонаўна Мартынюк, фельчар па спецыяльнасці, якая больш за 40 гадоў працавала на Масевіцкім ФАПе, аказвала медыцынскія паслугі жыхарам вёсак Пажэжын, Масевічы, Струга, Новае і Старое Раматова. Кожны дзень яна на сваім нязменным веласіпедзе-дамцы з фанендаскопам у сумцы (так, на ўсякі выпадак) наведвала сваіх былых пацыентаў. Гэта не пафас – гэта кліч душы, унутраная патрэбнасць дапамагчы людзям, адчуць, што ты неабходны ім. Гэта, калі хочаце, вяртанне ў маладосць.
Сёння яна гаворыць пра дэфіцыт міласэрнасці, пра гэты самы вырод­лівы з дэфіцытаў.
“Мае чалавек патрэбу, каб яго шкадавалі, былі ў адносінах да яго міласэрнымі, спагадалі яму”, — гаворыць Надзея Антонаўна.
Вось тут і заспрачаліся прысутныя, засумняваліся ў тым, у чым раней, мабыць, і не сумняваліся: а ці не прыніжае жаль чалавека? Разбірацца якраз даводзіцца ўсім нам у сваім жыцці. Дзе вучыцца гэтаму, як не на такіх сустрэчах. На­дзея Антонаўна напамінае: з дабром трэба спяшацца, інакш яно можа застацца без адрасата.
— Па-рознаму жывуць людзі, розны сэнс укладваюць у слова “жыццё”, у розных рэчах знаходзяць жыццёвае задавальненне, — гаворыць Міхаіл Валынчук. – Жыццё дзейнае і бяз­дзейнае мы назіраем вельмі часта. Адны жывуць па прынцыпу: “Царствуй, лежачы на канапе”, іншыя – працай, справамі напаўняюць кожны свой дзень. І гэта ўзвышае душу іх.
Чалавеку для жыцця патрэбны хлеб і малако, мяса і ласункі. Мы марым пра каларыйную, смачную і разнастайную ежу, імкнемся набыць прыгожае адзенне, розныя добрыя высакаякасныя рэчы — гэта натуральнае і неад’емнае жаданне любога чалавека. Але калі гэты быт захіляе ад чалавека астатняе, ён паступова губляе чалавечы пачатак у сабе, і пачынаецца яго рух назад, да стану жывёльнага. Жыць на зямлі — значыць пастаянна сілкаваць не толькі сваё цела, але і розум, нарошчваць не толькі сілу мускулаў, але і сілу ведаў, якія спатрэбяцца не толькі для цяперашняга, але і для будучага, як у маладосці, так і ў старасці. Таццяна Трафімук і Кацярына Тарноўская настойліва рэкамендуюць запомніць словы Евангелля з гэтай нагоды: “Душа большая за ежу, а цела — за адзенне”, “…Якая карысць чалавеку, калі ён набудзе свет, а душы сваёй нашкодзіць?”
— Ці можаце вы ўспомніць, як часцей за ўсё падпісваеце віншавальныя паштоўкі сваім родным, сябрам? Звычайна мы пішам: жадаю здароўя, шчасця, доўгіх гадоў жыцця. А калі паглядзець на гэтую звыклую “цырымонію” ў святле нашай сустрэчы, то, напэўна, трэба было б яшчэ пажадаць блізкім нам людзям жыцця асэнсаванага, змястоўнага, каб чалавек жыў і не пакутаваў ад усведамлення бескарысна праведзеных дзён. Трэба сказаць, што пытанні пра тое, навошта жыў і што зрабіў у жыцці карыснага, які след пакідаеш пасля сябе і ў імя чаго паміраеш, — вечныя пытанні. Іх жыццё ставіць перад намі ў розных сітуацыях, падчас у самых крытычных. Бо сустрэнуцца на вашым шляху, несумненна, жыццё асэнсаванае і бескарыснае, ды смерць слаўная і ганебная. Жыць штодзённа трэба так, каб не было сорамна за сваё жыццё, пражытае без мэты і сэнсу, нічым не запоўненае, — дае павучанні маладым Кацярына Лысюк.
Пачатак чалавечай існасці — бацькі. Першая, самая ранняя любоў дзіцяці – да іх. А наступная, больш позняя, павінна захаваць сваіх адрасатаў, з гадамі не павінна мяняцца, забывацца. Так важна ў жыцці ўмець палюбіць сваіх бацькоў. Гэта неабходна чалавеку для таго, каб заставацца чалавекам, памятаць свае карані, жыць па-чалавечы. Пра гэта гаворыць такая мудрая кніга, як Евангелле “…Шануй бацьку і маці, любі бліжняга свайго, як самога сябе”. Якія роднасныя, аднакарэнныя словы вы можаце назваць да слова “бацькі”? Вядома ж, “род”, “родны”, “радзіма”. Таксама, як ад слова “отец” (русск.) цягнецца прамы ланцужок да слова “айчына”. Сціплая, не напаказ любоў да сваёй Айчыны рухае ўчынкамі герояў сустрэчы, яны не называюць сябе патрыётамі, не гавораць гучныя выразы, а проста жывуць адным пачуццём. Любяць сваю Айчыну з яе светлымі і цёмнымі бакамі, любяць проста за тое, што яна свая. Напэўна, і ў гэтым ёсць нейкі сэнс, бо часцей за ўсё таксама зусім ні за што любяць сваіх бацькоў. З умення палюбіць сваіх бацькоў бярэ пачатак і ўменне, здольнасці палюбіць сваю Айчыну.
Нельга павярнуць час назад, немагчыма паўтарыць нейкую частку жыцця, можна толькі цаніць кожны крок нашага суіснавання на зямлі.
— Калі я вучылася ў школе, а потым у інстытуце, мне здавалася: маё “дарослае жыццё” будзе ў нейкай зусім іншай абстаноўцы, нібы ў іншым свеце, і мяне будуць акружаць зусім іншыя людзі, ад мінулага не застанецца нічога… А на самой справе аказалася ўсё інакш. Мае аднагодкі засталіся са мной, не ўсе, вядома, многія памерлі. І ўсё ж сябры маладосці засталіся самымі вернымі, — пераканана Леаніда Валковіч.
— Якая цудоўная маладосць была ў мяне, я нават сам не разумеў, якая яна была светлая і цудоўная. Як шкада, што я не цаніў яе, і разумею гэта толькі цяпер, калі маладосць ужо далячынь, — сумуе Аляксандр Мартынюк.
— Вядома, пры слове “маладосць” у кожнага чалавека, асабліва, калі яна ўжо за плячыма, узнікаюць розныя асацыяцыі, але я ўпэўнена: у свае 40, 50, 60 успомню шмат сяброў, паходы, летнія лагеры, шумныя спрэчкі, вечарыны, — думае Ганна Калеснікава.
— З мноства жыццёвых дарог самай дарагой і значнай з’яўляецца зной­дзеная самастойна. Не запамінаюцца дарогі, па якіх ідзеш следам за кім-небудзь, нават калі гэта недалёка, запамінаецца тая дарога, што знайшоў сам, прайшоўшы праз цяжкасці. Трэба жыць, маючы ўласную пазіцыю, не чакаючы, каб цябе пашкадавалі, табе паспачувалі ў цяжкую хвіліну, быць самім сабой, дапамагаць людзям. Трэба жыць так, каб выпрацаваць характар, і тады ты зможаш па-сапраўднаму дапамагаць людзям, — лічыць Андрэй Валковіч.
Безумоўна, такія сустрэчы, задушэўныя размовы пабуджаюць яшчэ раз задумацца пра змест жыцця, яго каштоўнасці. Так, трэба ўмець цаніць у жыцці ўсё (не толькі даброты і задавальненні), утрымацца за жыццё, хаця б таму, што яно дадзена табе. А калі так, то свядома сцвярджаю: вельмі каштоўнае сваё жыццё і чужое тым больш.
І няхай пакуль яшчэ “маўчыць” наша моладзь, але мы не перастанем да яе звяртацца словам, якое «ў пачатку было», а разумнае, цікавае, нават інтрыгуючае яно патрэбна для таго, каб адбыўся насычаны інтэлектуальнай і духоўнай працай працяг у справе, каб на такіх разгорнутых гутарках адбываўся поўны думкі і пачуцця рух наперад, які абавязкова будзе набліжаць да канчатковага пункта прызначэння – стварэння чалавека ў чалавеку.
Акрамя ўсяго, на сустрэчы гучалі песні ў выкананні ўсіх прысутных, песні пра цяжкую жаночую долю, пра расстанне, каханне і вернасць. А як кранаюча спявала Настасся Раманюк са сваёй дачкой Зінаідай пра гады, якія так хутка прайшлі. Старэйшыя вучылі моладзь танцаваць “кракавяк”, “гапак”, “польку”. І, вядома, чытала свае вершы Надзея Мартынюк.
Разыходзіліся неахвотна, але сагравала думка пра сустрэчу на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 11 кастрычніка, у 16.00 у Доме культуры быў наладжаны канцэрт, віншаванні дарыў ансамбль “Натхненне”. Дзяўчаты сапраўды падарылі свята, узнялі настрой жыхарам вёскі. Паўтары гадзіны выбаршчыкі слухалі песні, вершы, байкі, глядзелі інсцэніроўкі і шчыра дзякавалі культработнікам. А 14 кастрычніка ў Доме культуры адбыўся святочны вечар, прысвечаны Дню маці. Для таго, каб зразумець значнасць гэтага мерапрыемства, пабыць у атмасферы добразычлівасці, узаемапавагі, бясконцай і бескарыслівай любві паміж маці і дзецьмі, трэба было толькі папрысутнічаць.
Марыя НАЎРОСЬ, в. Пажэжын.

Опубликовано в «ГЧ» 28.10.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://monaliza.kiev.ua

onlyyou.od.ua

www.medicaments-24.net