ПРАЦА — ГЭТА ВЯЛІКАЕ ПРАВА І ВЯЛІКІ АБАВЯЗАК

24 і 25 верасня ў г. Лідзе праходзіць рэспубліканскае свята-кірмаш “Дажынкі-2010”. У складзе дэлегацыі ад Брэсцкай вобласці будуць і прадстаўнікі нашага раёна. Мікалай Яцэнка  і Леанід Максімук, механізатары райаграпрамтэхнікі, выйшлі пераможцам і прызёрам рэспубліканскага спаборніцтва на адвозцы кармоў сярод вадзіцеляў і механізатараў механізаваных атрадаў. А СВК “Дарапеевічы” (старшыня В.Ф. Юхімук) зноў, ужо ў які раз, сярод сельгаспрадпрыемстваў Брэсцкай вобласці пабіў рэкорды ў рэспубліцы па нарыхтоўцы травяністых кармоў. ДзЛГУ «Маларыцкі лясгас» (дырэктар У.Я. Афанасенка) аказаўся лідэрам у вобласці ў конкурсе па культуры земляробства, ушанаванне пераможцаў якога таксама адбудзецца ў час рэспубліканскіх «Дажынак-2010».
Віншуем пераможцаў і прызёраў і жадаем, каб і ў далейшым ім усміхалася ўдача, было надзейным здароўе, багацейшым станавіўся асабісты працоўны рахунак.
— Вядома, прыемна было, калі даведаўся, што выйшаў у лідэры ў рэспубліканскім спаборніцтве, — шчыра прызнаваўся Мікалай Яцэнка,  — тым больш, што працую ў райаграпрамтэхніцы ўсяго толькі паўгода.
А Леанід Максімук, які ў гэтай арганізацыі ўжо 7 гадоў,  дадаваў,  што яму было прыемна ўдвая: за сябе і за свайго калегу Мікалая, з якім разам шчыравалі на палях раёна.
Леанід і Мікалай гава­рылі, што працуючы амаль без выхадных, яны не думалі пра працоўныя здабыткі, не імкнуліся трапіць у перадавікі, яны проста рабілі сваю справу – дапамагалі вяскоўцам нарыхтоўваць кармы.
Спрыяла зладжанай рабоце многае, і ў першую чаргу добрая арганізацыя працы ў тых гаспадарках, дзе Леанід і Мікалай працавалі. А гэта СВК “Ланская” і “Хаціслаўскі”. Ніколі не прастойвала тэхніка – МТЗ-82 і МТЗ-1221, на якой механізатары працавалі.
А  маральная падтрымка дома? Яна таксама адыгрывала вялікую ролю,  бо ў сем’ях Мікалая і Леаніда добра разумелі, што нарыхтоўка кармоў, — час асаблівы, гарачы, таму ніколі не папракалі за тое, што амаль не бывалі дома.
— А самі мы добра разумелі, што работа адказная, што вяскоўцам патрэбна наша дапамога — сваіх жа механізатараў не ўсюды хапае, што на нас спадзяюцца, ды і як можна было падвесці таго, хто вырошчвае для нас хлеб, забяспечвае малаком, мясам, — гаварыў Леанід.
Рады за поспехі сваіх работнікаў і ў калектыве райаграпрамтэхнікі. Вось што сказаў намеснік дырэктара па аграхімабслугоўванні Анатоль Іванавіч Крэнь:
— Мы чакалі такіх добрых вынікаў, бо Мікалай і Леанід – работнікі непе­раўзыдзеныя. Хоць і цяж­ка было, дастаткова толь­кі ўспомніць сёлетняе надвор’е, спякоту, а ў іх трактарах, на жаль, няма,  як у “Ягуарах”,  кандыцыянераў, але яны разумелі важнасць той кампаніі, удзельнікамі якой з’яўляліся. Ну і мы ўсяляк стараліся ім дапамагаць. Наша аператыўная выязная брыгада своечасова выязджала ў гаспадаркі, дастаўляла запчасткі, калі раптам нешта псавалася. Нам сорамна было б,  калі б з-за нас работа  стаяла. Механізатары працавалі без выхадных,  не пакладаючы рук.
Рады, вядома ж, за Мікалая Яцэнку і Леаніда Максімука, як і за ўсіх астатніх пераможцаў і прызёраў рэспубліканскага спаборніцтва з Маларытчыны, і мы, іх землякі. І верым, што гэтая вялікая перамога будзе не апошняй у іх працоўнай дзейнасці.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Леанід МАКСІМУК і Мікалай ЯЦЭНКА,  прызёр і пераможца рэспубліканскага спаборніцтва на адвозцы кармоў.
Фота Святланы МАКСІМУК.

Добавить комментарий


forex club отзывы

раскрутка сайта цены
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!