БЕЗ ПЕРАПЫНКАЎ І ВЫХАДНЫХ

Такі прынцып работы камунальнай службы

8 гадоў таму назад, калі многія аб’екты камунальнага прызначэння перадавалі на баланс КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”, непасрэдна ў вёсках і былі створаны вытворчыя ўчасткі. Гэта абсалютна правільнае рашэнне, бо такая рэарганізацыя дае магчымасць эканоміць не толькі матэрыяльныя рэсурсы, але і спрыяе большай аператыўнасці ў рабоце камунальнікаў.

Акрамя таго, многім былі прадас­таўлены рабочыя месцы. Скажам, на тым жа Лукаўскім участку пастаянна занята 10 чалавек, 28 — працуюць сезонна. Абслугоўвае калектыў 40 населеных пунктаў Лукаўскага, Чарнянскага, Макранскага і Велікарыцкага сельскіх Саветаў. А гэта аб’екты сацыяльнай сферы і водазабеспячэння, жылфонд. Камунальнікі прадастаўляюць спажыўцам усе тыя ж паслугі, якімі карыстаемся і мы, гараджане.
Ніякіх прэтэнзій да работы калектыву камунальнай службы Лукаўскага ўчастка спажыўцы паслуг не маюць, бо ён стараецца трымаць сваю марку, працаваць так, каб людзі былі задаволены.
Карыстальнікаў жа паслуг не меншае, а наадварот становіцца больш. Нядаўна на свой баланс камунальнікі прынялі і міжнародны пункт пропуску “Макраны”. А завяршэнне работ па пракладцы водаправода дабавіла колькасць спажыўцоў вады (цяпер усе 100% насельніцтва аграгарадка “Лукаўскі” маюць магчымасць карыстацца чыстай пітной вадой).
Параўнальна нядаўна на баланс КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” былі перададзены і сельскія могілкі. І трэба адзначыць, што і на іх стала больш парадку.
Зацікаўленыя на ўчастку і ў зборы другаснай сыравіны, што па­цвярджаюць лічбы. З пачатку года лукаўскія камунальнікі здалі 15 тон 640 кілаграмаў шкла, 8,5 тоны макулатуры, амаль 4 тоны пластыку. Гэтаму ў немалой ступені спрыяла адкрыццё ў Лукаве, як і на ўчастках у вв. Ланская і Хаціслаў, пункта па прыёму другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Рацыянальна стараюцца выкарыс­тоўваць на ўчастку, як і ў цэлым у КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”, і прыродныя рэсурсы. Толькі 2 кацельні з 8 працуюць на газе, астатнія 6 — на мясцовых відах паліва.
Рабоце без збояў спрыяюць тэхнічныя магчымасці. На ўчастку ў наяўнасці ёсць 8 адзінак тэхнікі. І хоць яна не новая, вялікіх праблем камунальнікам не стварае, бо працуюць на ёй надзейныя людзі, якія часцей за ўсё самі могуць справіцца з усімі непаладкамі.
Што ж датычыць якасці аказваемых паслуг, дык і тут спажыўцу прыдрацца асабліва няма да чаго. А такім, як слесар Віктар Хівук (ён працуе на ўчастку з дня яго адкрыцця) у кожным канкрэтным выпадку выказваюць толькі шчырыя словы падзякі.
Зладжанай рабоце калектыву ўчастка, адзначалі яго начальнік Віктар Тарасюк і майстар Тамара Анішчук, спрыяюць і добра наладжаныя кантакты з кіраўнікамі сельскіх Саветаў, гаспадарак, што знаходзяцца на тэрыторыях абслуговай зоны.
Віктар Ігнатавіч прыводзіў у прыклад старшыню СВК “Дарапеевічы” Васіля Фядосавіча Юхімука, з якім лёгка і прыемна супрацоўнічаць і які многія надзённыя пытанні, што ўзнікаюць, правільна зразумее і дапаможа вырашыць.
* * *
Калі ў вас назбіралася шмат другасных матэрыяльных рэсурсаў: макулатуры, ануч, шкла і інш., на ўчастку гатовы прыехаць і забраць іх у вас. Для гэтага трэба толькі патэлефанаваць па нумарах: 41-3-92 ці 207-87-61 (МТС), 323-19-24 (МТС).
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: у зладжанай рабоце калектыву зацікаўлены ўсе: ад начальніка Віктара Тарасюка, майстра Тамары Анішчук да слесара Віктара Хівука.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 28.10.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.