“Акалада”- гэта прафесійна і прыгожа

Сёння ў гарадскім Доме культуры праходзіць абласны тур XI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур”, на якім у чацвёрты раз выступіць тройчы ўдзельнік Рэспубліканскага фестывалю ў Гродна ( VI, VIII і X) вакальны ансамбль Маларыцкага гарадскога Дома культуры “Акалада”.  

У абласным туры XI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур” прымаюць удзел больш за 15 нацыянальнасцей, якія пражываюць на Брэстчыне: туркменская, казахская, башкірская, таджыкская, узбекская, азербайджанская, армянская, чувашская, малдаўская, яўрэйская, польская, руская, цыганская, украінская. Упершыню на ім пакажуць сваю культуру паўднёвакарэйцы.
Вакальны ансамбль “Акалада”, які створаны ў 2004 годзе па ініцыятыве Анатоля Барысюка, прадстаўляе ў абласным адборачным туры культуру Украіны. І гэта не выпадкова. Бо на Маларытчыне, якая мяжуе з Украінай, сёння пражывае нямала прадстаўнікоў суседняй дзяржавы. Многія з іх парадніліся з беларусамі. Пера­пляліся і нашы культуры. Таму ў святы ў дамах маларытчан вельмі часта можна пачуць задушэўныя ўкраінскія песні. Нямала іх і ў рэпертуары вакальнага ансамбля “Акалада”, якія гучаць на канцэртах калектыву нароўні з беларускімі і рускімі. Песні ў выкананні гэтага творчага калектыву падабаюцца не толькі маларытчанам. Рэпертуар ансамбля прыйшоўся даспадобы і жыхарам іншых рэгіёнаў вобласці і краіны.
Вакальны ансамбль — шматразовы ўдзельнік раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў, якія ў розныя гады праходзілі ў Беларусі. А яшчэ – міжнародных фестываляў і конкурсаў у Польшчы і Славакіі. Творчасць самадзейных артыстаў “Акалады”, якія нароўні з эстрадным накірункам працуюць у такіх жанрах, як фольк-мадэрн і поп-фольк, палюбілася і жыхарам гэтых краін.
“Акалада” — гэта пра­фесійна і прыгожа”, — гавораць тыя, хто знаёмы з творчасцю калектыву. Ад сябе дадам: “І з запалам”. Упэўнена, што на сцэне роднага Дома культуры пастаянныя ўдзельнікі вакальнага ансамбля “Акалада” Анатоль і Аляксандр Барысюкі, Анастасія Мазур, Алена Свішчова разам са сваім кіраўніком Эдуардам Пішчыкам, як і заўжды, выступяць годна, пакажуць украінскую культуру ва ўсёй яе прыгажосці. І ў чарговы раз “сарвуць” заслужаныя апладысменты ад удзячных гледачоў за высокі прафесіяналізм і любоў да песні.
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: вакальны ансамбль “Акалада” гарадскога Дома культуры.

Опубликовано в «ГЧ» 31.10.2015 г. 

Добавить комментарий


доставка воды белая церковь

www.best-cooler.reviews

посмотреть
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!