З любоўю па жыцці

…Трохгадовы Данііл у шчыліну прыадчыненых дзвярэй з цікавасцю выглядаў: што ж за госці там прыехалі? А калі мы ўвайшлі ў пакой, адразу дзелавіта, па-даросламу, працягнуў руку, каб павітацца з кожным. Твар хлопчыка свяціўся ўсмешкай, якая без лішніх слоў сведчыла: у доме госці — гэта свята. Такая атмасфера гасціннасці звычайна ўласціва вялікай сям’і. Трапіўшы ў такую атмасферу, сам адчуваеш сябе часткай гэтай сям’і. Можа менавіта таму прыёмныя дзеткі Уладзіміра і Алены Бойка, а жыве сям’я ў аддаленай, на самым ускрайку раёна, вёсачцы Заор’е, так хутка прывыклі да новага дому.
Першым у сям’і Бойка з’явіўся хлопчык Артур. Было гэта дзевяць гадоў назад. Бацькі — Алена Анатольеўна і Уладзімір Міхайлавіч, дзеці якіх падраслі (сыну Андрэю было 13 гадоў, дачцэ Марыне – 11 гадоў), неяк задумаліся над тым, што ў многіх хлопчыкаў і дзяўчынак няма дома, сям’і, таго чалавека побач, які б пашкадаваў, падтрымаў, і вырашылі сагрэць цяплом сваіх сэрцаў хоць адно дзіця. Пра свой намер нікому не расказвалі, нават самым блізкім людзям, бо прадчувалі: іх наўрад ці зразумеюць. І сапраўды, папаўненню ў сям’і з першых хвілін шчыра абрадаваліся толькі дзеці.
— Першыя некалькі тыдняў я і сама ўжо не рада была, што мы пайшлі на такі крок, — успамінае Алена. – Настолькі цяжка было, што нават рукі апускаліся.
Але паступова маленькі гарэзлівы Артур пачаў прывыкаць да бацькоў, а яны да новага сына. І дзеці, у якіх (што, напэўна, непазбежна) узнікала рэўнасць, прывыклі, палюбілі малога. Пуста стала ў доме, калі Андрэй і Марына пайшлі ў дарослае жыццё. Артур засумаваў. А ў Алены і Уладзіміра ўсё часцей пачалі з’яўляцца думкі наконт таго, каб узяць яшчэ адно прыёмнае дзіця. Але яны і думаць не маглі, што ў іх доме з’явяцца двое зусім маленькіх дзяцей. Двухгадоваму Даніілу, бацькоў якога прызналі недзеяздольнымі, патрэбны быў новы дом. Уявіўшы, што маленькі хлопчык апынецца ў інтэрнацкіх сценах, Бойкі вырашылі забраць яго да сябе. Калі ўсе дакументы былі гатовы, высветлілася, што ў хлопчыка нарадзіўся брацік, якога біялагічныя бацькі з-за сваёй хваробы таксама даглядаць не змогуць. Разлучыць братоў Алене і Уладзіміру не дазволілі іх чулыя сэрцы. Хоць страшна было разам з двухгадовым хлопчыкам браць яшчэ і немаўля, якому ад нара­джэння было ўсяго дзесяць дзён, але ж рызыкнулі. Цяпер ужо самаму малодшаму ў сям’і Бойка – Уладзіславу – адзін год і чатыры месяцы. Роўна столькі жыве ён з прыёмнымі бацькамі, якія для яго самыя-самыя сапраўдныя.
Калі ў доме стала адразу трое прыёмных дзяцей, Алене, якая раней работу мамы-выхавальніцы сумяшчала з работай у сацыяльнай службе, са сваімі падапечнымі пажылымі людзьмі давялося развітацца. Але без памочніка яны не засталіся. Сацыяльным работнікам пайшоў працаваць Уладзімір, якому з-за атрыманай траўмы давялося пакінуць ранейшае месца работы.
— Больш прывычна ў ролі сацыяльнага работніка бачыць жанчыну. Ці не складана мужчыну спраўляцца з такімі абавязкамі, як догляд за пажылымі людзьмі? – цікаўлюся ва Уладзіміра.
Ён усміхаецца і тлумачыць:
— Падлогу памыць нескладана, гэтаму яшчэ ў арміі навучылі, навастрыць нож, прынесці ў дом ваду, дровы, завезці хворага да ўрача – гэта ўвогуле больш мужчынская справа. А пагутарыць з людзьмі, выслухаць можа кожны, галоўнае, каб цярплівасці хапала.
Дапамога, як прызнаецца Уладзімір Міхайлавіч, яму больш патрэбна ў афармленні розных папер, дакументаў. Тут ужо дарадчыца – Алена, у якой ёсць вопыт. Так і спраўляюцца Бойкі з усім разам. Тры разы на тыдзень наведвае Уладзімір Міхайлавіч кожнага са сваіх падапечных. А іх пяцёра. А калі справіцца з усім – дамоў спяшаецца. Бо дом іх даўно ператварыўся ў маленькі дзіцячы сад. Тут шумна, весела, але ў той жа час няма ніводнай вольнай хвілінкі, бо прафесія бацькоў, не важна – родных ці прыёмных – кругласутачная.
Увесь час, пакуль мы размаўлялі, малодшы Уладзіслаў спаў. Рукі мамы былі свабодныя, а таму за іх увесь час трымаўся Данііл – прытуляўся, гладзіў. І ўсё ж з малодшым у сям’і таксама давялося пазнаёміцца. Калі абодва брацікі апынуліся ля мамы, кінулася ў вочы, што дзеці і жанчына нечым вельмі падобныя. Як, між іншым, і Артур з татам Уладзімірам.
— Мы гулялі ў Брэсце ў парку, да нас падышла жанчына і гаворыць: як жа сын на вас падобны – і вочы такія ж, і валасы. Я ёй адказваю, маўляў, гэта выпадковасць, бо хлопчык на самой справе прыёмны. Але яна, напэўна, так і не паверыла, — расказвае, пачуўшы маю заўвагу аб падабенстве, Уладзімір.
Так, нічога ў жыцці не бывае выпадковым. Чалавеку не дадзена ведаць, якім будзе яго лёс, якія выпрабаванні сустрэнуцца, з чым давядзецца спраўляцца. Але, калі нешта здараецца ў жыцці, трэба цярпліва ўспрымаць гэта. Шукаць у дрэнным лепшае, выбірацца з цяжкіх сітуацый, думаць не толькі пра сябе, але і пра іншых. Вядома, калі б на жыццёвым раздарожжы Уладзімір і Алена выбралі іншую сцежку, магчыма не жылі б у аддаленай, маленькай неперспектыўнай вёсцы, ад якой да цэнтральнай сядзібы дзясяткі кіламетраў. І прафесіі, магчыма, былі б іншыя, і дзяцей прыёмных, выгадаваўшы сваіх, магчыма не бралі б. Але ці былі б яны такімі гарманічна шчаслівымі, як цяпер, нягледзячы на клопаты, цяжкасці? Самі Бойкі ўпэўнены, што не. Бяссонныя ночы, паездкі да ўрачоў, тыдні ў дзіцячым аддзяленні бальніцы, бо малыя вельмі слабенькія і часта хварэюць, вядома ж, стамляюць. Але любоў дзяцей, іх шчырае “мама” дапамагаюць усё забыць.
Алена і Уладзімір, дарэчы, не толькі бацькі. Яны ўжо бабуля і дзядуля. Сын Андрэй з нявесткай падарылі ім унука. У вялікай сям’і ўсім хапае цеплыні. Нават дзецям з дзіцячага дома, якіх не раз ужо бралі Бойкі да сябе ў вёску на час летніх канікулаў. Калі сям’я вялікая, лічаць бацькі, тады кожнаму знаходзіцца занятак. Вось Артур, да прыкладу, вельмі любіць даглядаць за малодшымі. А яшчэ ў свабодны ад школы час Уладзіміру з задавальненнем дапамагае. А спраў хапае. Бо запасаў на зіму вялікай сям’і трэба нямала. Таму і бульбы нямала Бойкі садзяць, і гародніны, і гаспадарку трымаюць немалую. І, што самае адметнае, на цяжкасці не скар­дзяцца. З імі спраўляцца, як прызнаюцца, дапамагае любоў да дзяцей. Яе не патрабуе прафесія прыёмных бацькоў, але так дыктуе сэрца. Шчырае, ахвярнае, па-сапраўднаму бацькоўскае…
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Уладзімір і Алена Бойка з прыёмнымі дзеткамі Артурам, Даніілам і Уладзіславам.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 31.10.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


Лестничные перила из нержавейки https://www.arbud-prom.com.ua.
farm-pump-ua.com

подробно