Помніць сябе маладым

Такім прынцыпам кіруецца ў рабоце і ў жыцці дырэктар Лукаўскага сельскага Дома культуры Ала Алесіюк

Стройная, статная, стыльная. Гледзячы на гэтую маладую прыгожую жанчыну, не скажаш, што яна маці траіх дзяцей – старэйшы з якіх, сын Максім, вучыцца ўжо на другім курсе Брэсцкага політэхнічнага ўніверсітэта, а дочкам Кацярыне і Іне 14 і 11 гадоў адпаведна. І тым больш няпроста пры­знаць у ёй звычайную вясковую жыхарку, якой, акрамя прафесійных абавязкаў, штодзень даводзіцца выконваць спрадвечную работу сельскай гаспадыні: даглядаць хатнюю жыўнасць, палоць агарод, мыць бялізну, гатаваць сняданкі і абеды, прыбіраць у доме.
…У адрозненне ад старэйшых братоў Леаніда (на жаль, ужо нябожчыка), Рыгора, Віктара і сястры Надзеі, Алу памятаю мала, хоць і выраслі ў адной вёсцы і жылі непадалёк. Яна ў вялікай сям’і Капанькаў была найменшай, нарадзілася акурат у год, калі мы заканчвалі школу. Пазней ужо, калі працавала ў райцэнтры і на выхадныя прыязджала да бацькоў, іншы раз сустракала на вуліцы цёмнавалосую дзяўчынку, у якой знаходзіла знаёмыя рысы яе старэйшай сястры.
Як і належыць маладзейшай, Ала заўжды першай віталася, а я пры кожнай новай сустрэчы заўважала, як дзяўчынка-падлетак станавілася сапраўднай прыгажуняй. Пасля нейкі перыяд з Алай мы не сустракаліся, ад яе родных ведала толькі, што працуе дзяўчына ў Доме культуры ў вёсцы Ужова, што там жа Ала выйшла замуж і месца работы не мяняла. А аднойчы, калі працавала ў абласной газеце “Народная трыбуна”, нават брала ў яе па тэлефоне інфармацыю пра нейкае мерапрыемства, якое яна праводзіла ў сельскім Доме культуры. І была прыемна ўражана яе кампетэнтнасцю ў пытаннях сферы, у якой працуе, а яшчэ — уменнем весці размову на зададзеную тэму…
“Менавіта такім і паві­нен быць работнік установы культуры”, — падумалася тады. А яшчэ – маладым. І не толькі целам, але і душой. Адпавядаць, як гавораць, патрабаванням часу і быць прыкладам для тых, хто прыходзіць у Дом культуры: у паводзінах, у манеры апранацца, з сучаснай, вядома ж, адпаведна з узростам, прычоскай, заўсёды з добрым настроем і ветлівай усмешкай. І абавязкова разумець маладых і іх запатрабаванні. Калі ж такое разуменне ёсць, то Дом культуры, асабліва сельскі, становіцца сапраўдным ачагом Культуры ў вёсцы, месцам зносін моладзі, дзе можна не толькі патанцаваць і паслухаць сучасную музыку, але і проста сустрэцца з сябрамі, пазнаёміцца, у рэшце рэшт.
З размовы, якая адбылася з Алай падчас нядаўняй сустрэчы ў сельскім Доме культуры, даведалася шмат цікавага з яе жыцця, што, як гавораць, заставалася за кадрам. У прыватнасці, маладая жанчына распавяла пра школьную мару быць педагогам. Як і яе старэйшая сястра. Яна хутчэй за ўсё і паўплывала на мару малодшай з сям’і Капанькаў.
Ды толькі гады сталення вучаніцы Арэхаўскай сярэдняй школы прайшлі ў час, калі “планка” прэстыжу прафесіі настаўніка рэзка ўпала, а разам з ёй і цікавасць да прафесіі педагога. Менавіта гэта, гаворыць сёння Ала Алесіюк, змяніла яе рашэнне. І яна вырашыла паступаць не ў педагагічны, а ў інстытут культуры. Але не толькі таму, што ёй параілі гэта работнікі аддзела культуры райвыканкама, з якімі пазнаёмілася ў час аднаго з раённых мерапрыемстваў. Дзяўчыне яшчэ ў школьныя гады самой падабалася ўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці, разам з такімі ж актывістамі-аматарамі, як і яна, выступаць з канцэртамі перад аднавяскоўцамі, удзельнічаць у аглядах-кон­курсах.
На жаль, на стацыянар, калі паступала першы раз у Мінскі інстытут культуры, яна не прайшла па конкурсе. А вось на завочнае аддзяленне, калі ўжо год адпрацавала мастацкім кіраўніком ва Ужоўскім СДК, у 1994 годзе паступіла. Факультэт “Рэжысура абрадаў і свят” Ала закончыла ў 2000-м годзе. Гады вучобы запомніліся не толькі цікавымі лекцыямі, сустрэчамі з вядомымі дзея­чамі культуры і мера­прыемствамі, якія праводзіла для вяскоўцаў. Яны былі багаты і іншымі падзеямі.
Так, падчас работы ва Ужове на адной з дыскатэк дзяўчына пазнаёмілася з лукаўскім хлопцам Аляксандрам Алесіюком. Яго, дарэчы, нагледзела крыху раней у школьным фотаальбоме адной са сваіх мясцовых сябровак. Менавіта гэты юнак з выпускнога класа сяброўкі падаўся ёй самым прыгожым. За яго ў хуткім часе пасля афіцыйнага знаёмства Ала і выйшла замуж. І паспяхова сумяшчала вучобу і работу мастацкага кіраўніка Дома культуры з абавязкамі жонкі і гаспадыні дома. Тады ж у маладой сям’і нарадзіўся першынец.
— І як гэта малады муж адпускаў такую прыгажуню вечарамі ў клуб? – цікаўлюся ў Алы Леанідаўны.
— Цяпер ён ужо разумее, што гэта мая работа, што я тут працую, а не забаўляюся, — распавядала жанчына. — А напачатку сумеснага жыцця часта злаваўся, калі я ехала вечарам у Дом культуры, дзе збіралася моладзь, ці куды-небудзь з канцэртам. Я яго разумела. Таму ніколі не давала падстаў для рэўнасці.
А яшчэ Ала распавяла пра тое, што бацькі мужа былі цудоўнымі гарманіс­тамі і таксама ўдзель­нічалі ў мастацкай сама­дзейнасці. Шкада толькі, што дзецям гэты талент не перадаўся. І яе мужу ў прыватнасці. А так бы працавалі разам. Тым больш, што ў мясцовым Доме культуры апошнім часам праблемы з гарма­ніс­там.
У большасці ж сваёй гутарка з цяперашнім дырэктарам Лукаўскага СДК, якая да прызначэння на гэтую пасаду пэўны час працавала тут мас­тацкім кіраў­ніком, была пра моладзь, якая ў Лукаве, яна ўпэўнена, самая лепшая, адкрытая і інтэ­лектуальная. Заўжды дапаможа і зразумее. Але для гэтага варта і ёй ісці насустрач. І не забываць пра тое, што некалі і ты быў маладым: як некалі хацелася і ёй самой, каб дыскатэкі ў клубе, нягле­дзячы на распарадак яго работы, працягваліся як мага даўжэй. Магчыма, усяго на адну-дзве мелодыі, затое заўтра тыя ж юнакі і дзяўчаты з ахвотай прыйдуць на дапамогу ў падрыхтоўцы вечара адпачынку, Дня вёскі ці яшчэ якога мерапрыемства.
Ала Леанідаўна стараецца не парушаць распарадак работы Дома культуры і ўсё ж іншы раз ідзе насустрач юнакам і дзяўчатам, хоць і разумее, што за гэта ў самой могуць быць непрыемнасці. І музыка тут заўжды самая сучасная. Таму і карыстаюцца папулярнасцю лукаўскія дыскатэкі ў бліжняй акрузе, а па выкананні платных паслуг тутэйшы Дом культуры займае другое месца пасля Хаціслаўскага.
Але, як гавораць, не ад­нымі дыскатэкамі жывуць вяскоўцы. І Ала Алесіюк гэта добра разумее. Таму разам з мастацкім кіраў­ніком Таццянай Кацёл і бібліятэкарам Ларысай Анішчук арганізоўваюць і праводзяць для іх тэматычныя вечары, да святаў рыхтуюць канцэртныя праграмы з удзелам мясцовых самадзейных артыстаў, да якіх абавязкова робяць выставы вырабаў народных умельцаў. Створаны ў Доме культуры і фальклорны куток, які можа наведаць кожны, хто жадае, каб убачыць тут не толькі цудоўныя вышыванкі, але і рэчы “даўніны глыбокай”, працуюць фальклорнае аб’яднанне, дарослы і дзіцячы эстрадныя гурткі. Адным словам, пры жаданні кожны наведвальнік Дома культуры, у якім пасля капітальнага рамонту створаны ўсе ўмовы для культурнага адпачынку, можа тут знайсці для сябе занятак. У планах дырэктара – запуск караоке. Ала Алесіюк упэўнена, што гэты “праект” зацікавіць вяскоўцаў і значна павялічыць колькасць наведвальнікаў Дома культуры. Тым больш, што спяваць у Лукаве любяць і ўмеюць.
Што ж тычыцца работы ў прыватнасці, то яна лічыць, што кожнае праведзенае культработнікамі мерапрыемства павінна пакідаць след у душах і сэрцах вяскоўцаў. Калі ж яно не выклікае ў чалавека эмоцый, значыць, спрацавалі дрэнна. Таму і стараецца разам з членамі сваёй каманды канцэрты і вечары арганізоўваць так, каб яны абавязкова дарылі людзям добры настрой. Толькі ў гэтым выпадку твая работа эфектыўная.
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: Ала Алесіюк у фальклорным кутку.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 4.11.2015 г.

Добавить комментарий


ailavita.com.ua

shtory.ua

там 13.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!