“Музыка аб’ядноўвае народы”

Народны ансамбль народнай песні “Рыцкі куфэрак” за 26 гадоў сваёй творчай біяграфіі выступаў і ў раёне, і ў вобласці, і ў рэспубліцы, і далёка за яе межамі. Вось і нядаўна калектыў вярнуўся з цікавай паездкі. Па запрашэнні палякаў “Рыцкі куфэрак” прыняў удзел у 14-м міжнародным фестывалі польскай песні ў г. Легніца.
Кожны дзень фестывалю, як дзяліўся ўражаннямі кіраўнік ансамбля Анатоль Барысюк, быў вельмі насычаны. Даводзілася даваць па два канцэрты ў розных польскіх мястэчках. І ўсюды беларускі ансамбль, які выступаў у народным стылі, сустракалі і праводзілі вельмі дружалюбна, шчырымі апладысментамі. “Рыцкі куфэрак” мае багаты багаж песень, якія выконваюць артысты на розных мовах. Рыхтуючыся да паездкі ў Польшчу, ансамбль папоўніў свой рэпертуар польскімі песнямі. З адной з іх, якая спадабалася польскаму гледачу, удзельнічаў калектыў у заключным гала-канцэрце.
Самім жа ўдзельнікам музычнага падарожжа вельмі спадабаліся прыгожыя старажытныя мясціны, чароўная атмасфера дзён нацыянальнай культуры.
А на пытанне, якія ўражанні пакінуў фестываль, чым асаблівым запомніўся, кіраўнік ансамбля Анатоль Барысюк адказаў:
— У чарговы раз фестываль пераканаў, што музыка аб’ядноўвае народы. Паездка дала магчымасць пазнаёміцца з культурай краіны, яе гісторыяй, якую палякі вельмі шануюць. І такім паважлівым і трапяткім адносінам да мінулага, да нацыянальнай культуры варта павучыцца.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: ансамбль “Рыцкі куфэрак” у час фестывалю польскай песні.
Фота з альбома ансамбля.

Опубликовано в «ГЧ» 4.11.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.