Свет бачыць душой

Белыя аблокі на нябесным блакіце, асенняе золата лістапада, яркія колеры вясёлкі пасля цёплага летняга дажджу, зелень вясенняй травы – усё гэта засталося ў памяці Аляксандры Дзянісаўны Нікіенка. Толькі ў памяці… Бо вось ужо 15 гадоў жанчына – татальна невідушчая. Кінаплёнку яе жыцця лёс падзяліў на два адрэзкі: да і пасля… На тым адрэзку, што быў да хваробы, яна працавала, клапацілася пра дом, сям’ю і, у жыццёвай мітусні, як, між іншым, і кожны з нас, не надавала асаблівай увагі багаццю магчымасцей, што даваў зрок. Тады яна яшчэ бачыла ўсю палітру яркіх колераў, магла радавацца святлу. Адрэзак пасля хваробы ахутаў яе жыццё цемрай…

З вёскі Грушка ў Маларыту дзяўчына Аляксандра прыехала, калі выйшла замуж. Спачатку працавала ў дзіцячым садзе, затым уладкавалася на га-роднінасушыльны завод. 22 гады завадская прахадная была для яе роднай. І ўсяго месяц заставаўся да выхаду на пенсію, як жанчына цалкам страціла зрок. Вядома, не ў адно імгненне цемра з’явілася ў яе вачах. Спачатку пачаліся праблемы са здароўем. Абследавалася яна ў розных дактароў. Не адразу было ўстаноўлена, што прычына ўсяму – унутрывокавы ціск. Злаякасная глаўкома, а менавіта такі дыягназ паставілі абласныя ўрачы, з кожным месяцам усё больш і больш забірала зрок. За два гады Аляксандра Дзянісаўна перанесла 12 аперацый. І на кожную з іх ехала ў Мінск з надзеяй. Але паляпшэння так і не дачакалася. А калі зрок знік цалкам, давялося жанчыне проста змірыцца і вучыцца жыць навобмацак.
— Цяпер для мяне рукі – гэта мае вочы. Яны дапамагаюць з’арыентавацца, знайсці, што трэба, — расказвае Аляксандра Дзяні-саўна.
У кватэры яна жыве адна. І хоць зусім нічога не бачыць, але ўмела спраўляецца з гаспадарчымі справамі. І бульбу пачысціць, і суп наварыць, і ў пакоі прыбярэ (у доме пажылой жанчыны чысціня і парадак), і бялізну памые, і гузік, калі трэба, прышые. А быў час, калі і за мужам, які хварэў, даглядала. За 15 гадоў цемры ў вачах са многім давялося ёй навучыцца спраўляцца самой.
— Як жа жыць, калі нічога не рабіць? Чакаць ад некага дапамогі? Дык я і сама яшчэ паклапаціцца пра сябе магу, — заўважае субяседніца.
Праўда, не заўжды ўсё атрымліваецца гладка. Бывае, і каструля з рук упа­дзе ці “згубіцца” чайнік. Шукае-шукае яго гаспадыня, а потым зусім у іншым месцы знойдзе. Паківае галавою, маўляў, зусім забываць стала. І зноў за справу возьмецца. Галоўнае, Аляксандра Дзянісаўна не страчвае жыццёвы дух, жыве з верай і шчыра дзякуе добрым, чулым людзям, якія яе падтрымліваюць. Сярод іх верны сябар Святлана Бурштын, якая штодня забягае, прыносіць прадукты, і старшыня раённай арганізацыі таварыства інвалідаў па зроку Вера Сцяпанаўна Косік, якая патэлефануе, па­ці­кавіцца справамі, параіць нешта.
…Пасля гутаркі Аляксанд-ра Дзянісаўна, як клапатлівая гаспадыня, збіраецца правесці нас, прычым не да парога кватэры, а на вуліцу. Яна хуценька апранае куртку, акуратна склаўшы куточак да куточка, накідвае на галаву хустачку, зачыняе ключом дзверы, папраўляе дыванок, які згарнуўся ўбок. І ўсё робіць так ладна, што не верыцца ў яе слепату. Апошнюю выдае толькі палка, якую жанчына бярэ ў руку, каб правільна адшукаць дарогу. З трэцяга паверха да першага тры пралёты. Гэты шлях у трыццаць тры ступенькі Аляксандра Дзянісаўна пераадольвае штодня. Далёка ад дома на прагулку не ідзе. Хоць і ведае, што цяпер ужо многае прыстасавана ў горадзе для зручнасці людзей з інваліднасцю, нават святлафор мае гукавы сігнал спецыяльна для невідушчых. Калі сутыкаешся з бядой, як заўважае жанчына, разумееш, якой важнай з’яўляецца кожная дробязь, якая дапамагае знайсці дарогу, калі ты яе не бачыш.
Развіталіся з Аляксандрай Дзянісаўнай. Але ўвесь дзень да вечара не пакідала думка аб сіле духу людзей, якім выпадае несці цяжкі крыж хваробы. Яны бачаць душой, чуюць сэрцам. Важна толькі, каб і мы іх бачылі, чулі, разумелі і падтрымлівалі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Аляксандра Нікіенка.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 11.11.2015 г.

Добавить комментарий


https://www.chemtest.com.ua/

шторы готовые

http://militarycenter.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!