“…Мы таленавітыя, мы – будучыня”

Маларыцкі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі стаў месцам правядзення чарговай сустрэчы маладых педагогаў, якія нядаўна пачалі сваю педагагічную дзейнасць, з вопытнымі калегамі Маларытчыны, за плячамі якіх не адзін год працы ва ўстановах адукацыі. Мерапрыемства, прымеркаванае да Года моладзі, прайшло пад назваю “Мы — маладыя, мы – таленавітыя, мы – будучыня”.

— Жыццё ў педагагічнай прафесіі — гэта нястомная праца душы, — сказала Ала Шабогіна, вядучая, адкрываючы сустрэчу. – Памыляецца той, хто лічыць, што хлеб, які здабываецца на настаўніцкай ніве, зусім лёгкі. Прафесія педагога вартая шчырай падзякі і глыбокай павагі. Яна напоўнена штодзённымі трывогамі і хваляваннямі, радасцю і смуткам, пошукамі, адкрыццямі і знаходкамі. Быць настаўнікам — гэта пастаянна выпрабоўвацца на мудрасць і цярпенне, прафесійнае майстэрства, чуласць, спагаду, дабрыню. Педагог — самая шматгранная прафесія на зямлі, якая злучае ў сабе вельмі многае: строгасць інструкцый і загадаў, сардэчную дабрыню, цеплыню і акцёрскае майстэрства…
Малады настаўнік… Якія думкі, асацыяцыі выклікае ў нас гэта словазлучэнне? У кожнага розныя. Па меркаванні адных, гэта настаўнік, у якога яшчэ недастаткова вопыту, ведаў, уменняў, навыкаў. Магчыма, так. Педагог-пачатковец стаіць ля самых вытокаў сваёй прафесійнай дзейнасці, і ён, вядома ж, будзе адчуваць пэўныя цяжкасці ў працы. Другія перакананы, што малады настаўнік — гэта настаўнік энергічны, ініцыятыўны, творчы. І з гэтым можна пагадзіцца. Ва ўяўленні трэціх малады настаўнік адкрыты да ўсяго новага і больш успрымальны да зацікаўленасцяў вучняў…
Якімі ж якасцямі павінен валодаць педагог, у якога педагагічны стаж пакуль некалькі месяцаў ці толькі трохі больш за год?
Адказы на гэтае пытанне давалі тыя, хто разумнае, добрае, вечнае ў душы і сэрцы сваіх выхаванцаў сеяў і сее з дня ў дзень не адзін год. Гэта Аксана Краўчанка, загадчыца Маларыцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета; Людміла Хапалюк, выхавальніца дзіця­чага садка №2 райцэнтра; Наталля Сакалюк, настаўніца рускай мовы і літаратуры Ляхавецкага д/с-СШ; Людміла Гумінская, выдатнік адукацыі, былая загадчыца Маларыцкага раённага аддзела адукацыі; Ірына Сацюк, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства раённай гімназіі; Анатоль Дзямянка, настаўнік гісторыі Дарапеевіцкай СШ; Вячаслаў Зезюкоў, метадыст раённага Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі… Пра сваё бачанне ролі і месца маладога настаўніка ў сучасным грамадстве падчас мерапрыемства гаварылі Соф’я Якубчык, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы, а таксама Тамара Бурштын, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Хто такі малады педагог? Ці падрыхтаваны ён да прафесійнай дзейнасці? Адказы на гэтыя пытанні давалі і тыя, хто сваю працу нядаўна пачаў ва ўстановах адукацыі раёна. Сваімі развагамі, думкамі, перакананнямі, турботамі падзяліліся Наталля Пацяюк, выхавальніца Хаціслаўскага дзіцячага садка; Наталля Султанава, настаўніца англійскай мовы раённай гімназіі; Яўген Радчык, настаўнік гісторыі Арэхаўскай СШ; Дзяніс Піпко, настаўнік біялогіі і геаграфіі Збуражскага д/с-СШ…
— Маладому спецыялісту, — сказаў Аляксандр Хамічук, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, — проста неабходна падтрымка. Бо мала быць таленавітым, творчым, ініцыятыўным, адукаваным, крэатыўным і сучасным. Калі побач не будзе вопытнага і мудрага старэйшага дарадцы-настаўніка, то з педагога, які толькі пачынае свой прафесійны шлях, ніколі не атрымаецца сапраўднага спецыяліста. Прафесія настаўніка складаная. Яна патрабуе прызвання і штодзённага гарэння, справядлівасці і разумнай строгасці, патрабавальнасці. У маладога педагога абавязкова павінен быць свой “настаўнік”, які ў любую хвіліну падкажа, параіць, падтрымае, паспачувае, падбадзёрыць.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: сустрэча маладых педагогаў Маларытчыны з вопытнымі калегамі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 11.11.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.profvest.com

marybets.com