У атмасферу нацыянальнага каларыту і дружалюбнасці

акунуліся ўдзельнікі і госці абласнога тура ХI рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур ”Суквецце культур”, што праходзіў ужо ў трэці раз у нашым раённым цэнтры.

На гэты раз у творчым спаборніцтве за права прадстаўляць Брэстчыну на рэспубліканскім фестывалі ўдзельнічалі прадстаўнікі 15 нацыянальнасцей, што знайшлі сабе пастаянную прапіску ў нашай вобласці.
А перад пачаткам выступленняў можна было пазнаёміцца з выставай нацыянальных страў.Трэба сказаць, што нават калі і хацеў бы не спакусіцца, не ўдалося б, бо не паспытаць на смак тое, што ўдзельнікі фестывалю прадставілі на выставу, было проста немагчыма. Надта ўжо апетытнымі здаваліся і ўзбекскія талпух, і машкчэры, і плоў, і “кіньске мьяса”, як жартам называюць украінцы звычайны качан капусты, які спачатку цэлым змяшчаюць у закрыты посуд, а затым на ноч — у рускую печ, і стравы азербайджанскай кухні, пірагі па-малдаўску, і сапраўдная царская юшка, якімі шчыра частавалі прадстаўнікі нацыянальных меншасцей з Кобрынскага, Івацэвіцкага, Бярозаўскага, Ганцавіцкага і іншых раёнаў. Паспрабаваўшы ўсе гэтыя і іншыя нацыянальныя стравы ўпершыню, і пераканаўшыся, як усё ж апетытна і смачна, і самому хацелася прыгатаваць такое, хаця, зразумела, наўрад ці з-пад нявопытных рук выйшла б падобнае на тое, што прадстаўлялі ўдзельнікі фестывалю.
Да гасцей свята актыўна далучыліся і работнікі ўстаноў культуры нашага раёна, якія таксама шчыра запрашалі кожнага адведаць стравы нашай нацыянальнай кухні. Чаго тут толькі не было! Таму не дзіўна, што ля кожнага стала збіралася шмат людзей: дзе яшчэ, як не тут, можна адведаць хатні сальцісон, крывянку, квашаную капусту, салёныя агуркі, хатнюю каўбасу, гледзячы на якія, так і хацелася прагнаць апетыт, што так разыграўся на свежым паветры.
У дадатак да магчымасці адвесці душу розным смакоццем, атрымліваў маральнае задавальненне, калі знаёміўся з рознымі вышыўкамі, вырабамі ручной работы, што таксама былі прадстаўлены на выставе. На першы погляд здавалася, што ўсе яны аднолькавыя, але, уважліва разглядваючы, разумеў: як усё ж адрозніваюцца ручнікі майстра па вышыўцы Дывінскага Дома раместваў Валянціны Гапановіч ад такіх жа работ Таццяны Маставой з Івацэвіцкага раёна ці Ларысы Дарашук з таго ж Дывінскага Дома рамёстваў. Хаця ўсе падобныя ў адным: вышытыя і вырабленыя жанчынамі з любоўю.
Пакуль жыхары горада, госці і ўдзельнікі свята знаёміліся з выставай і дэгуставалі нацыянальныя стравы, настрой ім яшчэ больш узнімалі ўдзельнікі дзіцячага ўзорнага клуба аматараў фальклору ”Вясковая табала”. Іх выступленне было пабудавана выключна на мясцовым фальклоры, які яны з асаблівай цікавасцю і стараннем пераймаюць ад сваіх бабуль і прабабуль. Натхняе на такую добрую справу хлопчыкаў і дзяўчынак вялікі энтузіяст дырэктар Дома культуры Галіна Хомік, якая ў свой час і выступіла ініцыятарам стварэння гэтага калектыву.
Ну а ганаровае права адкрыць канцэрт было дадзена паўднёвакарэйцу Хван Джон Хва, што ў перакладзе на рускую мову азначае Цімафей. Вядома, мова, на якой выконваў сваю песню Цімафей, была незразумелай прысутным у зале. Але тым не менш, студэнт трэцяга курса Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта, ураджэнец Сеула, настолькі цёпла і па-майстэрску выконваў свой твор, што можна было адразу здагадацца: песня — пра добрыя і светлыя пачуцці, якія аб’ядноўваюць людскія сэрцы.
Ацэньваючы ўсе выступленні, нельга не адзначыць, што яны былі на вельмі высокім узроўні. Здавалася, што ў госці да маларытчан прыехалі прафесійныя артысты з многіх краін. У канцэртнай праграме ўдалося адлюстраваць усе грані культурнай разнастайнасці нашага прыбужскага краю.
Так, рускія, казакі, украінцы, туркмены, азербайджанцы і башкіры, узбекі і малдаване, яўрэі, палякі, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей знайшлі сабе прытулак у нас у Беларусі. Яна стала для ўсіх іх другім домам, у якім кожнаму ўтульна, цёпла і камфортна. І ўдзельнічаючы ў такіх святах, кожны з прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей пераконваецца, што гэта свята моцнага сяброўства, якое аб’ядноўвае шмат народаў. А яшчэ яно дае магчымасць нашым гасцям, для каго Беларусь стала другой радзімай, прапагандаваць сваю культуру і развіваць яе.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымках: моманты абласнога тура ХI рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур ”Суквецце культур”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 11.11.2015 г.

Добавить комментарий


www.medicaments-24.com

arbud-prom.com.ua/lestnichnye-ograzhdeniya-0

обращайтесь all-diplomer.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!