“МЫ ДА ВАС З ПРАБЛЕМАЙ НАБАЛЕЛАЙ…”

Больш за 60 маларытчан звярнуліся сёлета са сваімі праблемамі да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Ніны Фёдараўны Федарук.
…Чарговы прыём грамадзян яшчэ не пачаўся, а ў калідоры дэпутата чакалі ўжо людзі. Кожны прыйшоў са сваім пытаннем і, безумоўна, з надзеяй на тое, што, нарэшце, праблема, з якой даводзілася звяртацца ў розныя інстанцыі, будзе вырашана.
— Мы да вас усе разам, бо пытанне ў нас адно на ўсіх, прычым набалелае, — тлумачылі, звяртаючыся да Ніны Фёдараўны, жыхары дома № 28 па вул. Маякоўскага. Пяць жанчын, дапаўняючы адна другую, расказвалі сваю гісторыю. Паўгода ў іх доме ідзе вялікая рэканструкцыя: у кожнай кватэры ўсталёўваюцца ацяпляльныя катлы, а вось батарэі, якія былі ўсталяваны яшчэ пры будаўніцтве дома, ніхто не мяняе. Апошняе, як тлумачыў дырэктар КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” Анатоль Жлукта, якога дэпутат адразу запрасіла далучыцца да размовы, не прадугле­джана праектам, бо батарэі былі прызнаны годнымі да эксплуатацыі. Кіраўнік камунальнага прадпрыемства прапанаваў жыльцам дома арганізаваць сустрэчу з праекціроўшчыкамі, якія змогуць адказаць на ўсе пытанні.
З пытаннем, якое звязана з рамонтам жылля,прыйшлі да Ніны Фёдараўны і жыхары 4-кватэрнага дома № 12 па вул. Піянерская.
— Усе дамы ў горадзе сёлета рамантуюцца, а наш, хоць вельмі стары, ніхто і не кранае, — скардзіліся яны і дадавалі. — Трубы ацяплення, праўда, у нас у двары праклалі, але вось пакуль не падключылі, а ўжо хутка ацяпляльны сезон будзе пачынацца.
Дэпутат, высвятляе ўсе акалічнасці ў намесніка старшыні райвыканкама Віктара Сарокі. Дом, як даведваецца яна, толькі сёлета быў узяты на баланс камунальнай службы. Зараз ужо заказаны праект капітальнага рамонту будынка, а сам рамонт пачнецца ў наступным годзе. А вось наконт падключэння ацяплення Віктар Раманавіч паабяцаў абавязкова высветліць, чаму работы не былі даведзены да завяршэння.
Калектыўная просьба газіфікаваць аграгарадок была ў жыхароў вёскі Велікарыта. Гэтае пытанне, разумеючы важнасць газіфікацыі для развіцця даволі перспектыўнай вёскі, Ніна Федарук абяцала ўзяць пад свой асабісты кантроль.
Магчыма, і не трэба было б маларытчанцы Ірыне П. звяртацца да дэпутата з вельмі асабістым пытаннем, калі б у райаддзеле міліцыі ўважліва аднесліся да праблемы жанчыны.
— Шмат гадоў я жыву ў сапраўдным кашмары. Муж штодня п’е, абражае мяне і ніколькі не прызнае, што хворы алкагалізмам, а таму і лячыцца добраахвотна не збіраецца. Каб адправіць на прымусовае лячэнне, неабходна, як мне растлумачылі ў міліцыі, каб не менш чым 3 разы ён быў прыцягнуты за парушэнне грамадскага парадку да адміністрацыйнай адказнасці. Пяць разоў летась я выклікала міліцыю, пяць разоў судом ён быў пакараны і заплаціў штраф, да таго ж  не першы год ён стаіць на ўліку ў кабінеце ўрача-нарколага, але на прымусовае лячэнне ніхто яго так і не накіраваў. А цяпер у міліцыі мне гавораць, што тыя выклікі, што былі летась, ужо не маюць сілы. Атрымліваецца, што ўсё трэба пачынаць спачатку, — усхвалявана расказвала  жанчына.
Неадкладна разабрацца, высветліць усе абставіны і дапамагчы сям’і — такім было даручэнне дэпутата прадстаўніку райаддзела ўнутраных спраў.
10 маларытчан з рознымі праблемамі пабывалі ў дэпутата ў дзень прыёму. Гэта, між іншым, мінімальная колькасць, калі прааналізаваць папярэднія прыёмы. Напэўна, значную ролю ў тым, што многія праблемы зняліся самі па сабе, адыграла грандыёзная падрыхтоўка горада да абласнога свята-кірмашу “Дажынкі-2010”. Але жыццё наша не стаіць на месцы. І калі ўзнікнуць праблемы, заўжды можна разлічваць на тое, што кожнае пытанне будзе пачута дэпутатам, якога мы самі выбіраем.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Ніна Федарук у час прыёму.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.