Замест колы і чыпсаў — яблык і ёгурт

Кожная маці шчыра жадае, каб яе дзіця было шчаслівым, разумным і галоўнае – здаровым. А асноўным складаемым здароўя з’яўляецца правільнае харчаванне. Няправільнае ж харчаванне не заўжды адразу адбіваецца на здароўі. Часцей гэта праяўляецца пазней, пры неспрыяльных знешніх умовах – захворваннях, павышанай вучэбнай нагрузцы ў школе. Таму бацькам вельмі важна ведаць, якім павінен быць правільны рацыён дзіцяці, што карысна для яго арганізма, а што можа нанесці шкоду. Канкрэтнымі парадамі з мамамі, для якіх харчаванне дзіцяці заўжды з’яўляецца пытаннем надзённым і актуальным, дзеліцца ўрач-педыятр цэнтральнай райбальніцы Іван Кіцель.
— Пра здароўе дзіцяці мама павінна думаць з самага яго нараджэння. Чаму так важна карміць немаўля грудным малаком?
— Грудное малако стэрыльнае, у ім ідэальнае для нованароджанага спалучэнне бялкоў, тлушчаў і вугляводаў, яно добра засвойваецца дзіцячым арганізмам. Жаночае малако не выклікае алергіі. Акрамя таго, разам з малаком дзіця атрымлівае антыцелы, з якімі прывіваецца імунітэт. У гэтым выпадку грудное малако замяніць немагчыма. Кармленне ім садзейнічае фарміраванню кантакту дзіцяці з маці. Мама, вядома, павінна харчавацца паўнацэнна і ўжываць да двух літраў вадкасці ў суткі. Разам з тым, нельга забываць, што з часам у рацыён дзіцяці трэба ўводзіць прыкорм – кашу, яечны жаўток, пюрэ з гародніны, мясны фарш, кефір.
— Дзіця расце і развіваецца. У яго могуць узнікнуць расстройствы стрававання, дыятэз. Як пазбегнуць гэтага?
— Трэба не забываць, што дзіця павінна харчавацца па рэжыму. У яго павінен быць сняданак, абед, полудзень і вячэра. Для правільнага развіцця патрэбны ўсе неабходныя прадукты – малако, мяса, садавіна, гародніна. Вельмі важна не перабіваць апетыт паміж кармленнямі. Нельга дазваляць дзіцяці прысмакі, жвачкі і газіроўку.
— Калі дзіця ідзе ў дзіцячы сад, аб тым, каб яно паела, клапоцяцца выхавальнікі. А што рабіць, калі дзіця адмаўляецца ад ежы?
— Не варта яго прымушаць есці. Трэба пасадзіць малое за стол з групай дзяцей, каб яно брала прыклад з іншых. Калі дзіця не есць пэўныя прадукты, іх можна замяніць іншымі. Тое ж самае і ў выпадку, калі ў малога алергія на той ці іншы прадукт. Трэба абавязкова папярэдзіць выхавальнікаў.
— Бывае, трэба ўжо класціся спаць, а дзіця гаворыць, што галоднае. Што рабіць бацькам?
— Не трэба адмаўляць. У гэтым выпадку выручаць ёгурт ці яблык.
— Вось дзіця падрасло і пайшло ўжо ў школу. Вельмі цяжка ўтрымаць яго ад спакусы есці булачкі, шакалад, сухарыкі, чыпсы, піць газіроўку. Як абараніць здароўе дзіцяці?
— Перш за ўсё трэба данесці да сына ці дачкі інфармацыю аб тым, што ўваходзіць у састаў колы, чыпсаў, растлумачыць, што гэта шкодна не толькі для страўніка, але і для скуры. Дзіця павінна ведаць, што бліжэй да падлеткавага ўзросту могуць з’явіцца вугры і прышчы, што такія прадукты могуць стаць прычынай гастрытаў, алергічных рэакцый, карыесу. Для таго, каб дзіця вырасла здаровым, разумным, моцным, у яго рацыёне павінна быць дастатковая колькасць вітамінаў і мінералаў, асноўнымі крыніцамі якіх з’яўляюцца гародніна, садавіна, рыба, мяса, малако, тварог, сыр, крупы. Харчаванне павінна быць разнастайным, смачным, паўнацэнным і, вядома ж, з захаваннем рэжыму.
Запісала Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано «ГЧ» 18.11.15г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


доставка води київ

medicaments-24.com

https://photolifeway.com