Багацце гадоў Праскоўі Галавей

Свой 90-гадовы юбілей Праскоўя Яфімаўна Галавей з вёскі Хаціслаў адзначала ў акружэнні самых блізкіх ёй людзей – сыноў, дочак, унукаў і праўнукаў. 8 дзяцей выгадавала яна разам з мужам Іванам Тарасавічам. Сыны і дочкі, узяўшы прыклад з разважлівых, працавітых бацькоў, выраслі годнымі людзьмі, уладкаваліся ў жыцці. І ніколі не забывалі і не забываюць наведаць бацькоўскі дом, адкуль пачалося іх жыццё.

Падняць на ногі васьмярых дзяцей – справа няпростая, у поўным сэнсе слова – гераічная. Нездарма і ордэн Маці заслужыла Праскоўя Яфімаўна ад дзяржавы. Гэта ўзнагарода за яе бяссонныя ночы, за штодзённыя клопаты, бо ў вялікай сям’і праблем нямала, за працу ад ранняй зоркі да заходу сонца, за бязмежную, самаахвярную мацярынскую любоў, якой не абдзяліла яна нікога з дзяцей. А яны адарылі маці сапраўдным багаццем. У Праскоўі Яфімаўны 16 унукаў і ўжо 22 праўнукі. Такое вось вялікае, трывалае сямейнае дрэва.
Значная частка з дзевяці дзясяткаў Праскоўі Яфімаўны прыпадае на яе працоўнае жыццё. У гады Вялікай Айчыннай вайны працавала яна на чыгунцы, якая была прыфрантавой тэрыторыяй. А далейшая працоўная біяграфія жанчыны звязана з мясцовай гаспадаркай, куды, калі дзеці крыху падраслі, уладкавалася яна даяркай. Заўжды спагадлівая, міралюбівая, уступчывая, добрая да людзей – менавіта такой ведаюць Праскоўю Яфімаўну аднавяскоўцы. Як бы ні было цяжка, яна ніколі не скардзілася. З мужам, які быў майстравітым, сваімі рукамі будавалі дом – вялікі, прасторны, у якім усім хапала месца. Праўда, калі дзеці пайшлі ў самастойнае жыццё, а сама яна аўдавела, у гэтым доме засталася Праскоўя Яфімаўна адна. Але адзінокай яна не адчувала сябе ні дня. Дружныя паміж сабой і ўважлівыя да маці яе сыны, дочкі, унукі, хоць некаторыя і жывуць на адлегласці, заўсёды побач. І дапамогуць (праўда, з хатнімі справамі Праскоўя Яфімаўна і сама яшчэ спраўляецца нядрэнна), і патэлефануюць штодня, каб падтрымаць. Адчуванне любві блізкіх і дапамагае Праскоўі Яфімаўне захоўваць душэўную бадзёрасць. Яна не скардзіцца на хваробы, дзякуе Усявышняму за тое, што і ў дзевяностагадовым узросце мае сілы паклапаціцца пра сябе самастойна, радуецца кожнаму новаму дню і, каб заняць сябе, чытае кнігі, газеты.
З нагоды свайго 90-гадовага юбілею Праскоўя Яфімаўна прымала віншаванні не толькі ад сваіх родных. У госці да яе прыехалі прадстаўнікі сацыяльнай службы раёна — дырэктар Маларыцкага тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Алесік і загадчыца аддзела тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання Вольга Антонава. Яны ўручылі юбілярцы падарунак, пажадалі яшчэ доўгіх гадоў жыцця. Для Праскоўі Яфімаўны іх візіт быў прыемным сюрпрызам і яшчэ адным пацвярджэннем таго, што пажылы чалавек у нашай краіне не застаецца без увагі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: прадстаўнікі тэрытарыяльнага Цэнтра віншуюць Праскоўю Галавей з 90-годдзем.
Фота аўтара.

Опубликовано «ГЧ» 18.11.15 г.

Добавить комментарий


www.optiontradingstrategies.net

www.niko-centre.kiev.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!