У ДАЎГУ ЯК У ШАЎКУ

У аддзеле прымусовага выканання раёна знахо­дзяцца 6048 выканаўчых дакументаў аб спагнанні рознага роду даўгоў. А гэта даўгі па крэдытах, штрафах, аліментах і іншыя — усяго прыкладна на 13 мільярдаў рублёў.
Якую работу право­дзяць у аддзеле, каб спагнаць запазычанасць? Адна з форм яе – сумесныя з супрацоўнікамі міліцыі, службы “Ахова” рэйды.
У адным з такіх, што быў арганізаваны ў мінулую сераду ў Хаціслаўскім і Макранскім сельсаветах, пабывала і карэспандэнт райгазеты.
Трэба сказаць, што выбіванне даўгоў – справа не з лёгкіх. Бо, як паказалі канкрэтныя прыклады, большасць з тых, каго мы наведвалі ў той дзень, — прадстаўнікі асобай катэгорыі. Як правіла, яны нідзе не працуюць, жывуць на невядома якія сродкі, а часцей за ўсё – за бацькоўскія пенсію ці заработную плату.
Вось і Аляксандр з вёскі Отчына, што ў Макранскім сельсавеце. Летам учыніў адміністрацыйнае правапарушэнне, за што быў аштрафаваны. Штраф хоць і невялікі, але да гэтага часу ён яго не заплаціў. Таму і вымушаны былі ўдзельнікі рэйдавай брыгады за­ехаць і да Аляксандра, каб напомніць пра запазычанасць.
Жыве Аляксандр з братам і бацькамі ў доме, дзе страшная антысанітарыя. Ніхто з іх нідзе не працуе. Вядома, і Аляксандр, хаця яму яшчэ далёка да пенсійнага ўзросту – толькі ж 37 гадоў. На пытанне, чаму не пагасіў доўг, не адказвае, маўчыць. Затое бойка адстойвае інтарэсы сына маці-пенсіянерка.
Судовы выканаўца Аляк­сей Марчук, выкарыстоўваючы свае законныя паўнамоцтвы, высвятляе, што ў хаце належыць менавіта даўжніку.Аказалася, што музычны цэнтр (!!!). Судовы выканаўца накладвае на яго арышт, складае акт аб канфіскацыі. Падпісаць яго Аляксандр адмаўляецца. Зноў за сына заступаецца маці. Яна тлумачыць, што доўг пагасіць, калі атрымае пенсію. І тым не менш, законныя правы ў дадзеным выпадку на баку судовага выканаўцы – музычны цэнтр канфіскоўваецца.
Малады юнак з Мель­нік, на якога суп­ра­цоў­нікі міліцыі склалі адміністрацыйны пратакол за распіццё ў грамадскім месцы піва ў кампаніі з непаўналетнім і які быў аштрафаваны на 1 мільён 800 тысяч рублёў у ліпені гэтага года, доўг пагасіў, але нічога не сказаў пра гэта сваім блізкім, не прадаставіў судоваму выканаўцу квітанцыю аб аплаце, таму зноў жа прымусіў нямала людзей турбавацца, каб высветліць сітуацыю. Толькі і тут маральныя страты панесла мама маладога чалавека, якую ўдзельнікі рэйду паставілі перад фактам.
Яшчэ ў аднаго даўжніка з Мельнікаў сітуацыя куды больш складаная: запазычанасць па аліментах і штрафах у яго складае амаль 12 мільёнаў рублёў.
Малады чалавек таксама жыве з бацькамі, нідзе не працуе. І, напэўна, не зусім усведамляе, што запазычанасць яму ніхто не спіша, гасіць яе ў любым выпадку ўсё роўна давядзецца. А сума з кожным днём усё большае: налічваецца ж пеня. Пагасіць доўг сам Максім (назавем маладога чалавека так) не можа, бо не мае ўласных сродкаў. Таму і тут судовы выканаўца накладвае арышт на маёмасць, што належыць непасрэдна Максіму. Бачу, як перажывае маці маладога чалавека, бо зноў жа ёй трэба будзе выручаць даўжніка-сына…
Матэрыял падрыхтавала Ірына КАСЦЕВІЧ.

Опубликовано «ГЧ» 21.11.15 г.

Добавить комментарий


краска фасадная

https://topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!