КНІГА Ў 90 СТАРОНАК

У вёсцы Олтуш ушанавалі
90-гадовага жыхара
20 лістапада 2015 года ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, дарэчы, адзінаму ў вёсцы Олтуш,
Дзмітрыю Яўстафавічу Катлу споўнілася 90 гадоў.

Ён, вядома ж, чакаў гасцей у гэты дзень, але каб столькі… Дружна завіталі ў дом ветэрана з віншаваннямі старшыня Олтушскага сельвыканкама Вітольд Пяткевіч, дырэктар сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Савушкіна” Сяргей Гусак і былы дырэктар Пётр Яцура, старшыня прафсаюзнай арганізацыі Іван Мелянчук, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Федчык, спецыяліст тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дар’я Уласюк, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бойка, старшыня раённай арганізацыі таварыства інвалідаў Генадзь Шэхтман, інструктар Маларыцка-Кобрынскай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Валянціна Козак, вучні Олтушскай школы. У кожнага з іх знайшлося што сказаць паважанаму ветэрану, бо Дзмітрый Яўстафавіч у акрузе асоба надзвычай яркая. У яго душы адлюстравана цэлая эпоха, гісторыя краіны. Лёс быў і суровы, і шчаслівы. Прайшоў вайну, з якой вярнуўся інвалідам, з баявымі ўзнагародамі, вялікі працоўны шлях. Быў старшынёй Хаціслаўскага сельскага Савета, узначальваў у свой час радзежскую гаспадарку, дзе яго празвалі легендарным старшынёй. Да выхаду на пенсію працаваў яшчэ і ў іншых сферах. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак таксама дома без справы не сядзеў – быў рыбаком у калгаснай рыбацкай брыгадзе. І, як сказаў Пётр Яцура, якому найбольш давялося быць побач з Дзмітрыем Яўстафавічам, — ва ўсе часы гэта чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі. Ён і цяпер, у свае 90, узначальвае пярвічную арганізацыю таварыства інвалідаў, якая налічвае 26 чалавек – людзей, якім пастаянна патрэбна дапамога, і пра якіх Дзмітрый Яўстафавіч клапоціцца, нягледзячы на тое, што і сам інвалід ІІ групы. Ён і цяпер яшчэ сядае за руль свайго аўтамабіля, ездзіць з жонкай Марыяй Сямёнаўнай, з якой у згодзе пражылі 64 гады, па грыбы. “Калі нехта з нас заблукае, шукаем адзін аднаго па мабільнаму тэлефону”, — жартуе Дзмітрый Яўстафавіч.
У людзей шаноўнага ўзросту заўжды хочацца запытаць пра сакрэты даўгалецця. Але, напэўна, лепш за самога юбіляра раскрыў іх Пётр Пракопавіч: Дзмітрый Яўстафавіч ніколі не тужыў, нікога не зневажаў, заўсёды сябраваў з гумарам. Душэўнаму стану яго можна пазайздросціць па-добраму.
Сямейным багаццем ветэрана і яго жонкі Марыі Сямёнаўны з’яўляюцца дзве дачкі, якія закончылі інстытут замежных моў, двое цудоўных унукаў. Праўда, жывуць далёка: адна ў Ялце, другая – у Санкт-Пецярбургу. Аднак сувязь з імі пастаянная. А яшчэ Дзмітрый Яўстафавіч вельмі радуецца за мясцовую гаспадарку, за яе кіраўнікоў.
— Ці мог я калісьці падумаць, што ў нашай гаспадарцы будуць атрымліваць больш чым па 50 цэнтнераў зерневых з гектара, што так далёка пойдзе прадпрыемства ў вытворчасці малака і мяса. Хочацца пажадаць усім здароўя, шчасця і міру, — гаварыў ветэран.
Няхай жа пажаданні яго спраўдзяцца і для самога. Няхай позняя восень жыцця квітнее як кветкі, якімі адарылі яго ў той святочны дзень.
Ніна СВІЦЮК.

НА ЗДЫМКАХ: у дзень 90-гадовага юбілею Дзмітрыя КАТЛА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано 25.11.15 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://220km.net

gefest-sv.kiev.ua

xn----htbbbqamuljibcwx0bn.com