У згуртаванай садаўскай камандзе

Першыя радкі ў біяграфіі дзіцячага сада № 2 былі напісаны ў лістападзе 1975 года. Выхаванцы, для якіх тады ўпершыню раскрыў свае дзверы прыгожы будынак па вуліцы Калініна, цяпер ужо людзі даволі сталага ўзросту і гатовы прыводзіць у дашкольную ўстанову сваіх унукаў. А сам дзіцячы сад, які адзначыў юбілейную дату, – яму споўнілася 40 гадоў – па-ранейшаму малады. Бо калектыў, які тут працуе, а гэта больш за 30 чалавек, 15 з якіх – педагагічныя работнікі, — актыўны, жыццядзейны. Яго падсілкоўвае энергія 113 выхаванцаў.

Як дом будуецца з цаглінак, так любая ўстанова складаецца з людзей. А ў другім гарадскім дзіцячым садзе, як з упэўненасцю гаворыць загадчыца дашкольнай установы Марына Нікіфарава, кожны работнік – цікавая асоба, якая дабіваецца сваіх поспехаў.
— Больш за 30 гадоў, — расказвае Марына Пятроўна, — працуюць у дзіцячым садзе выхавальнікі Валянціна Сямёнаўна Карабейка, Ванда Ігнатаўна Казловіч, Таццяна Іванаўна Яроміч, Надзея Рыгораўна Асіпук. Яны захавалі запал, актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, умеюць наладзіць кантакт і з дзецьмі, і з бацькамі, і з калегамі. Адаптацыі дзяцей, іх падрыхтоўцы да школы шмат увагі надаюць педагог-псіхолаг Вольга Сяргееўна Пархаць, настаўнік-дэфектолаг Ірына Іванаўна Абрамчук. Яны не толькі педагогі, але і героі ўсіх ранішнікаў і забаўляльных мерапрыемстваў. Іх шматлікія цікавыя ролі памятаюць і дзеці, і бацькі.
У дашкольную ўстанову прыходзяць новыя спецыялісты. Гарманічна ўлілася ў калектыў дзіцячага сада малады кіраўнік фізічнага выхавання Вольга Мікалаеўна Косік. Яна вырашыла звязаць сваё жыццё з выхаваннем дашкольнікаў і паступіла вучыцца ў педуніверсітэт.
— Заслужыла, каб яе адзначылі асобна, — працягвае свой расказ кіраўнік дашкольнай установы, — наша зорачка, выхавальнік па прызванні Людміла Іванаўна Хапалюк. Яе група – гэта цэлая майстэрня. Першае, што сустракае на ўваходзе, – яркі, прыгожа аформлены куток для бацькоў, дзе змешчаны цікавы матэрыял пра жыццё групы. Людміла Іванаўна не толькі сама стварае прыгожае, але і зацікаўлівае бацькоў. Яе група неаднойчы займала першыя месцы ў раённых і абласных конкурсах. А яе гульні былі адзначаны абласным упраўленнем Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, як лепшыя ў вобласці.
Увесь калектыў дзіцячага сада добра ведае, як шчыра любяць сваю работу Святлана Фёдараўна Каушнян, Іна Іванаўна Лаўрэнц’ева, Святлана Мікалаеўна Нячаева, Таццяна Васільеўна Лук’янава. Усе яны працуюць у садзе больш за 15 гадоў, у іх мінулым не адзін выпуск дзяцей, прычым кожнага са сваіх былых выхаванцаў яны памятаюць нават па імёнах.
З цеплынёй, удзячнасцю расказвае загадчыца сада Марына Пятроўна Нікіфарава і пра іншых работнікаў дашкольнай установы. Пра памочнікаў выхавальнікаў – Валянціну Уладзіміраўну Федарук, Святлану Сцяпанаўну Кавальчук, Людмілу Дзмітрыеўну Ківачук, Надзею Спірыдонаўну Аляксюк, Наталлю Аляксееўну Русавук, Таццяну Іванаўну Сцельмаховіч, Ганну Уладзіміраўну Алесік. Усе яны, як адзначае кіраўнік, людзі ў “садаўскай” справе не выпадковыя. Іх добрыя, працавітыя і клапатлівыя рукі падарылі сваё цяпло многім дзецям. Не адно пакаленне выхаванцаў садка памятае і будзе памятаць таленавітага музычнага кіраўніка Рыму Уладзіміраўну Лук’янчук, якая нядаўна адзначыла свой 55-гадовы юбілей. Як і повараў Наталлю Мікалаеўну Алесік і Вольгу Міхайлаўну Адамовіч, смачныя і якасна прыгатаваныя стравы якіх вельмі любяць хлопчыкі і дзяўчынкі.
— Утульнасць і прыгажосць на тэрыторыі дзіцячага сада, — далей знаёміць з калектывам дашкольнай установы Марына Пятроўна, – стварае загадчыца гаспадаркі Таццяна Мікалаеўна Карамач. З ранняй вясны да позняй восені ўсіх радуюць пасаджаныя і дагледжаныя ёю кветкі. А ўтульнасць у самім будынку, каб дзеці адчувалі сябе, як дома, стараюцца ствараць усе работнікі. Вольга Сяргееўна Сачанюк клапоціцца аб чысціні бялізны і спецадзення. А Ада Пятроўна Краско, якая працуе кастэлянкай, змайструе яшчэ і лялечнае адзенне. Адрамантуе любую рэч Андрэй Мікалаевіч Дземідзюк. А за чысцінёй, дакладнасцю і разнастайнасцю меню прасочыць медыцынскі работнік Алеся Андрэеўна Чыкіта. А калі дзеці і дарослыя ідуць дамоў, усе ведаюць, што сад знаходзіцца пад надзейнай аховай вартаўнікоў Алены Пятроўны Кіцель, Юрыя Іванавіча Насонава і Аляксандра Уладзіміравіча Казловіча.
Сад-юбіляр размяняў пяты дзясятак. Яшчэ шмат новых імён увойдзе ў яго біяграфію. Праз дзесяцігоддзі сюды прывядуць сваіх дзяцей сённяшнія выхаванцы. І іх зноў з цеплынёй і любоўю сустрэнуць усе тыя выхавальнікі, хто ў дашкольнай установе будзе працаваць.

Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: фота з альбома дзіцячага сада № 2.

Опубликовано 25.11.15 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


также читайте

https://sribnapidkova.ua

adulttorrent.org