ГРАНТ для школы

 Больш за 11 тысяч долараў атрымае СШ №2 г.Маларыты. Гэты грашовы грант установа адукацыці выйграла як адна з пераможцаў І конкурсу мясцовых ініцыятыў праекта Еўрапейскага Саюза / Праграма развіцця ААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Спаборніцтва праводзілася ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі Рэспублікі Беларусь, што рэалізоўваецца Міністэрствам эканомікі краіны.

— Ініцыятывы ацэньваліся па некалькіх крытэрыях, — кажа Любоў Куц, дырэктар СШ №2. – Гэта адпаведнасць тэматычным накірункам конкурсу, мэтазгоднасць, абгрунтаванасць і інавацыйнасць прапанаваных мерапрыемстваў, выніковасць ініцыятывы і ўстойлівасць яе вынікаў, узаемадзеянне заяўніка з іншымі арганізацыямі на мясцовым узроўні і насельніцтвам. На ўдзел у конкурсе ўсяго было пададзена 722 заяўкі, 594 з іх былі дапушчаны да ацэнкі. І толькі 87 ініцыятыў атрымаюць фінансаванне ў межах праекта, 17 з іх – у Брэсцкай вобласці. У гэты лік трапіла і наша ўстанова адукацыі.
— Наша ініцыятыва называецца “Арганізацыя вытворчай дзейнасці вучняў на базе школьнай майстэрні”, — гаворыць настаўніца, адказная за рэалізацыю ініцыятывы ва ўстанове адукацыі Людміла Ярмашук.– Выдзеленыя Еўрапейскім Саюзам грашовыя сродкі пойдуць на мадэрнізацыю будынка школьных майстэрняў, набыццё неабходнага абсталявання для кабінетаў тэхнічнай і абслуговай працы, азелянення тэрыторыі школы… Такім чынам вучням забяспечваецца другасны занятак. Яны набудуць працоўныя навыкі, асновы прадпрымальніцкай дзейнасці, вывучаць алгарытм развіцця ўласнай справы.
Традыцыi працоўнага выхавання захоўваюцца i працягваюцца ва ўста-нове адукацыі не адно дзесяцiгоддзе. Яны бяруць пачатак яшчэ з тых часоў, калi школа была дзiцячым домам. Цяпер вучнi СШ №2 самi могуць не толькі сабраць мэблю. У школьнай майстэрнi яны таксама шыюць рабочыя рукавiцы, пасцельную бялізну, вышываюць, ткуць габелены, вырабляюць мяккiя цацкi, распiсваюць кухонныя дошкi, плятуць дыванкi i валейбольныя сеткi…
Адна з умоў атрымання фінансавай дапамогі ад арганізатараў праекта для яго рэалізацыі – сумеснае фінансаванне. 10% ад агульнага бюджэту мясцовай ініцыятывы павінна забяспечыць СШ №2. Згодна з палажэннем, тэрмін рэалізацыі мясцовай ініцыятывы не павінен перавышаць 6 месяцаў з моманту падпісання дамовы аб супрацоўніцтве.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: Людміла Ярмашук, Валянціна Гойка, Любоў Куц, Наталля Гарабінская і Генадзь Піпко, абмяркоўваюць рабочы план праекта.
Фота аўтара.

Опубликовано в ГЧ № 94 за 2.12.2015 г. 

Добавить комментарий


https://avto-poliv.com.ua

помпа для воды

bestseller-sales.com/best-sellers-books/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!