“Ёсць для каго жыць”

  Сям’ю Паўлючыкаў ведаю даўно. Алёна і Міхаіл не адзін год працуюць у СШ №1 г.Маларыта. Ён выкладае тэхнічную працу, яна – гісторыю. Паўлючыкі цяпер выхоўваюць траіх дзяцей. Звычайная, на першы погляд, сям’я. Як і ўсе. Так, калі не ўлічваць, што траіх дзяцей Алёна і Міхаіл… усынавілі.

— Любоў, пяшчота, клопат, спагада, шчырасць, цяпло ва ўзаемаадносінах – усё гэта ў нас з мужам, было — шчыра расказвае Алёна Паўлючык, а на вачах выступаюць слёзы. – Толькі не было тых, з кім бы гэта можна было яшчэ падзяліць штодзень. Для поўнага шчасця так не хапала сына ці дачушкі. Гады абследаванняў, мноства аналізаў, працяглае лячэнне… Прыгавору пра бясплоднасць не было. Нас пераконвалі: “У вас абавязкова атрымаецца!” Час ішоў. Зноў дні, месяцы і нават гады невыносных, пакутлівых, да болю нясцерпных спадзяванняў і мар. І ўсё дарэмна. І зноў – не! Колькі было праліта слёз! А сэрцу так хацелася дзіцячага смеху. Так хацелася падарыць сваю любоў таму, каго ў доме не было.
— Рашэнне ўзяць дзіця з дзіцячага дома мы прымалі разам з Мішам, — кажа Алёна Паўлючык. — Мае бацькі і бацькі мужа асабліва такую ідэю з самага пачатку не падтрымлівалі. Аднак мы ўсё ж рызыкнулі, адважыліся і цяпер аб гэтым не шкадуем. Першай пра ўсынаўленне загаварыла я. Думка ўзяць на выхаванне дзіця не давала мне ні дня спакою. 13 лютага 2003 г. мы падалі неабходныя дакументы. І амаль праз 2 месяцы ў нас з’явілася Віка.
Цяпер дзяўчынцы 14 гадоў. Віка вучыцца ў 9 класе. Алёна і Міхаіл сваёй дачцэ пра яе мінулае спачатку нічога не гаварылі. Збіраліся зрабіць гэта пазней, калі дзяўчынка падрасце. Аднак іх аднойчы апярэдзілі аднакласнікі Вікі. У час перапынку ў школе “адкрылі” ёй вочы. У той дзень дзяўчынка з заняткаў прыйшла як не свая, сумная, без настрою. Таму Паўлючыкі вырашылі шчыра пагаварыць і расказаць усю праўду ёй самі. Віка ўважліва выслухала і ўспрыняла сваё мінулае мужна. Толькі буйныя слязінкі доўга каціліся з яе вачэй. Пасля гэтага сваіх адносін да прыёмных бацькоў Віка не змяніла, а наадварот, стала больш ласкавай і ўважлівай…
Неяк Міхаіл Міхайлавіч прапа-наваў жонцы ўсынавіць яшчэ аднаго хлопчыка ва ўзросце да года.
— Нас знаёмыя сталі традыцыйна “палохаць”, што з двума прыёмнымі будзе надзвычай цяжка, — успамінае Алёна. – Аднак своеасаблівую школу мы прайшлі ўжо. Так хацелася чуць у сваім доме шчаслівы смех яшчэ аднаго маленькага чалавечка.
У адпаведных інстанцыях, куды Паўлючыкі звярнуліся, сказалі, што ім давядзецца доўга чакаць. Але на дзень нараджэння Міхаіла неспадзявана патэлефанавалі з Цэнтра ўсынаўлення і сказалі, што ёсць двое дзяцей. Хутка Паўлючыкі былі ўжо там. Яны вельмі спадзяваліся, што выбраць “сваё дзіця” падкажа і дапаможа сэрца. Спачатку паказалі дзяўчынку Валерыю. Пры гэтым дадалі, што тут яшчэ ёсць яе меншы брацік.
— Перад намі стаяў няпросты выбар: узяць хлопчыка ці дзяўчынку альбо абаіх разам, – гаворыць Алёна. – Параіўшыся з мужам, вырашылі забраць і хлопчыка, і дзяўчынку. Хіба ж можна разлучаць брата і сястру?
Цяпер Валерыі 7 гадоў, а Сашу – 5. Дзеці бацькоў называюць “Тата і мама”. І хоць не бывае ў жыццi ўсё так гладка, як у казцы, але Паўлючыкі ўпэўнены, што яны па-сапраўднаму шчаслівымі сталі толькі тады, калі ў іх доме стала трое дзяцей.
Сёння Віка, Валерыя і Саша як родныя. Яны апрануты, дагледжаны, накормлены. У кожнага з іх ёсць свой пакой, дзе безліч цацак. Віка, Валерыя і Саша дапамагаюць бацькам даглядаць за рыбкамі ў акварыумах, катамі, папугаем, хамячком, а летам разам працуюць у садзе і на агародзе. Штогод дзеці абавязкова адпачываюць у санаторыі.
А самае, напэўна, галоўнае тое, што Віка, Валерыя і Саша штохвілінна адчуваюць любоў, ласку, пяшчоту. Яны – шчаслівыя. Шчасце ім падарылі Алёна і Міхаіл.
— Я пераканалася, што страшна не шмат дзяцей мець, а страшна застацца аднаму. -гаворыць Алёна. — Цяпер нам з Мішам ёсць дзеля каго жыць.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: дружная сям’я Паўлючыкаў.
Фота аўтара.

Опубликовано в ГЧ за 2.12.2015 г.

Добавить комментарий


https://topobzor.info

www.monaliza.kiev.ua

www.fiat.niko.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!