Бязмежная ЛЮБОЎ да ПРЫРОДЫ

Менавіта яна дапамагла маларытчаніну Дзянісу Кіцелю ажыццявіць сваю мару: стаць прафесійным арнітолагам.

Я памятаю таго дапытлівага гарадскога школьніка Дзяніса Кіцеля, які, насуперак усяму, асмеліўся прынесці да сябе ў кватэру пацука, каб пераканацца, ці сапраўды такая ўжо шкодная і страшная гэтая маленькая жывёлінка; альбо выходжваў на балконе сваёй гарадской кватэры маленькіх матылёчкаў, якія былі такімі падатлівымі і паслухмянымі ў яго руках; ці пасяліў зноў жа ў сябе ў кватэры маленькую жабку з мэтай ведаць, як яна пускае на свет сабе падобных.
Што і казаць, многія тады не разумелі гэтага хлопчыка, які шчыра любіў маленькіх жывых істот. А ён, пры падтрымцы нешматлікіх сваіх аднадумцаў (першай з такіх была мама Дзяніса, Алена Пятроўна), у сваіх планах і задумах ішоў далей і далей. Закончыў гарадскую сярэднюю школу №3, паступіў на жаданы біялагічны факультэт Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна. І ,трэба сказаць, тут таксама знайшліся тыя, хто не толькі падтрымліваў карысныя і цікавыя ініцыятывы дапытлівага студэнта, але і сам актыўна яму дапамагаў. Вучоба Дзянісу тым і запомнілася, тым і захапляла, што яна ўвесь час спалучалася з практыкай. Юнаму даследчыку фаўны і флоры падабалася калясіць па свеце, каб раскрыць для сябе невядомыя старонкі энцыклапедыі прыроды.
У многіх кутках Беларусі, Еўропы і іншых краін пабываў Дзяніс. Ён не толькі вывучаў некаторыя пытанні арніталогіі, любімай ім сферы, але і спрабаваў выступаць з лекцыямі там, куды яго запрашалі. А запрашалі Дзяніса Кіцеля шмат куды. Ён пабываў на Бліжнім Усходзе, у краінах Азіі, Афрыкі, быў у Індыі, якую праехаў з поўначы на поўдзень, у Іарданіі, Шры-Ланка. А ступень магістра атрымаў у Партугаліі, дзе вучыўся ва ўніверсітэце.
Гаварыць сёння з Дзянісам Кіцелем на роўных цяжка. Бо гэта той чалавек, які надзвычай дасведчаны ў розных пытаннях фаўны і флоры.
Маладому вучонаму, а Дзяніса можна смела назваць ім, як чалавеку вельмі дапытліваму і зацікаўленаму, не страшныя тысячныя кіламетры і бяссонныя ночы дзеля таго, каб як мага больш даведацца пра сяброў сваіх меншых, птушак; вывучыць месцы іх знаходжання і г.д. А разам з тым Дзяніс усё больш і больш пазнае і свой край, прыроду, з якой сябруе і якую аберагае яшчэ з дзяцінства.
Незалежны эксперт Дзяніс Кіцель ахвотна згадзіўся даць інтэрв’ю карэспандэнту “Голасу часу”

— Дзяніс, ты абкалясіў, а я ў гэтым не сумняваюся, увесь наш раён. Скажы, калі ласка, чым ён адметны ў плане арніталогіі? -Калі выдзяляць нейкія асобныя месцы, самыя цікавыя, як для арнітолагаў, так і для аматараў прыроды, дык тут варта адзначыць Арэхаўскае возера. Яно да гэтага часу захавалася ў вельмі натуральным стане. Тэрыторыю возера насяляе вялікая колькасць відаў птушак, што ў нас у Беларусі знаходзяцца пад аховай. Скажам, у 2005 годзе мы там рэгістравалі гняздоўе вялікага зуйка, качкі-шылахвосткі, вялікага грыцука. Гэта тыя віды, якія занесены ў Чырвоную кнігу. Між іншым, у нас у раёне колькасць месцазнаходжанняў такіх відаў сотні. І мы можам гэтым ганарыцца.
— Іншая справа, як яны захоўваюцца?
— У Беларусі ёсць зака-надаўства, якое і накіравана на тое, каб гэтыя рэдкія віды захаваць. Некалькі момантаў можна выдзеліць і ў нас у раёне. Маю на ўвазе арганізацыю заказнікаў. Там, дзе яны існуюць, флора і фаўна захаваны. На ўсе іншыя месцы трэба асобна рыхтаваць дакументы, перадаваць іх у інспекцыю аховы навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў. Апошняя павінна ініцыіраваць, каб такія дакументы былі зацверджаны распарадчымі органамі. Але, на жаль, на нейкім моманце гэты ланцужок абрываецца і ў выніку справа да канца не даводзіцца. Не хачу сказаць, што ў раённай інспекцыі нічога не робяць. Праблема ў іншым.
Сярод нас мала ёсць лю-дзей, якіх бы вельмі турбавала гэта. Вось калі гракі паселяцца дзе-небудзь у горадзе, дык мы хутка зной-дзем, каму і куды патэлефанаваць. Псіхалогія чалавека такая, што ён заўсёды можа заявіць пра сябе, калі яго нешта турбуе. А жывёліны і птушкі – бязмоўныя. Будзе жыць дзе-небудзь у лесе некалькі філінаў, паляўнічыя будуць хадзіць і страляць, работнікі лясніцтваў лес чысціць, і птушкі нічога не скажуць.
— Дзяніс, ты пабываў у многіх краінах. Што цябе там больш за ўсё ўразіла ў плане аховы прыроды?
— Многае. Але я не хацеў бы параўноўваць, дзе лепш, а дзе горш ахоўваюць прыроду. Мне хацелася б сказаць аб унікальнасці, а кожная краіна ўнікальная па-свойму. Наша таксама. Так,у Беларусі няма гор, пустынь, але ў нас вельмі шмат цудоўных азёраў, ёсць мноства тэрыторый, што ахоўваюцца, на розных балотах і ў лясных масівах. Я люблю нашы верхавыя балоты, нізменныя, лесабалотныя комплексы. З вялікім задавальненнем бываю ў Выганашчанскім заказніку. Адкрыю сакрэт: у нашай рэспубліцы ёсць нават такія месцы, якія мала хто для сябе адкрываў. Але гэта варта таго! Бываючы ў такіх мясцінах, адчуваю тое ж, калі лажу па Гімалайскіх горах ці жыву на беразе Індыйскага акіяна. Галоўнае, любіць гэта і разумець.
— Чытачам нашай газеты будзе цікава ведаць, якія канкрэтна краіны ты наведаў і якія пакінулі ў цябе найбольшыя ўра-жанні?
— З еўрапейскіх краін мне вельмі блізкая Партугалія, бо я там вучыўся. Падабаюцца таксама краіны Бліжняга Усходу. Летась мне ўдалося пабываць у Грузіі, сёлета — у Арменіі. Я неабыякавы да Індыі. Яе зноў жа аб’ездзіў з поўначы на поўдзень. Лазіў па Гімалайскіх горах, быў і ў пустынях. Мне імпануе Шры-Ланка з яе даджавымі лясамі, падабаецца Іарданія з пустыняй. Сёлета быў таксама ў Расіі, у Запалярным крузе. Бываючы ў такіх месцах, набываеш багаты вопыт. Ды і цікава бачыць тое, чаго ў нас ніколі не пабачыш. Большасць з нас бачаць гэтую розніцу ў дробязях, а мы, біёлагі, у першую чаргу звяртаем увагу на фаўну. І калі нашы тэрыторыі насяляюць 2 віды вераб’ёў, то, прыехаўшы ў Іарданію, пераканаешся, што там жыве месапатамскі верабей, а гэта ўжо нешта новае.
— Многія заўважаюць, што ў апошні час менш стала на нашых тэрыторыях птушак, якіх раней можна было бачыць на кожным кроку. З чым, на тваю думку, гэта звязана?
— Пра гэта доўга можна гаварыць, бо ніхто ніколі не лічыў, да прыкладу, у нашым горадзе, колькі птушак насяляюць яго тэрыторыю. Але любы чалавек, калі ўспомніць, якой Маларыта была ўмоўна 10, 20, 30 гадоў таму назад, адзначыць пра сябе, што і дрэў у горадзе было больш. Я пражыў не вельмі доўгае жыццё, але памятаю, што па вуліцы Савецкай нашага райцэнтра была алея акацый. На ўездзе ў горад таксама расло шмат дрэў. І ў двары майго роднага дома, што па вуліцы Несенюка, зноў жа не было пуста, як цяпер. Таму, безумоўна, дзікая прырода не можа нічога іншага зрабіць, як толькі выходзіць з горада на ўскрайкі. Вядома, застануцца нейкія адзінкі вераб’ёў, сініц, снегіроў у парках і скверах, але гэта будуць апошнія ўчасткі, дзе птушкі могуць адчуваць сябе больш-менш спакойна.
Хочацца верыць, што гэтыя месцы застануцца ў нашых гарадах яшчэ доўга.
— Дзяніс, даўно ведаю цябе як чалавека мэтанакіраванага, настойлівага. Дзякуючы гэтым рысам табе ўдалося шмат чаго ў жыцці дабіцца. А што з задуманага яшчэ не ажыццявілася?
— У кожнага з нас былі нейкія спакусы звярнуць са сваёй дарогі, заняцца нечым іншым, да прыкладу, адкрыць свой бізнес, каб зарабляць больш грошай. Але я вельмі рады, што застаўся аддадзеным любімай справе. Вывучыўся на біёлага, працую ў той сферы, якая мне найбольш цікавая. Дарэчы, пашыраю свае гарызонты. У апошнія 2 гады мне сталі цікавыя насякомыя, з якіх я некалі і пачынаў вывучаць флору. Зацікавіўся стракозамі, матылькамі. Гэта таксама нешта незвычайнае. Ведаю, што многія са звычайных стракоз, якія лётаюць па нашай Маларыце, занесены ў Чырвоную кнігу. Пасяліліся яны на так званым ваенным возеры. Дарэчы, 6 відаў жывёлін выбралі сабе для жыхарства менавіта гэтае месца ў нашым горадзе. Словам, я вельмі рады, што займаюся сваёй любімай справай незалежна ад таго, прыносіць яна мне матэрыяльнае задавальненне, ці не. Гэта мой лад жыцця.
— Прызнайся, Дзяніс, ці шмат у цябе аднадумцаў, людзей, якія разумеюць цябе і падтрымліваюць усе твае карысныя іні-цыятывы?
— Такіх, між іншым, нямала. Прывяду ўсяго адзін прыклад. Мне патрэбна было знайсці вадзіцеля са сваім транспартам, каб мы маглі праехаць па раёну і развесіць хаткі для соў. Напісаў пра гэта ў сацыяльных сетках. Знайшлося некалькі такіх людзей, якія згадзіліся дапамагчы мне, прычым бескарысліва, за што ім шчыра ўдзячны.
— Ты – адзін з нямногіх, хто ведае ўнікальныя месцы ў нас у Беларусі. Ці шмат такіх, што захаваліся і да сёння ў сваім некранутым выглядзе?
— Гэта, як правіла, заказнікі і нацыянальныя паркі. Мне падабаецца сярэдняя Прыпяць. Вельмі натуральная рака. Дубравы, што ў ёй, ствараюць вельмі прыгожае відовішча. Вясною гэта як беларускае мора. Калі рухацца на поўнач, сустрэнеш велічэзны лясны масіў.Дрэвы ў ім вельмі старыя, рознага тыпу, фаўна там сапраўды ўнікальная. А пойдзеш яшчэ больш на поўнач,- Налібокская пушча. Далей пачынаецца зона верхавых балот.
Апошнія 2 гады я шмат працаваў у заказніку ”Чырвоны бор”, што ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці. Гэта прыкладна 600 кіламетраў ад нас. Там зона паўднёвай тайгі. Зусім іншы лес. Пясчаныя дзюны. На іх растуць велічэзныя хвоі. Лішайнікі звісаюць як бароды. Такое адчуванне, што ты знаходзішся не ў Беларусі.
Прырода, пра што мы часта забываем, — гэта згуртаванне многіх арганізмаў. І ў прынцыпе для мяне чым больш цяжка трапіць у той ці іншы куток, тым там больш унікальная прырода. Ну і віды птушак і жывёлін. Яны аддаюць перавагу тым месцам, куды мала калі дабіраецца чалавек. Да прыкладу, хваёвыя лясы. Так, там любяць расці грыбы. Але ў такіх месцах менш за ўсё лясных жыхароў.
— Не сумняваюся, што ў цябе вельмі шмат практычных напрацовак. Ці дзелішся імі з іншымі, хто таксама шчыра заці-каўлены прыродай?
— Тое, што мне ўдалося напрацаваць, стараюся ў сябе не трымаць. Вельмі важна дзяліцца вопытам. Пра многае з набытага можна прачытаць у інтэрнэце. Ёсць нямала сайтаў, з якімі супрацоўнічаю. Цяпер пішу трылогію”Запіскі з Запалярнага круга”. Калі нехта захоча, можна пачытаць пра нашу паездку ў тундру. У мяне ёсць у наяўнасці вельмі шмат навуковай літаратуры. З вялікім задавальненнем дзялюся і ёю.
— Дзяніс, не магу не задаць табе і традыцыйнае пытанне: над чым працуеш цяпер?
— У лютым 2016 года ў Расіі ў горадзе Іванава будзе праходзіць канферэнцыя, у якой возьмуць удзел усе даследчыкі птушак атрада сеўкападобных на постсавецкай прасторы. Мы з Юрам Янкевічам падрыхтавалі матэрыял па нашым раёне, які насяляюць 43 віды такіх птушак. Апошнім часам мы займаемся вырабам штучных хатак для соў, якія вывешваем каля сельгасугоддзяў. Калі сава займае хатку, яна пачынае паляваць побач, чым аказвае вялікую дапамогу аграрыям, знішчаючы шкодных грызуноў.
— Шчыры дзякуй табе, Дзяніс, за інтэрв’ю. Хачу пажадаць і ў далейшым цікавых распрацовак, нязменнага жадання пазнаваць прыроду, зберагаць яе і толькі ўсяго добрага і светлага на жыццёвай дарозе.
— Дзякую і Вам.

Запісала
Ірына КАСЦЕВІЧ.

На здымку: незалежны эксперт Дзяніс Кіцель.

Фота з асабістага архіву.

Опубликовано в ГЧ за 2.12.2015 г.

Добавить комментарий


artma.net.ua

start-sport.com.ua/boevye-iskusstva/boks/binty
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!