Непапярэджаныя крадзяжы

  За 10 месяцаў 2015 г. колькасць зарэгістраваных у раёне злачынстваў павялічылася на 14,9% (са 182 да 208). Рост адзначаецца ў Маларыце, на тэрыторыях Лукаўскага, Чарнянскага, Олтушскага і Велікарыцкага сельсаветаў за кошт павелічэння крадзяжоў. 

Калі прааналізаваць факты, то можна сказаць пра недастатковую прафілактычную работу па іх папярэджанні мясцовых выканаўчых органаў, грамадскіх фарміраванняў.
Крадзяжы асабліва выраслі ў сельскай мясцо-васці, а менавіта ў Лукаўскім, Чарнянскім, Велікарыцкім, Олтушскім сельсаветах. Выкрадалі ў асноўным уласную маёмасць фізічных асоб – электраінструменты, веласіпеды, мабільныя тэлефоны, аўдыё-і відэаапаратуру, аўтазапчасткі і шыны, будаўнічыя матэрыялы, грошы. Большасць крадзяжоў учынена днём шляхам свабоднага доступу да прадметаў злачынных замахаў, што сведчыць пра бяспечнасць і неабачлівасць саміх грамадзян. Разам з тым, у правераных сёлета пракуратурай Лукаўскім і Олтушскім сельскіх Саветах устаноўлена, што прафілактычную работу з насельніцтвам з іх боку, накіраваную на папярэджанне крадзяжоў не праводзілі. У названых, а таксама і ў Чарнянскім сельскім Савеце, прычыны і ўмовы ўчынення крадзяжоў не аналізавалі. На пасяджэннях гэтых выканкамаў пытанні прафілактыкі крадзяжоў не выносілі, сходы грамадзян з гэтых нагод не праводзілі, канкрэтныя рашэнні для выканання не прымалі.
У ходзе праверак работнікі пракуратуры высветлілі, што індывідуальныя прафілактычныя мерапрыемствы да канкрэтных асоб, якія злоўжываюць спіртным, не праводзілі, не вялося пастаяннае грамадскае назіранне за паводзінамі такіх асоб у быту, што ў канчатковым выніку прыводзіць да злачынстваў, у тым ліку і рэцыдыўных. Вось прыклад. Жыхар Олтушскага сельсавета Мікійчук А., знаходзячыся ў доме № 3 па вул. Лясной у в. Яблычнае, адкрыта выкраў куртку ў Крэня М. Пасля гэтага літаральна праз некалькі дзён ён жа, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, пранікнуў у дом № 27 па вул. Зялёная в. Яблычнае, спрабаваў выкрасці прадукты харчавання, медыкаменты і іншую маёмасць, аднак быў спынены на месцы злачынства гаспадыняй дома і свой намер да канца не давёў.
Мікійчук А. прыехаў у Олтушскі сельсавет з Украіны. Ён асоба без грамадзянства, доўгі час пражывае тут без рэгістрацыі, не працуе, раней у 2012-2013 г.г. не раз яго прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за крадзяжы ў аднавяскоўцаў, стаіць на ўліку ў наркалагічным кабінеце райбальніцы. Між тым, якія-небудзь меры агульнай і індывідуальнай прафілактыкі з боку Олтушскага сельвыканкама і грамадскіх фарміраванняў у адносінах да яго не прымалі, на пасяджэннях не заслухоўвалі, дапамогу ў працаўладкаванні не аказвалі, пытанне пра дэпартацыю перад аддзелам унутраных спраў не ініцыіравалі.
Ці другі прыклад. Жыхар в. Чарняны Крэнь Н., раней неаднаразова асуджаны за крадзяжы, шляхам свабоднага доступу з гаспадарчай пабудовы аднавяскоўкі Філановіч Н. выкраў веласіпеднае кола, праз некаторы час наведаўся зноў, толькі ўжо на градку, адкуль выкраў 30 кг ранняй капусты.
Пасля вызвалення ў снежні мінулага года з месцаў пазбаўлення волі ён афіцыйна нідзе не працаваў, толькі час ад часу суседзі Філановічаў прыцягвалі яго да работы на прысядзібным участку і расплачваліся з ім спіртнымі напоямі. У Чарнянскім сельвыканкаме меры па працаўладкаванні Крэня Н. не прымалі.
За 10 месяцаў 2015 г. у раёне зарэгістраваны 4 крадзяжы маёмасці юрыдычных асоб, з якіх 3 – прыватнай формы ўласнасці, 1 – дзяржаўнай. Так, напрыклад, з 15 па 18 кастрычніка неўстаноўленая асоба шляхам свабоднага доступу выкрала 5 камплектаў металічных люкаў, складзіраваных КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” насупраць дамоў №№ 8, 10, 12 і 14 па вул. Светлая ў в. Дворышча. Нанесеная прадпрыемству страта склала 6 мільёнаў рублёў.
Крадзяжам, як паказала праверка, могуць садзейнічаць адсутнасць асвятлення ў начны час цэнтральных вуліц вялікіх населеных пунктаў (у верасні і кастрычніку гэта было ў вёсках Хаціслаў і Гусак), вартаўнікоў на пастах і тэрыторыі прадпрыемстваў, неабсталяванне дастатковым асвятленнем вартавой аховы ферм, якія і не агароджаны поўнасцю. Некаторым кіраўнікам па выяўленых недахопах былі накіраваны пісьмы, аднак апошнія былі пакінуты без належнай увагі. А гэта, трэба не забываць, не забяспечыць стопрацэнтную захаванасць маёмасці ў выпадку злачынных замахаў.
Раман ГУЗЮК, пракурор раёна.
НА ЗДЫМКУ:
Раман ГУЗЮК.

Опубликовано ГЧ № 95 5.12.15г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.