З душой, чуйнай да дзяцей

Настаўнік. Адно толькі слова, а як многа яно ўвабрала ў сябе. Здаецца, цэлы свет. Гэта – незвычайная прафесія, якая звязана з дзяцінствам і патрабуе… Ды чаго толькі не патрабуе прафесія настаўніка. Быць адначасова яшчэ і выхавальнікам, выратавальнікам, тонкім псіхолагам, мастаком, міліцыянерам, артыстам, сябрам,  дарадцам. Ды мала яшчэ кім даводзіцца быць настаўніку на працягу дня. Яго працу нельга ўціснуць у гадзінныя рамкі з 8.00 да 17.00. Настаўнік, здаецца, працуе на працягу сутак. Стос сшыткаў, які неабходна праверыць, сур’ёзная метадычная падрыхтоўка да заўтрашніх урокаў, розныя пазакласныя мерапрыемствы, абавязковыя наведванні бацькоў вучняў, а таксама  паходы, экскурсіі, паездкі. І ўсё для таго, каб не толькі навучыць неабходнаму,  але і захаваць у іх душах і сэрцах галоўнае – чалавечнасць. Вялікае шчасце сустрэць педагога, які вучыць дабрыні і справядлівасці. Добрага настаўніка не забываюць. Пра яго памятаюць заўжды. Да ліку такіх адносіцца і Віталь Мікалаевіч Касцючык, які сее разумнае, добрае, вечнае ў вучняў Ланской сярэдняй школы. Пра яго і хочацца сёння расказаць.
Чаму пра Віталя Міка­лаевіча? У раёне многа выдатных настаўнікаў, пра якіх можна напісаць і якімі ганарыцца Маларытчына. Таццяна Лаўрэенка, начальнік аддзела адукацыі, называла імёны Івана Рыгоравіча Кульбеды (Ляхавецкі я/с-СШ), Мікалая Васільевіча Баліцэвіча (Лукаўская СШ), Валянціны Уладзіміраўны Жалнерык (Олтушская СШ), Людмілы Раманаўны Качанка (Макранская СШ), Любові Васільеўны Куц… Але па жэрабю выбар трапіў на Віталя Касцючыка.
Віталь Мікалаевіч – настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі. За час сваёй працы падрыхтаваў 23 пераможцы і прызёры раённых, 5 пераможцаў і прызёраў абласных і 4 удзельнікі заключнага этапа рэспубліканскіх алімпіяд. Далёка не ў кожнага ёсць такія вынікі. За гэтымі лічбамі хаваецца напружаная паўсядзённая праца.
Віталь Касцючык не любіць афішыраваць сябе, жыве не на паказ. Родам ён з За­азёрнай. У дзяцінстве марыў стаць ваенным лётчыкам. Але ў 10 класе рэзка змяніў сваё рашэнне, бо  жыццё ваеннага было абмежавана пэўнымі рамкамі. А яго натура, творчая ад прыроды і, магчыма, трохі бунтарская, патрабавала жыцця не па статуту, а прастору, свабоды і волі. Са сваімі поглядамі ён не ўпісваўся ў будучую прафесію. Таму вырашыў прысвяціць сябе выхаванню і навучанню дзяцей.
— Хацелася стаць гісто­рыкам, — успамінае Віталь Мікалаевіч, — кагосьці навучыць, камусьці перадаць свае веды. Пасля заканчэння Олтушскай СШ (8 класаў закончыў у Ланской БШ) падаў дакументы ў БДУ, аднак для здзяйснення запаветнай мары не хапіла бала. Потым была служба ў арміі. У 1991 г. паступіў на гістарычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна, які закончыў з адзнакай.
Калі быў студэнтам 5-га курса, па суботах працаваў у роднай школе і выкладаў гісторыю. Дырэктар школы пільна прыглядвалася да хлопца, наведвала ўрокі, пазакласныя мерапрыемствы, а потым прапанавала працаваць пастаянна. Віталь згадзіўся і прыехаў разам з жонкай.
— Прафесія настаўніка для мяне,  — разважае Віталь Мікалаевіч, — гэта тое,  дзе я магу сябе рэалізаваць. Не кожны здольны вытрымаць такі шалёны рытм, які існуе ў школе, бо акрамя асноўных абавязкаў, даводзіцца займацца і многім іншым. Мой дэвіз: гісторыя — настаўніца жыцця.
— А якая мара пакуль яшчэ не здзейснілася? – цікаўлюся я.
— Мара як настаўніка… — мой субяседнік задумаўся. – У мяне пакуль няма пераможцаў рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Гэта – няскораная вяршыня, арыенцір, які паказвае накірунак у працы.
— Ваша хобі – гэта…
— Грыбы, зімой — хакей, многа вольнага часу праводжу ў спартыўнай зале, аддаю перавагу валейболу, настольнаму тэнісу, футболу. Спартыўныя навіны абмяркоўваю ў сям’і, з сябрамі па тэлефоне. Акрамя таго, люблю чытаць мемуары вядомых людзей, бо там знаходжу шмат павучальнага для сябе. Ёсць цікавасць і да навуковай дзейнасці, якая не знікла  са студэнцкіх гадоў. А вось як намалявалі партрэт Віталя Мікалаевіча тыя,  хто яго добра ведае:

Ганна Шпетная, дырэктар школы:
— Віталь Мікалаевіч – мой вучань, сур’ёзны, здольны на глыбокі аналіз, мае свае ўласныя думкі. Ведаю яго надзвычай добра. Зараз ён – настаўнік-прафесіянал, якому блізкімі з’яўляюцца праблемы вучняў. У аснове дэмакратычных адносін ляжыць прыняцце вучняў. Яны беспамылкова адчуваюць настаўніка, які здольны ў любы момант дапамагчы, працягнуць руку. Узамен ён атрымлівае давер і любоў, шчырую і непадкупную. На ўроках настаўніка дзеці адчуваюць сябе ў бяспецы і камфортна. Дабратворная эмацыянальная атмасфера дае станоўчыя вынікі ў працы.
Віталь Касцючык зарэ­камендаваў сябе як адукаваны спецыяліст. Яму характэрны высокая эрудыцыя, пастаяннае імкненне да творчасці і самаўдасканалення, аб’ектыўная ацэнка сваёй дзейнасці. Настаўнік удала вырашае метадычныя праблемы, што ўзнікаюць, выпрацоўвае свой педагагічны почырк, выкарыстоўвае найбольш  прагрэсіўныя і эфектыўныя формы, метады і прыёмы. Неабходна дадаць і тое, што кабінет гісторыі (з’яўляецца адным з лепшых у раёне), якім загадвае Віталь Мікалаевіч, уяўляе своеасаблівую творчую майстэрню, дзе сабраны і сістэматызаваны багаты дыдактычны і метадычны матэрыял. Настаўнік таксама праводзіць значную пазакласную работу па прадмеце, займаецца разам з вучнямі навукова-даследчай дзейнасцю.

Таццяна Касцючык, жонка, настаўніца гіс­торыі:
— З Віталем 2 верасня мы адзначылі шкляное вяселле – 15 гадоў сумеснага жыцця. Пазнаёміліся ў час сельгасработ, куды паехалі на першым курсе інстытута (вучыліся ў адной групе). Ён мне адразу запаў у душу, падкупіў сваёй непасрэднасцю, разважлівасцю, сур’ёзным стаўленнем да жыцця. Як пра мужа, магу сказаць, што Віталь надзейны. Заўжды і ва ўсім магу быць упэўнена, што ён не падвядзе. За ім сапраўды як за сцяною каменнаю: і ціха, і ўтульна, і цёпла. Любыя рашэнні прымаем толькі разам. Не любіць няшчырасці, фальшу. Чалавек ён пунктуальны, акуратны,  працавіты,  ва ўсім любіць парадак,  справядлівы,  вельмі адказны, патрабавальны да сябе і тых, хто знаходзіцца побач. Віталь любіць рабіць розныя сюрпрызы. Не раз было так, што я ўваходжу ў дом, а там прыгатаваны абед, смачны, пахкі. А яшчэ мой муж – вінароб. Кожны год у нас ёсць віно дамашняй вытворчасці: з вішні, маліны, абляпіхі… Яно заўжды атрымліваецца надзвычай вытанчаным, мае дзіўны водар.
Віталь выхоўвае сыноў, Ілью і Антона, на асабістых прыкладах, прывучае ўмець рабіць усё, што можа спатрэбіцца сапраўднаму мужчыну ў жыцці. Дзеці любяць бацьку і праводзяць з ім шмат часу. У нас спартыўная сям’я, спорту ўдзяляем шмат часу. Асабліва ўсе мы любім гуляць у валейбол.
А яшчэ Віталь – заўзяты садавод. У нашым садзе налічваецца 120 дрэў,   сярод іх шмат яблынь, груш, сліў, абрыкосаў. У ім таксама ёсць і экзатычныя дрэвы: ірга,  айва (некалькі гатункаў), шаўкоўніца. Разам ўсе мы за ім даглядаем.

Антон Касцючык, меншы сын, вучань 2 класа:
— Тата ў мяне самы лепшы на свеце. Ён мой сябар, у нас агульныя ёсць сакрэты і справы. Мы разам ходзім  у грыбы, працуем на агародзе, складваем дровы, рамантуем машыну, гуляем у шахматы, ходзім па магазінах. А яшчэ мы разам маме робім падарункі. Тата часта мне расказвае цікавыя гісторыі з мінулага, дазваляе гартаць яго тоўстыя кнігі з хатняй бібліятэкі. Таксама мы ра­зам робім мае хатнія заданні па прадметах. Я люблю свайго тату!

Максім Шпетны, вучань 10 класа:
— Пра гэтага выдатнага настаўніка можна гаварыць бясконца. Ён у мяне выкладае з 6 класа. За гэты час я ў Віталя Мікалаевіча навучыўся многаму: адказ­насці за даручаную справу, уменню стрымліваць сябе, паводзіць з людзьмі далікатна і тактоўна, у любой сітуацыі знаходзіць кампраміс, ціха і спакойна вырашаць любыя жыццёвыя праблемы і цяжкасці. Мой любімы настаўнік – светлы чалавек. Калі прыходзіш да яго на ўрок, то заўжды атрымліваеш зарад станоўчых эмоцый і добры настрой. Я ўпэўнены, што ўсе тыя, хто вучыўся раней ў Віталя Мікалаевіча, паважаюць,  памятаюць і любяць яго за дабрыню, шчырасць, сардэчнасць, даступнасць. Гэта – сапраўдны настаўнік-псіхолаг, знаўца нашых дзіцячых душ.

Ніна Канашук, калега, настаўніца фізікі і інфарматыкі:
— З Віталем Мікалаевічам працую не адзін год. Ніхто ніколі не пакрыўдзіўся, дрэннага слова не сказаў у яго адрас. Чалавек ён выдатны, карыстаецца павагаю ў калег, заўжды дапамагае ўсім. З ім можна цікава і з карысцю для сябе правесці час. Эрудыраваны, начытаны, ініцыятар і арганізатар многіх цікавых спраў, што праводзяцца ў школе. Для мяне Віталь Мікалаевіч – вышыня, да якой неабходна імкнуцца, на каго трэба раўняцца. Мне здаецца, што для майго калегі характэрны высокі прафесіяналізм, глыбокае веданне свайго прадмета, творчы падыход да справы, пастаяннае імкненне да новага,  мабільнасць. Настаўнік знайшоў свой стыль у працы, вызначыў стратэгію і прыярытэты педагагічнай дзейнасці. Між   іншым,  Віталь вельмі любіць дзяцей і сваіх, і чужых. Таму часта я яго заўважаю ў гурце вучняў, з якімі ён вя­дзе зацікаўленую і шчырую размову.
Ігар Цалуйка, сябар, настаўнік раённай гімназіі:
— З Віталем я сябрую ўжо 10 гадоў. Паважаю, цаню, ганаруся, што на жыццёвым шляху сустрэў яго. Ён чалавек рэдкай катэгорыі, пра якога кажуць: з ім можна пайсці ў разведку. На­дзейны, стрыманы, адкрыты, гібкі, творчая асоба, заўсёды ў пошуку, неабыякавы да таго, што адбываецца побач. Яшчэ Віталь для мяне асабіста добры дарадца па пытаннях гісторыі. Энцыклапедычныя мае веды. Ён як мудры філін, тонка разбіраецца ў  жыццёвых сітуацыях. Віталь, здаецца, здольны бачыць чалавека наскрозь. А яшчэ – выдатна гуляе ў футбол, валейбол і настольны тэніс. З ім не засумуеш. І слова трапнае скажа, і рассмяшыць, і падтрымае справаю. Віталь ва ўсім ведае меру. У яго душа, чуйная да жыцця і яго праяў.
P.S. Напярэдадні новага навучальнага года Віталь Касцючык узнагароджаны граматай Міністэрства адукацыі за плённую работу ў сіс­тэме, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні пад­растаючага пакалення за подпісам міністра адукацыі А.Радзькова. Віншуем!
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.