Подзвіг бацькоў – у спадчыну сынам

У СШ №2 г.Маларыта прайшоў дзень Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту. У ім прынялі ўдзел старшакласнікі і настаўнікі ўстановы адукацыі, а таксама Валянціна Жалнерык, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Алег Шышацкі, раённы ваенны камісар, і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны — Фёдар Фёдаравіч Сацюк, Іван Емяльянавіч Шыцікаў, Васіль Піліпавіч Маркаў.

— Другая гарадская школа райцэнтра невыпадкова была выбрана месцам правядзення сустрэчы,- гаворыць Валянціна Козак, інструктар савета МРАС ДТСААФ. – Ва ўстанове адукацыі пярвічная арганізацыя — адна з самых вялікіх па колькасці. Тут вядзецца карпатлівая і планамерная работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні юнакоў і дзяўчат. У СШ №2 ёсць кабінет дапрызыўнай падрыхтоўкі, дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Юны стралок”, пастаянна ладзяцца сустрэчы з прадстаўнікамі пагранкамендатуры “Маларыта”, праводзяцца конкурс патрыятычнай песні і рыцарскі турнір, дзеці вучацца мадэліраваць ракеты…
У гэтым заслуга ўсяго педагагічнага калектыву, а асабліва – Генадзя Піпко, настаўніка дапрызыўнай падрыхтоўкі. Ён падрабязна расказаў пра работу пярвічнай арганізацыі ДТСААФ СШ №2, пазнаёміў з дасягнутымі вынікамі, падзяліўся планамі на будучыню.
Цікава прайшла і віктарына “Старонкі гісторыі ДТСААФ”, якую правяла Маргарыта Дэйнак. Свае веды змаглі праверыць не толькі вучні, але і настаўнікі.
Наступная частка мерапрыемства называлася “Подзвіг бацькоў – у спадчыну сынам”. Пра нялёгкае перажытае ваеннае мінулае расказваў Васіль Маркаў, які шмат гадоў аддаў педагагічнай рабоце. Ён узначальваў раённы аддзел адукацыі, быў дырэктарам школ, больш за 20 гадоў з’яўляўся старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі.
Напрыканцы мерапрыемства актывісты пярвічнай арганізацыі ДТСААФ, пераможцы раённых спаборніцтваў былі ўзнагароджаны граматамі.
Удзельнікі мерапрыемства наведалі “Горад майстроў” і школьны музей “Патрыёт” (кіраўнік Людміла Ярмашук).
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымкУ: у час дня ДТСААФ
у СШ №2 г.Маларыта.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 95  5.12.15г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!