ПАВЫШАЦЬ ЦІ НЕ ?

Законапраект аб змяненнях у пенсійным заканадаўстве пакуль яшчэ ў парламенце не разглядаецца. І тым не менш пытанні павышэння пенсійнага ўзросту, іншых змяненняў у пенсійным заканадаўстве сёння на слыху. Іх абмяркоўваюць усе: хто ўжо на заслужаным адпачынку, хто на яго збіраецца і каму да пенсіі яшчэ далёка. Свае меркаванні на гэты конт выказвалі і чытачы нашай газеты:

Анатоль Клюнчык, 47 гадоў:
— Хоць мне да пенсіі яшчэ далёка, пытанне змяненняў у пенсійным заканадаўстве таксама неабыякавае. Што думаю на гэты конт? Для таго, каб рэгулярна выплачваліся пенсіі пенсіянерам розных катэгорый, неабходны адпаведны грашовы фонд. Гэта ж, вядома, немалая сума, што фарміруецца з адлічэнняў кожнага, хто працуе і плаціць страхавыя ўзносы ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. На жаль, у апошні час колькасць працаздольнага насельніцтва становіцца ўсё меншай і меншай, у той час, як пенсіянераў большае. Таму ў мэтах эканоміі фонду магчымы быў бы такі варыянт: калі мужчыне споўнілася 60, а жанчыне 55 гадоў, афармляць іх не на поўную пенсію, а на 50 працэнтаў яе. Поўнай жа пенсіяй забяспечваць праз 2, 3 ці 4 гады, каб у таго, хто хоча атрымліваць заробленую пенсію, быў стымул працаваць.
Таццяна Кузьміч, 43 гады:
— Асабіста я прытрымліваюся той думкі, што пенсійны ўзрост павышаць трэба. Ды многія пенсіянеры, аформіўшыся на пенсію, усё роўна працуюць. Возьмем нашу сферу, медыцыну. Нямала спецыялістаў-пенсіянераў не пайшлі на заслужаны адпачынак. І ў гэтым няма нічога дрэннага. Карысць тут, як самім пенсіянерам, так і калектыву, дзе яны працуюць. Я маю на ўвазе не толькі матэрыяльны бок. Калі чалавек працуе, ён адчувае сябе больш запатрабаваным у грамадстве. А вопыт?
Усе мае сваякі жывуць у Прыбалтыцы. А ў Літве, Латвіі і Эстоніі мужчыны і жанчыны ідуць на заслужаны адпачынак адпаведна ў 62,5, 65, 63 і 60, 65 і 60,5 гадоў. Мы часта зносімся, і ніхто з маіх блізкіх ніколі не паскардзіўся на тое, што ім яшчэ так доўга працаваць да пенсіі. Яны пра гэта нават не ўспамінаюць. Наадварот рады, што запатрабаваныя і могуць яшчэ доўга аддавацца любімай справе.
Наталля Куц, 44 гады:
— Што і казаць: пенсіянер пенсіянеру не роўны. Нехта ў свае 55 ці 60 гадоў не страціў жыццёвай энергіі, поўны здароўя, багаты на ідэі. Некаму заўтра ўжо не пад сілу выконваць тую работу, якую выконваў учора. Гавару пра розныя спецыяльнасці. На некаторых з іх чалавек вельмі хутка зношвае сябе і маральна, і фізічна. Таму пры павышэнні пенсійнага ўзросту быў бы правільным прынцып дыферэнцыяцыі.
Уладзімір Кляцко, 33 гады:
— На маю думку, нельга павышаць пенсійны ўзрост рэзка і адразу на 3 ці 5 гадоў. Калі гэта рабіць, дык паступова. Хаця, між іншым, першыя крокі ў гэтым ужо зроблены. На сацыяльную пенсію цяпер могуць разлічваць мужчыны, каму больш за 65, і жанчыны, якім 60. І далейшыя крокі нам, хутчэй за ўсё, давядзецца рабіць, бо нават калі браць па нашым раёне, суадносіны пенсіянераў і грамадзян, якія працуюць, з кожным годам прыкметна змяняюцца. Прычым, не ў бок другіх.
Таццяна Машавец, 49 гадоў:
— Лічу шчаслівым таго чалавека, які ў наш час дажывае да пенсіі. Улічваючы, што працягласць жыцця беларусаў скарачаецца, што многія з хвароб памаладзелі, робіш вывад: павышэнне пенсійнага ўзросту не дасць таго выніку, на які разлічваюць заканадаўцы.
А пенсійны ўзрост для таго і вызначаны, каб чалавек мог пажыць для сябе, адпачыць ад работы, удзяліць большую ўвагу сям’і, дзецям, унукам. І дай Бог усім нам дажыць да таго часу, калі мы будзем мець поўнае права пайсці на адпачынак, што заслужылі. Ну а калі хто адчувае, што яшчэ моцны фізічна і ёсць маральныя сілы, не цалкам прафесійны патэнцыял выкарыстаў, калі ласка. Няхай работадаўцы не спяшаюцца з такімі развітвацца, бо вопытны прафесіянал — незаменны.
Алена Бенясюк, 42 гады:
— Асабіста я катэгарычна супраць таго, каб павышалі пенсійны ўзрост. Не буду далёка хадзіць за пацвярджэннем сказанага, спынюся на нашай прафесіі — работніка гандлю. У прадаўцоў, як ні ў каго больш, у рабоце задзейнічаны ўвесь арганізм. За дзень стамляюцца не толькі ногі, але і рукі, галава. Ты працуеш адзін, можна ўявіць, у якім фізічным стане ты прыходзіш дамоў, дзе таксама цябе чакаюць шмат неадкладных спраў. Таму, ведаю па сабе, з нецярпеннем чакаеш выхадных, каб адпачыць. Нездарма мала хто з работнікаў прылаўка хоча працаваць пасля таго, як аформіцца на пенсію.

Запісала Ірына КАСЦЕВІЧ.

Опубликовано №97 12.12.15

Добавить комментарий


https://best-cooler.reviews/

www.steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!