“Назад на Байканур не хочацца”,

-шчыра прызналіся ў час нашай сустрэчы колішнія яго жыхары, а цяпер маларытчане Алена і Алег Пахомавы.

…Маленькаму Алегу Пахомаву было ўсяго 11 месяцаў, калі яго бацькі з Белагорска Амурскай вобласці, дзе Алег нарадзіўся, пераехалі на Байканур. Тата быў кадравым афіцэрам, штурманам, таму куды Радзіма загадвала, туды і ехаў. Карані ж Пахомавых тут, у Беларусі, на Кобрыншчыне. Гэты факт быў вызначальным, калі стаяла пытанне, дзе жыць пасля звальнення ў запас. Пахомавы выбралі хоць і не малую радзіму непасрэдна, але самы блізкі да Кобрыншчыны горад — Брэст. І Алег заканчваў сярэднюю школу ўжо ў абласным цэнтры. Куды пайсці вучыцца далей, пытанне перад юнаком не стаяла. Алегу падабалася бацькоўская прафесія, таму ён і паступіў у Харкаўскае вышэйшае ваеннае вучылішча. Закончыў яго з адзнакай. А гэта значыць, меў магчымасць выбіраць для службы такое месца, якое тады лічылася самым прэстыжным, скажам, Маскву ці Ленінград і да т.п. Алег жа выбраў Байканур. І, відаць, трэба так было, бо менавіта тут старшы лейтэнант сустрэў сваю суджаную, Алену.
— 3 снежня мне споўнілася 18, — тлумачыць Алена, — а 5-га ў нас было вяселле.
Толькі цягнула беларуса па крыві ў свае родныя мясціны. І калі трэба было зноў выбіраць, Алег спыніўся на Маларыце, дзе тады дыслацыравалася ракетная часць.
— І хаця Маларыта ў 90-ыя гады была не такой, як цяпер, — расказвае Алена, -яна ўсё роўна мяне ўразіла. У параўнанні з нашым Байканурам гэта быў рай.
Праз некалькі месяцаў маёру Алегу Пахомаву выдзелілі добраўпарадкаваную новую кватэру ў доме №20 па вуліцы Маруды, дзе тады жылі многія сем’і ваеннаслужачых.
Нахвальвалі Пахомавы Маларыту ў пісьмах і тэлефонных званках Аленіным бацькам. І тыя пастаянна прыязджалі сюды ў водпуск. Планавалі нават у будучым таксама перабрацца ў Маларыту. Але ўсе планы змяніла раптоўная смерць мужа Тамары Іванаўны, маці Алены.
— Нам не хацелася пакідаць маму адну ў такі цяжкі для яе час. Купілі ёй кватэру ў доме, дзе жывем самі.
— Амой брат Ілля, дык той, калі прыехаў у Маларыту ўпершыню, — тлумачыць Алена, — так і заявіў: “У Байканур больш не паеду. Мне тут добра”. І не паехаў. Толькі вось жонку сабе з Расіі прывёз. Тут уладкаваліся ён і яна на работу, тут у іх нарадзіліся дзве дачушкі. І з жыллём праблем няма, бо пабудавалі сабе кааператыўную кватэру.
Цікаўлюся ў маіх герояў, ці часта ездзяць на сваю радзіму.
— Раз у год у час водпуску там бывае толькі мама, — удакладняе Алена. — А нам туды ну ніяк не хочацца. Тым больш, што нашы лепшыя сябры пастаянна прыязджаюць да нас. Ім таксама вельмі падабаецца Маларыта, Беларусь. Кожны год свой водпуск яны праводзяць тут. Нашы сябры гавораць, што не хопіць, напэўна, жыцця, каб пазнаёміцца з усімі славутымі мясцінамі Беларусі. Сёлета яны былі разам з намі ў Несвіжы, у Гродна. А раней – у Белавежскай пушчы, Брэсцкай крэпасці. Ад’язджаюць ад нас са слязамі на вачах — не хочацца вяртацца дамоў. А неяк прызналіся, што не супраць жыць у Беларусі. Магчыма, так яно і будзе.
Пахомавы мужчыны-патомныя кадравыя ваенныя. Сын Алега і Алены Юрый, як яго дзядуля і бацька, таксама выбраў сабе прафесію афіцэра. Закончыўшы Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь, служыў у Баранавічах. Там ажаніўся, але на службу перавёўся ў Брэст, хаця ёсць жаданне вярнуцца назад.
Жонкі Пахомавых добра ведаюць, што такое другая палавінка ваеннаслужачага. Яна заўсёды там, дзе муж, куды яго накіроўваюць. А пераязджаць сем’ям афіцэраў даводзіцца вельмі часта. Хаця Алегу і Алене ў гэтым плане пашанцавала. Яны вось ужо 20 гадоў, як “аселі” у Маларыце. Алег цяпер-пенсіянер. Алена па-ранейшаму працуе ў райбальніцы медсястрой. 7 гадоў таму назад яе павысілі на пасадзе — зацвердзілі старшай медсястрой педыятрычнага аддзялення.
У час нашай сустрэчы нельга было не пераканацца, што прафесію медработніка Алена Пахомава выбрала невыпадкова. Яна-вельмі шчыры і чулы чалавек, любіць дзяцей. Ды і што казаць пра дзяцей, калі ў кватэры ў Пахомавых камфортна адчуваюць сябе сабака Януш, кошка Сіма, хамячок Хома. Усім ім знайшлося месца ў 2-пакаёвай кватэры, на ўсіх хапае цеплыні, ніхто не абдзелены ўвагай, аб усіх аднолькава клапоцяцца.
Ну а пра любоў Пахомавых да блізкіх можна гаварыць асобна. Яны ў аднолькавай ступені клапоцяцца як пра бацькоў сваіх, так і пра ўсіх астатніх сваякоў. Не чуе душы Алена ў сваім браце Іллі, яго сям”і, яны самыя жаданыя госці ў Пахомавых. Як і сястра свякрові. На ўсе сямейныя святы абавязкова запрашаюць і яе. І ёй не забудуць пакласці пад елачку падарунак, калі яна прыязджае ў госці на Новы год.
Чаму прысвячаюць сябе Пахомавы ў вольны час? Алена займаецца бісерапляценнем. Любіць стравы гатаваць. Прычым не толькі рускай, казахскай кухні, але і нашай беларускай. Навучылася і прыдатныя да яды грыбы ў нашых лясах збіраць. І любіць збіраць. Хаця спачатку не магла адрозніць баравікі ці белыя грыбы ад сатанінскіх.
— Мы неяк паехалі ў лес, — расказвае Алена, — і я патрапіла на паляну грыбоў. Цэлы кошык нарэзала. Высветлілася ж, што гэта зусім не белыя і не баравікі, а сатанінскія грыбы. Цяпер ужо добра ведаю, якія можна смела збіраць, каб спажываць, а якія не. І суп смачны грыбны навучылася гатаваць. У саставе яго – грыбы, бульба і манна. Смаката!
— У нас жа і елак няма, — дапаўняе расказ дачкі Тамара Іванаўна. – Лясную прыгажуню мы першы раз тут, у Беларусі, убачылі. Калі яна на Новы год з’явілася ў кватэры, гэта быў сапраўдны цуд. Мы не маглі елкай налюбвацца. Яна стварала такую святочную атмасферу, што мы не прыбіралі яе з кватэры аж да мая.
— Вось толькі дранікі ў мяне чамусьці такія смачныя, як у беларускіх гаспадынь не атрымліваюцца, — прызнаецца Алена. – Хаця заўсёды ўдаюцца манты, бішпармак, стравы казахскай кухні. Звычайна гатую іх, калі да нас у госці прыязджаюць нашы сябры-казахі. Ды іншы раз хочацца папесціць такімі стравамі сваіх родных і блізкіх.
Алег з задавальненнем працуе над відэакліпамі. З-пад яго рук выйшла ўжо шмат такіх. А адзін прысвяціў любімай цешчы, дакладней яе юбілею, які нядаўна адзначалі. З задавальненнем паглядзела гэтую работу Алега і я. І магу смела сказаць, што чалавек ён надзвычай творчы, з багатай фантазіяй. Ну а школьніца Каця, дачка Пахомавых, — сапраўдная артыстка. На юбілеі бабулі так цудоўна выканала ролю італьянкі, што і сапраўды цяжка было адрозніць яе ад венецыянкі. Пасуюць да Каці і яе стрыечныя сёстры: дочкі Іллі — Аляксандра і Насця.
… Некалькі гадзін нашай сустрэчы і шчырай размовы праляцелі як адно імгненне, і мне, прызнаюся, вельмі не хацелася развітвацца з гэтай дружнай і вялікай сям’ёю. Здавалася, ведаю ўсіх іх даўно, хаця сустрэліся ўпершыню. Кожны выклікаў прыхільнасць да сябе і вылучаў такую пазітыўную энергію, ад якой цяплела на душы. Цяпер разумею, чаму ў Пахомавых так шмат сяброў, чаму яны імчаць да іх за сотні тысяч кіламетраў…

Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: дружная сям’я Тамары Іванаўны Клушэўскай часта збіраецца ў такім складзе.

Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано ГЧ №97 12.12.15

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.