У першую чаргу ацэньваць сябе

  У рамках трохдзённага абласнога семінара для кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый са стажам работы на пасадзе менш за 2 гады ў мінулы чацвер на базе СВК “Дарапеевічы” прайшлі выязныя практычныя заняткі па тэме “Шляхі павышэння эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці сельскагаспадарчых арганізацый у сучасных умовах” 

Мэта семінара – выпрацоўка навыкаў па пытаннях арганізацыйна-кіраўніцкай дзейнасці і па актуальных пытаннях развіцця аграпрамысловага комплексу вобласці. Напярэдадні практычных заняткаў маладыя кіраўнікі асвойвалі тэарэтычныя пытанні. У прыватнасці, яны былі азнаёмлены з ходам рэалізацыі мерапрыемстваў па выкананні Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця сяла на 2011-2015 гады, з новай рэдакцыяй Закона Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй”, з практыкай пракурорскага нагляду за выкананнем заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй сёлета. Падчас заняткаў у аблвыканкаме ўдзельнікі семінара даведаліся і аб прымяненні норм Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №5 ад 15 снежня 2014 г. “Аб умацаванні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый”, пра сучасныя метады павышэння прадуктыўнасці дойнага статка на малочнатаварных комплексах, а таксама пра перспектывы развіцця аграпрамысловага комплексу вобласці.
СВК “Дарапеевічы” для правядзення практычных заняткаў па раней названай тэме быў выбраны невыпадкова. Гаспадарка гэтая – адна з лепшых на Маларытчыне. За важкія дасягненні ў вытворчасці сельгаспрадукцыі, у прыватнасці збожжа і кармоў, яна неаднаразова выходзіла пераможцай у спаборніцтве на нарыхоўцы кармоў і жніве. Вось і сёлета на абласных дажынках у Іванаве старшыня сельгаскааператыва Васіль Юхімук двойчы выходзіў на сцэну за ўзнагародамі: гаспадарка стала другой у вобласці ў спаборніцтве на жніве і на нарыхтоўцы кармоў. Таму тут і сапраўды ёсць што пабачыць і чаму павучыцца маладым кіраўнікам, сярод якіх былі і 3 прадстаўнікі нашага раёна – старшыні СВК “Хаціслаўскі” і “Макраны” Андрэй Курдзюк і Ігар Бурда і дырэктар ДзП “Радзежскае” Мікалай Якімчук. Ёсць чым падзяліцца з моладдзю і вопытнаму і адукаванаму гаспадарніку Васілю Юхімуку.
Распачаліся практычныя заняткі на машынным двары гаспадаркі. І гэта таксама невыпадкова. Сельгаспрадпрыемства неаднойчы перамагала ў рэспубліканскім, абласным і раённым аглядзе па добраўпарадкаванні машынных двароў. Таму старшыня СВК не без гонару паказваў боксы і пляцоўкі для захоўвання тэхнікі, рамонтную майстэрню, гароднінасховішча, мойку для машын, запраўку, новую тэхніку. А яшчэ распавядаў пра тое, як з нічога (яшчэ не так даўно машынны двор і тэрыторыя вакол яго мелі даволі сумны выгляд) можна зрабіць “цукерку”. І абавязкова дадаваў, што ўсё гэта зроблена за ўласныя сродкі.
Паказаў старшыня маладым кіраўнікам новую ферму ў Дарапеевічах і старую ў Вялікім Паўлопалі. Распавядаючы пра тое, за кошт чаго ўдаецца сёння даіць на карову па 18,7 літра малака, Васіль Юхімук адзначыў: за кошт выканання тэхналогій і, вядома ж, кармоў. І дадаў, што гаспадарка мае іх дастаткова, каб беспраблемна правесці зімоўку і не толькі. Увогуле ж, вопытны кіраўнік лічыць, што для бязбеднага існавання грамадскага статка і для атрымання жывёлагадоўчай прадукцыі кожнае сель-гаспрадпрыемства павінна мець гадавы запас кармоў. І падзяліўся з маладымі, як гэтага дасягнуць. А яшчэ раскрыў сакрэт структуры кармоў. Для таго ж, каб яны былі якасныя, для іх нарыхтоўкі павінна быць тэхніка і людзі, якіх неабходна арганізаваць і настроіць на працу. Увогуле ж, канстатаваў напрыканцы свайго аповяду пра гаспадарку і яе справы Васіль Юхімук, патрэбна даваць прынцыповую ацэнку кожнаму работніку і ў першую чаргу сабе асабіста. Тады і вытворчасць будзе эфектыўнай.

Надзея ЯЦУРА.
На здымкАХ: практычныя заняткі на вытворчых аб’ектах гаспадаркі з маладымі кіраўнікамі праводзіць страшыня СВК “Дарапеевічы” Васіль Юхімук.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ  № 98 16.12.15

Добавить комментарий


нандролон деканоат

www.ka4alka-ua.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!