Ехалі…за пакараннем

Сёлета крадзяжы транспартных сродкаў у нашым раёне значна выраслі ў параўнанні з мінулагоднім перыядам – з 1 да 7. Па ўсіх фактах іх узбуджаны крымінальныя справы, аднак злачынцы ўстаноўлены толькі ў 6 выпадках. 

Асоба іх такая: трое з шасці на момант учынення крадзяжу былі раней асуджаны за наўмысныя злачынствы. Трое працавалі, астатнія – нідзе не вучыліся і не працавалі. Узрост – ад 20 да 46 гадоў. Усе яны свае злачынныя намеры выконвалі, калі знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
3 крадзяжы аўтамабіляў учынены ў горадзе, 4 – у сельскай мясцовасці. У вёсках транспарт выкрадалі з прыдамавых тэрыторый індывідуальных жылых дамоў, у горадзе – з неахоўваемых аўтастаянак каля спартыўнага комплексу “Жамчужына”, каля шматкватэрнага жылога дома па вул. Лермантава, у адным выпадку з тэрыторыі прыватнага дома. 4 справы ў адносінах іх разгледжаны ў судзе, дзе назначана адпаведнае пакаранне.
Здзіўляе падчас неабачлівасць і нядбайнасць гаспадароў легкавых аўтамабіляў. Так, 6 з 7 аўтамабіляў былі пакінуты незачыненымі, пры гэтым у пяці выпадках у замку запальвання альбо ў іншым месцы ў салоне ўладальнікі пакідалі ключы. Такім чынам, сваёй нядбайнасцю яны правакавалі злачынцаў на крадзёж. Ра-зам з тым, аналіз прычын і ўмоў учынення крадзяжоў дазваляе зрабіць вывад аб адсутнасці належнай прафілактычнай работы з раней асуджанымі асобамі з боку аддзела ўнутраных спраў, што і з’явілася прадпасылкай трох злачынстваў.
Варта адзначыць, што незанятасць асоб, як вызваленых з месцаў пазбаўлення волі ці тых, якія вярнуліся з лячэбна-працоўных прафілакторыяў, так і тых, каго не прыцягвалі да крымінальнай адказнасці, іх матэрыяльна-духоўная незадаволенасць на фоне злоўжывання спіртнымі напоямі, як правіла, прыводзіць да ўчынення злачынстваў і правапарушэнняў.
Па стану на 1 лістапада 2015 г. у раёне не працавалі 14 асуджаных да папраўчых работ і да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову закрытага тыпу, якія стаяць на ўліку ў райаддзеле міліцыі. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у вобласці.
З пачатку года з месцаў пазбаўлення волі вызвалены 23 жыхары раёна, у тым ліку 5 на падставе акта амністыі. 13 з іх да цяперашняга часу не працаўладкаваны. А занятасць грамадзян, што вярнуліся з папраўчых устаноў і арыштных дамоў, з’яўляецца адным з асноўных прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджанні правапарушэнняў. Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 28.05.2015 г. “Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 г.” выканаўчыя і распарадчыя органы павінны аказаць амніставаным дапамогу ў працоўным і бытавым устройстве.

Раман ГУЗЮК, пракурор раёна. 

Опубликовано ГЧ №98 16.12.15

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.