З “Дажынак” — з трактарам!

На рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2010” (у гэтым годзе прайшлі ў г.Ліда) традыцыйна ўшаноўвалі і ўзнагароджвалі і лепшых лесаводаў краіны. Конкурс “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добра-ўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў” праводзіцца штогод у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў краіны з 2002г.
-Згодна з рашэннем аўтарытэтнага журы, — расказваў Уладзімір Афанасенка, дырэктар Маларыцкага лясгаса, — мы занялі першае месца ў вобласці, а ў якасці ўзнагароды атрымалі дыплом і новы трактар МТЗ-82.1 («Беларус»). У гэтым конкурсе прымаем удзел не першы раз, але на п’едэстал пашаны ўзняліся толькі сёлета. У гэтым, безумоўна, заслуга ўсіх 303 чалавек, што працуюць у 8 лясніцтвах раёна. А ў першую чаргу – майстроў лесу, леснікоў, вальшчыкаў, лесарубаў і абрубшчыкаў. Без намаганняў усіх іх высокіх вынікаў нельга было б дасягнуць.
Між іншым, работа лясгаса аналізавалася па 11 паказчыках, кожны з якіх меў свой бал. Асноўны крытэрый — запас драўніны (у м3) на 1 га лесу (складае 180 м3), а таксама плошча лясных зямель, што пакрыты лесам (у %, з дынамікай за 3 апошнія гады). Калі ў 2008г. гэты паказчык складаў 88,1%, то ў 2010г. – ужо 92,5%. Акрамя таго, пры падвядзенні канчатковых вынікаў  улічвалася  асваенне лесакультурнага фонду, уключаючы рэкультывацыю зямлі, адсутнасць у лясах пасадак, што загінулі ад хвароб,  шкоднікаў, пажару і інш. Найлепшыя ў нас і такія паказчыкі, як плошча пасадак з гаспадарча-каштоўных парод дрэў (хвойныя, дуб, клён, ясень, ліпа; складае 57,3% ад агульнай колькасці), выкарыстанне сельскагаспадарчых зямель ляснога фонду і добраўпарадкаванне зон адпачынку…
-Уладзімір Якаўлевіч, ці будзеце браць удзел у конкурсе ў наступным годзе?
-Не, не будзем, таму што згодна з умовамі правя­дзення конкурсу, пераможца не мае права на працягу трох наступных гадоў  прымаць у ім удзел. А шкада, бо ў нас ёсць рэзервы і жаданне працаваць яшчэ лепш.
-А хто будзе працаваць на новым трактары?
-МТЗ-82.1 — гэта самая папулярная самаходная машына Мінскага  трактарнага завода, магутнасць якой складае  81 конскую сілу. Яшчэ адна такая адзінка тэхнікі будзе якраз дарэчы. Трактар мы ўжо атрымалі, але пакуль што не вызначыліся, хто будзе яго гаспадаром. Падбіраем кандыдатуру.
-А што найбольш запомнілася на рэспубліканскіх “Дажынках”?
-Запалі ў душу словы Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі, які падзякаваў працаўнікам МПС і асабліва нашай сферы за выдатную ахову лесу ад пажараў. Кіраўнік дзяржавы асабліва акцэнтаваў увагу на тым, што сістэма аховы ў Беларусі надзейная, няма ў ёй збояў. Таго, што адбылося гэтым летам з лясной гаспадаркай у Расіі, у нас не можа быць нават у прынцыпе. Лес – агульнанацыянальнае багацце, яго неабходна берагчы ўсім. Пра лес неабходна клапаціцца, дбаць пра яго. У нас лесу надаецца асаблівая, істотная ўвага на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання. Беларусы будуць з лесам!
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Уладзімір Афанасенка, дырэктар ДзЛГУ “Маларыцкі лясгас”.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.