Каб было СВЯТЛО

  Увечары, з мінулай нядзелі на панядзелак, разбушаваўся вецер. “Напэўна, наробіць бяды”, — думалі многія, паглядаючы ў акно. І сапраўды. неўтаймаваная стыхія пакінула без электраэнергіі многія населеныя пункты Маларытчыны. Дапамогу аператыўна-выязных брыгад раёна электрасетак чакалі ў вёсках Масевічы, Гусак, Мельнікі, Радзеж, дзе жыхары засталіся без святла. Энергетыкі працавалі ўсю ноч да ранку, пакуль не забяспечылі электрычнасцю ўсе дамы. Гэта быў, можна сказаць, своеасаблівы экзамен, якім напярэдадні прафесійнага свята энергетыкаў, прырода праверыла падрыхтаванасць службы да любой надзвычайнай сітуацыі.

Спраўляцца з такімі сітуацыямі, як заўважае начальнік Маларыцкага раёна электрасетак Уладзімір Куц, які сёлета ўзначаліў гэтую арганізацыю, дапамагае зладжаная работа калектыву, дзе, вядома, ёсць вопытны касцяк. Але надзвычайныя сітуацыі тым і адметныя, што здараюцца зрэдку і патрабуюць ад кожнага максімум намаганняў і сіл. А асноўная, работа энергетыкаў — гэта штодзённае забеспячэнне надзейнай і бесперабойнай работы ўсёй электрычнай гаспадаркі раёна. Сёлета быў праведзены рамонт на 67 км ліній 10 кВ і 55 км ліній 0,4 кВ, устаноўлена 67 апор, на 13,5 км ліній заменены правады, выкананы работы па расчыстцы 23,5 га прасекі. І гэта далёка не поўны пералік работ, выкананнем якіх у прывычным рэжыме быў заняты калектыў раёна электрасетак. У ліку таго, што зроблена, – рэканструкцыя лініі 0,4 кВ у в. Збураж, камплектна-трансфарматарнай падстанцыі ў в. Мельнікі, падключэнне новай лініі для квартала забудовы па вул. Сонечная ў в. Олтуш, будаўніцтва новых ліній на кварталах забудовы па вуліцах Юбілейная і Светлая ў Маларыце, пракладка кабельных сетак у квартале індывідуальнай забудовы па вул. Вакзальная райцэнтра.
Стаўку энергетыкі робяць на якаснае выкананне комплексных капітальных рамонтаў. А якасць і надзейнасць работы, як вядома, у першую чаргу залежыць ад людзей, іх прафесійнай падрыхтоўкі, вопыту, адказнасці і стараннасці. Увесь калектыў, як з упэўненасцю гаворыць начальнік раёна электрасетак, працуе добра. У ліку найбольш вопытных, на-дзейных на ўсе сто — галоўны інжынер Алег Абрамчук, начальнік дыспетчарскай службы Аляксандр Бабёр, электраманцёр Андрэй Каленікаў, майстры Іван Аўдзяюк, Віктар Клюнчык, Аляксандр Лямачка, Аляксандр Дзядзюк і многія іншыя.
Самае адказнае звяно ў РЭСе – дыспетчарская служба. Дыспетчар – галоўны каардынатар усёй работы. Імгненна ацаніць сітуацыю, прыняць важнае рашэнне, правільна адказаць на пытанне спажыўца – з усім гэтым добра спраўляецца дыспетчар Іван Абрамчук. У дыспетчарскай службе ён з 2008 года. Веды, якія набыў у тэхнічным універсітэце, за сем гадоў падмацаваліся ўжо вопытам. Добрае веданне схемы раёна і ўсяго электрычнага абсталявання дапамагае яму ўмела працаваць у любой аварыйнай сітуацыі.
Такія прафесіяналы, як адзначае Уладзімір Куц, — аснова калектыву. Віншуючы энергетыкаў раёна з прафесійным святам, Уладзімір Васільевіч пажадаў усім безаварыйнай работы, дабрабыту ў сем’ях, бо калі дома пануе шчасце, тады і работа ладзіцца.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: дыспетчар Іван Абрамчук праводзіць інструктаж электраманцёра выязной брыгады Віктара Алесіка.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.  

Опубликовано в ГЧ №99 16.12.15

Добавить комментарий


https://best-cooler.reviews

chemtest.com.ua/nastolnie_vesi

https://dekorde.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!